Страх яго, аднак-жа, раптам мінуўся, калі госць раскланяўся са спрытам незвычайным, захоўваючы пачцівае становішча галавы, крыху набок, і ў кароткіх, але ў пэўных словах растлумачыў, што ўжо даўно ён ездзіць па Расіі, да чаго пабуджаюць яго і патрэбы і цікаўнасць; што дзяржава наша вельмі багата прадметамі выдатнымі, ужо не гаворачы пра багацце промыслаў і рознастайнасць глебы; што ён захапіўся маляўнічай мясцовасцю, дзе знаходзіцца яго вёска; што, не гледзячы, аднак-жа, на гэта, ён не адважыўся-б непакоіць яго недарэчным сваім заездам, калі-б не здарылася, з прычыны вясновых разводдзяў і дрэнных дарог, раптоўнай паломкі ў яго экіпажы, якая патрабуе рукі дапамогі з боку кавалёў і майстроў; што пры ўсім гэтым, аднак-жа, калі-б нават і нічога не здарылася з яго брычкай, ён-бы не мог адмовіць сабе ў прыемнасці засведчыць яму асабіста сваё шанаванне.
Скончыўшы прамову, госць, з заваблівай прыемнасцю, падшаркнуў нагой, якая была абута ў франтаўскі лакавы поўбоцік, зашпілены на перламутравыя гузікі, і, не гледзячы на паўнату тулава, адскочыў зараз-жа крыху назад з лёгкасцю гумавага мячыка.
Супакоены Андрэй Іванавіч вырашыў, што гэта павінен быць які-небудзь дапытлівы вучоны прафесар, які ездзіць па Расіі, магчыма, для таго, каб збіраць якія-небудзь расліны або, магчыма, выкапні. Зараз-жа выказаў ён яму ўсякую гатоўнасць садзейнічаць ва ўсім; запрапанаваў сваіх майстроў, калёснікаў і кавалёў, прасіў размясціцца, як у сябе дома; пасадзіў яго ў вялікае вальтэраўскае крэсла і нарыхтаваўся слухаць яго апавяданні з галіны прыродазнаўчых навук.
Госць, аднак-жа, закрануў больш падзеі ўнутранага свету. Прыраўняў сваё жыццё да судна пасярод мораў, якое гоняць адусюль вераломныя вятры; успомніў пра тое, што павінен быў перамяніць многа пасад, што многа пацярпеў за праўду, што нават само жыццё яго было не раз у небяспецы з боку ворагаў, і многа яшчэ расказаў ён такога, што паказвала яго хутчэй як практычнага чалавека. У заканчэнні прамовы, высмаркаўся ён у белую батыставую хустачку так гучна, як Андрэю Іванавічу яшчэ і не здаралася чуць. Часамі трапляецца ў аркестры такая пройда-труба, якая калі рэзне, дык здасца, што грымнула не ў аркестры, але ва ўласным вуху. Такі вось гук пачуўся ў абуджаных пакоях дрымотнага дома, і зараз-жа ўслед за ім павеяў водар адэкалона, які быў непрыкметна пашыраны спрытным патрэсваннем насавой батыставай хустачкі.
Чытач, магчыма, ужо здагадаўся, што госць быў не хто іншы, як наш шаноўны, даўно намі пакінуты Павел Іванавіч Чычыкаў. Ён крыху пастарэў: як відаць, не без бур і трывог быў для яго гэты час. Здавалася, быццам і самы фрак на ім крыху пашарпаўся, і брычка, і фурман, і слуга, і коні, і запрэжка як быццам паабціраліся і пазношваліся. Здавалася, быццам і самыя фінансы нават былі не ў зайздросным стане. Але выраз твару, прыстойнасць, абыходжанне засталіся тыя-ж. Нават як быццам яшчэ прыемнейшы зрабіўся ён ва ўчынках і зваротах, яшчэ спрытней падкладаў пад ножку ножку, калі садзіўся ў крэсла. Яшчэ больш было мяккасці ў яго вымаўленні, асцярожнай памеркаванасці ў словах і выразах, больш умельства трымаць сябе і больш такту ва ўсім. Бялей і чысцей за снег былі на ім каўнерыкі і манішка, і, не гледзячы на тое, што быў ён з дарогі, ні парушынкі не села яму на фрак,—хоць запрашай зараз-жа яго на імянінны абед. Шчокі і падбародак выгалены былі так, што толькі сляпы не мог не палюбавацца прыемнай выпукласцю круглаты іх.
У доме адбылося адразу-ж пераўтварэнне. Палавіна яго дагэтуль сляпая, з забітымі акяніцамі, раптам стала відушчай і азарылася. Усё пачало размяшчацца ў асветленых пакоях, і хутка ўсё набыло такі выгляд: пакой, прызначаны быць спальняй, размясціў у сабе рэчы, неабходныя для начнога туалета; пакой, прызначаны быць кабінетам... але раней неабходна ведаць, што ў гэтым пакоі былі тры сталы: адзін пісьмовы — перад канапай, другі ломберны — паміж вокнамі перад люстэркам, трэці трыкутны — у кутку, паміж дзвярамі ў спальню і дзвярамі ў нежылы зал з інваліднай мэбляй, які служыў цяпер пярэдняй і куды дасюль з год не заходзіў ніхто. На гэтым трыкутным стале размясцілася падаставаная з чамадана вопратка, і іменна: панталоны пад фрак, панталоны новыя, панталоны шэранькія, дзве аксамітныя камізэлькі і дзве атласныя і сурдут. Усё гэта размясцілася адно на другім пірамідкай і накрылася зверху насавой шаўковай хустачкай. У другім кутку, паміж дзвярамі і акном, выстраіліся ў радок боты: адны не зусім новыя, другія зусім новыя, лакіраваныя чаравікі і спальныя. Яны таксама сарамліва завесіліся шаўковай насавой хустачкай, — так, быццам іх там зусім не было. На пісьмовым стале зараз-жа размясціліся: шкатулка, пляшка з адэкалонам, каляндар і два нейкія раманы, абодва другія тамы. Чыстая бялізна змясцілася ў камодзе, што ўжо знаходзіўся ў спальні; бялізна-ж, якую належала аддаць прачцы, звязана была ў вузел і падсунута пад ложак. Спарожнены чамадан быў таксама падсунуты пад ложак. Шабля, якая ездзіла па дарогах, каб наганяць страх на зладзеяў, змясцілася таксама ў спальні, павіснуўшы на цвіку, недалёка ад ложка. Усё набыло выгляд чыстаты і ахайнасці незвычайнай. Нідзе ні паперкі, ні пярынкі, ні парушынкі. Самое паветра неяк палепшылася: у ім умацаваўся прыемны пах здаровага свежага мужчыны, які бялізны не заношвае, у лазню ходзіць і выцірае сябе мокрай губкай па нядзелях. У пярэднім зале спрабаваў быў умацавацца на час пах слугі Пятрушкі, але Пятрушка хутка перамешчаны быў у кухню, як яно і належала.