Выбрать главу

Чычыкаў пабыў усюды. Пагаварыў і паталкаваў і з прыказчыкамі, і з мужыкамі, і з млынаром. Даведаўся пра ўсё, і што, і як, і якім чынам гаспадарка ідзе, і на колькі хлеба прадаецца, і колькі выбіраюць вясной і восенню за мліва мукі, і як зваць кожнага мужыка, і хто з кім сваякі, і дзе купіў карову, і чым корміць свінню, словам—усё. Даведаўся і пра тое, колькі перамерла мужыкоў; выявілася—няшмат... Як разумны чалавек, заўважыў ён раптам, што несамавіта ідзе гаспадарка ў Андрэя Іванавіча: усюды недагляд, нядбайства, зладзейства, нямала і п’янства. I думаў: «Які, аднак-жа, абармот Тенцетнікаў! Такі маёнтак і так запусціць! Можна-б мець пяцьдзесят тысяч гадавога прыбытку».

Не раз, паміж такіх прагулак, прыходзіла яму ў думкі зрабіцца калі-небудзь самому, — г. зн., зразумела, не цяпер, але потым, калі будзе зроблена галоўная справа і будуць сродкі ў руках, — зрабіцца самому мірным уладаром падобнага маёнтка. Тут, зразумела, зараз-жа ўяўлялася яму нават і маладая, свежая, белатварая кабетка, з купецкага ці іншага багатага саслоўя, якая-б нават ведала і музыку. Уяўлялася яму і маладое пакаленне, якое павінна ўвекавечыць фамілію Чычыкавых: хлапчук-гарэза і красуня-дачка, або нават два хлапчукі, дзве і нават тры дзяўчынкі, каб было ўсім вядома, што ён сапраўды жыў і існаваў, а не тое, што прайшоў якім-небудзь ценем ці прывідам па зямлі,—каб не было сорамна і перад айчынай. Тады яму пачынала ўяўляцца нават і тое, што нядрэнна-б і да чына мець некаторы дадатак: стацкі саветнік, напрыклад, чын варты павагі і пашаны... Ці мала чаго не прыходзіць у галаву, пад час прагулак, чалавеку, што чалавека так часта адцягвае ад нуднай цяперашняй хвіліны, варушыць, дражніць, кратае ўяўленне і бывае яму прыемна нават тады, калі ўпэўнены ён сам, што гэта ніколі не здзейсніцца!

Людзям Паўла Іванавіча вёска таксама спадабалася. Яны, таксама як і ён, абжыліся ў ёй. Пятрушка сышоўся вельмі хутка з буфетчыкам Грыгорыем, хоць спачатку яны абодва важнічалі і надзімаліся адзін перад другім страшэнна. Пятрушка пусціў Грыгорыю пыл у вочы сваёй бываласцю ў розных месцах, Грыгорый-жа абсадзіў яго адразу Пецербургам, у якім Пятрушка не быў. Апошні хацеў быў падняцца і выехаць на далёкай адлегласці тых месцаў, у якіх яму давялося пабыць; але Грыгорый назваў яму такое месца, якога ні на адной карце нельга было адшукаць, і налічыў больш за трыццаць тысяч вёрст, так што слуга Паўла Іванавіча зусім асавеў, разявіў рот і быў абсмяяны зараз-жа ўсёй дворняй. Справа, аднак-жа, скончылася паміж імі самай цеснай дружбай. У канцы вёскі Лысы Пімен, дзядзька ўсіх сялян, трымаў карчму, якая мела імя Акулька. У гэтай установе бачылі іх усе гадзіны дня. Там зрабіліся яны сваімі сябрамі, ці тым, што называюць у народзе — карчомныя заўсягдатаі.

У Селіфана была іншагароду прываба. На вёсцы, што ні вечар, спяваліся песні, запляталіся і распляталіся веснавыя карагоды. Пародзістыя стройныя дзеўкі, якіх цяжка ўжо цяпер адшукаць у вялікіх вёсках, прымушалі яго па некалькі гадзін стаяць варонай. Цяжка было сказаць, якая лепшая: ва ўсіх белыя грудзі, белыя шыі, ва ўсіх вочы рэпай, ва ўсіх вочы з павалокай, паходка, як у павы, і каса да пояса. Калі, узяўшыся аберуч за белыя рукі, павольна рушыўся ён з імі ў карагодзе, або выходзіў на іх сцяной, у шэрагу з іншымі хлопцамі, і выходзячы, таксама сцяной насустрач ім, гучна выспеўвалі, усміхаючыся, гарлатыя дзеўкі: «Баяры, пакажыце жаніха!» і ціха цьмянілася наўкруг наваколіца і, разлегшыся далёка за ракой, вярталася сумным назад водгулле спеву, не ведаў ён і сам тады, што з ім рабілася. У сне і на яве, раніцой і змярканнем, усё мроілася яму потым, што ў абодвух руках яго белыя рукі, і рушыцца ён у карагодзе.

Коням Чычыкава спадабалася таксама новае жытло. I каранны, і Засядацель, і сам пярэсты лічылі бытаванне ў Тенцетнікава зусім не нудным, авёс выдатным, а размяшчэнне стайняў незвычайна зручным: у кожнага стойла, хоць і адгароджанае, але праз загародкі можна было бачыць і іншых коней, так што, калі-б з’явілася ў каго-небудзь з іх, нават самага далёкага, ахвота раптам заірзаць, можна было-б адразу адказаць яму тым-жа.

Словам, усе абжыліся, як дома. Што-ж тычыцца той патрэбы, дзеля якой Павел Іванавіч аб’язджаў прасторную Расію, гэта значыць — мёртвых душ, дык наконт гэтага прадмета ён зрабіўся вельмі асцярожным і далікатным, калі-б нават давялося весці справу з круглымі дурнямі. Але Тенцетнікаў, як-бы там ні было, чытае кнігі, філасофствуе, стараецца вытлумачыць сабе розныя прычыны ўсяго — навошта і чаму? «Не, лепш пашукаць, ці нельга з другога канца». Так думаў ён. Гутарачы часта з дваровымі людзьмі, ён, між іншым, ад іх даведаўся, што пан ездзіў часта да суседа-генерала, што ў генерала паненка, што пан быў да паненкі, дый і паненка таксама да пана... але потым раптам за штосьці завяліся і разышліся. Ён заўважыў і сам, што Андрэй Іванавіч алоўкам і пяром усё рысаваў нейкія галоўкі, падобныя адна да другой.