Якраз тое-ж здарылася з ёй і з Тенцетнікавым.
Невыказнае новае пачуццё ўвайшло яму ў душу. Нуднае жыццё яго на момант асвяцілася.
Генерал прымаў спачатку Тенцетнікава досыць добра і прыветліва; але сыйсціся паміж сабой яны не маглі. Размовы іх канчаліся спрэчкамі і нейкім непрыемным адчуваннем з абодвух бакоў, таму што генерал не любіў пярэчанняў. Тенцетнікаў, з свайго боку, таксама быў чалавек вельмі чуллівы. Зразумела, што дзеля дачкі прабачалася шмат што бацьку, і мір у іх трымаўся, пакуль не прыехалі гасціць да генерала сваякі: графіня Балдырова і князёўна Юзякіна, адсталыя фрэйліны ранейшага двара, але ўтрымаўшыя і да гэтага часу сякія-такія сувязі, у выніку чаго генерал перад імі крыху подлічаў. З самага іх прыезду Тенцетнікаву здалося, што ён ставіцца да яго халадней, не заўважаў яго, або абыходзіўся як з асобай бязмоўнай: гаварыў яму неяк пагардліва: даражэнькі, паслухай, браток, і нават ты. Гэта яго, нарэшце, абурыла. Утаймаваўшы сэрца і сцяўшы зубы, ён, аднак-жа, знайшоў сілу волі, каб сказаць надзвычай ветлівым і мяккім голасам, тым часам як плямы выступілі на твары яго і ўсё ў сярэдзіне яго кіпела: «Я дзякую вам, генерал, за прыхільнасць. Словам ты вы мяне вылікаеце на цеснае сяброўства, абавязваючы і мяне гаварыць вам ты. Але розніца ў гадах перашкаджае такому фамільярнаму паміж намі абыходжанню». Генерал збянтэжыўся. Збіраючы словы і думкі, пачаў ён гаварыць, хоць крыху бязладна, што слова ты было ім сказана не ў тым сэнсе, што старому часамі дазваляецца сказаць маладому чалавеку ты (аб чыне сваім ён не ўспамянуў ні слова).
Зразумела, з таго часу знаёмства паміж імі спынілася, і каханне скончылася пры самым пачатку. Пагасла святло, якое на хвіліну было бліснула перад ім, і змярканне, што надышло за гэтым, зрабілася яшчэ больш змрочным. Усё павярнула на жыццё, якое чытач бачыў у пачатку раздзела, на ляжанне і бяздзеянне. У доме завялася брыдота і непарадак. Шчотка для падлогі заставалася на цэлы дзень сярод пакоя разам са смеццем. Панталоны заходзілі нават у гасціную. На прыгожым стале перад канапай ляжалі засаленыя падцяжкі, быццам які пачастунак для гасця, і да таго зрабілася нікчэмным і сонным яго жыццё, што не толькі перасталі паважаць яго дваровыя людзі, але ледзь не клявалі хатнія куры. Узяўшы пяро, бессэнсоўна ён рысаваў на паперы цэлымі гадзінамі рагулькі, домікі, хаты, вазы, тройкі. Але часам, усё забыўшы, пяро рысавала само сабой, без ведама гаспадара, маленькую галоўку з тонкімі рысамі, з хуткім праніклівым позіркам і ўзнятнай пасмай валасоў, і ў здзіўленні бачыў гаспадар, як атрымліваўся партрэт той, з каго не нарысаваў-бы партрэта ніякі мастак. I яшчэ больш сумна рабілася яму і, верачы таму, што няма на зямлі шчасця, заставаўся ён яшчэ больш пасля гэтага нудным і маўклівым.
Такі быў стан душы Андрэя Іванавіча Тенцетнікава. У той час, калі, паводле прызвычаення, падсеў ён да акна паўзірацца звычайным парадкам, але на сваё здзіўленне не чуў ні Грыгорыя, ні Перфільеўны, на дварэ, наадварот, быў некаторы рух і некаторая мітусня. Падкухцік і дваровая дзяўчына беглі адчыняць вароты. У варотах паказаліся коні, акурат, як лепяць, ці рысуюць іх на трыумфальных варотах; морда направа, морда налева, морда пасярэдзіне. Вышэй іх, на козлах — фурман і лакей, у шырокім сурдуце, падперазаны насавой хусткай. За імі пан, у шапцы і шынялі, захутаны ў касынку вясёлкавых колераў. Калі экіпаж выкіраваўся каля ганку, выявілася, што быў ён не што іншае, як рэсорная лёгкая брычка. Пан, незвычайна прыстойнага выгляду, саскочыў на ганак з хуткасцю і спрытам амаль ваеннага чалавека.
Андрэй Іванавіч спужаўся: ён палічыў яго за ўрадавага чыноўніка. Трэба сказаць, што ў маладосці сваёй ён быў замяшаўся ў адну неразумную справу. Два філосафы з гусар, якія начыталіся ўсякіх брашур, ды эстэтык, што не дакончыў вучэбнага курса, ды ігрок, які пратраціўся ўшчэнт, наладзілі нейкае філантрапічнае таварыства, пад вярхоўным кіраўніцтвам старога махляра і масона і таксама карцёжніка, але красамоўнейшага чалавека. Таварыства было закладзена з шырокай мэтай — здабыць трывалае шчасце ўсяму чалавецтву, ад берагоў Тэмзы да Камчаткі. Каса грошай спатрэбілася велізарная; ахвяры збіраліся з велікадушных членаў неймаверныя. Куды гэта ўсё пайшло — ведаў аб гэтым толькі адзін вярхоўны распарадчык. У гэтае таварыства зацягнулі яго два прыяцелі, якія належалі да класа засмучаных людзей, добрыя людзі, але якія, ад частых тостаў у імя навукі, асветы і будучых паслуг чалавецтву, зрабіліся потым фармальнымі п’яніцамі. Тенцетнікаў хутка схамянуўся і вышаў з гэтага кола. Але таварыства паспела ўжо заблытацца ў нейкіх іншых дзеяннях, нават не зусім прыстойных двараніну, так што потым завязаліся справы з паліцыяй... А таму не дзіўна, што, і вышаўшы і парваўшы ўсякія зносіны з імі, Тенцетнікаў не мог, аднак-жа, быць спакойным; на сумленні ў яго было не зусім ёмка. Не без страху глядзеў ён і цяпер як адчыняліся дзверы.