«У такім выпадку, я так паеду да генерала».
«Чаго?» запытаў Тенцетнікаў, гледзячы ў здзіўленні яму ў вочы.
«Засведчыць шанаванне».
«Дзіўны чалавек гэты Чычыкаў!» падумаў Тенцетнікаў.
«Дзіўны чалавек гэты Тенцетнікаў!» падумаў Чычыкаў.
«Я заўтра-ж, Андрэй Іванавіч, каля дзесяці гадзін раніцы і паеду да яго. Па-мойму, чым хутчэй засведчыць шанаванне чалавеку, тым лепш. Паколькі брычка мая яшчэ не ў належным стане, дазвольце мне ўзяць у вас каляску. Я заўтра-ж, гэтак каля дзесяці гадзін раніцы, і з’ездзіў-бы да яго».
«Даруйце, што за просьба? Вы поўны гаспадар: і экіпаж, і ўсё да вашых паслуг».
Пасля такой размовы, яны развіталіся і разышліся спаць, разважаючы пра дзівацтва адзін другога.
Дзіўная, аднак-жа, справа! На другі дзень, калі падалі Чычыкаву коней і ўскочыў ён у каляску з лёгкасцю амаль ваеннага чалавека, апрануты ў новы фрак, белы гальштук і камізэльку, і пакаціўся сведчыць шанаванне генералу, Тенцетнікава ахапіла такое хваляванне духу, якога ён даўно не зазнаваў. Увесь гэты іржавы і дрэмлючы ход яго думак ператварыўся ў дзейна-неспакойны. Нервовая ўзрушанасць апанавала ўсе пачуцці паглыбленага дасюль у бесклапотную ляноту абібока. То садзіўся ён на канапу, то падыходзіў да акна, то браўся за кнігу, то хацеў думаць — дарэмнае жаданне! думка не лезла яму ў галаву. То стараўся ні пра што не думаць — дарэмныя высілкі! урыўкі чагосьці, падобнага да думак, канцы і хвосцікі думак лезлі і адусюль наклёўваліся яму ў галаву. «Дзіўны стан!» сказаў ён і падсунуўся да акна глядзець на дарогу, што прарэзвала дуброву, у канцы якой яшчэ курыўся, не паспеўшы асесці, пыл. Але, пакінем Тенцетнікава, рушым следам за Чычыкавым.
РАЗДЗЕЛ II
Добрыя коні за нейкія поўгадзіны праймчалі Чычыкава праз дзесяцівёрстную прастору; спачатку дуброваю, потым праз збожжа, якое пачынала зелянець пасярод свежай раллі, потым чорнай ускраінай, з якой штохвілінна адкрываліся краявіды ў далечыню; потым шырокай алеяй ліп, ледзь пачынаўшых развівацца, прымчалі яго ў самую сярэдзіну вёскі. Тут алея ліп звярнула направа і, ператварыўшыся ў вуліцу таполяў, абгароджаных знізу плеценымі кошыкамі, уперлася ў чыгунныя скразныя вароты, праз якія выглядаў кучаравы багаты разьбяны франтон генеральскага дома, што абапіраўся на восем карынфскіх калон. Адусюль тхнула маслянай фарбай, якая ўсё абнаўляла і нічаму не давала састарыцца. Двор чыстатой быў падобны да паркета. З пашанай саскочыў Чычыкаў, загадаў аб сабе далажыць генералу і быў уведзены да яго проста ў кабінет. Генерал здзівіў яго велічным выглядам. Ён быў у атласным пікаваным халаце раскошнага пурпуру. Адкрыты позірк, мужны твар, вусы і вялікія бакенбарды з сівізной, стрыжка на патыліцы нізкая, пад грэбянец, шыя ззаду тоўстая, што называецца ў тры паверхі, або ў тры столкі, са шчылінай упоперак: словам — гэта быў адзін з тых карцінных генералаў, на якіх так багаты быў славуты 12-ы год. Генерал Бетрышчэў, як і шмат хто з нас, змяшчаў у сабе пры кучы вартасцей і кучу недахопаў. Тое і другое, як водзіцца ў рускім чалавеку, было накідана ў яго ў нейкім маляўнічым беспарадку. У рашучыя хвіліны — велікадушнасць, смеласць, бязмежная шчодрасць, розум ва ўсім і, у дамешак да гэтага, капрызы, чэсталюбства, самалюбства, і тыя дробныя асаблівасці, без якіх не абыходзіцца ніводзін рускі, калі ён сядзіць без справы і няма рашуч.... Ён не любіў усіх, хто вышаў наперад яго па службе, і адгукаўся аб іх уедліва ў калючых эпіграмах. Больш за ўсё перападала яго ранейшаму таварышу, якога лічыў ён ніжэй за сябе і розумам, і здольнасцямі, і які, аднак-жа, абагнаў яго і быў ужо генерал-губернатарам двух губерняў, і, як назнарок, тых, дзе знаходзіліся яго маёнткі, так што ён апынуўся нібыта ў залежнасці ад яго. Помсцячы, ён калоў яго пры кожным выпадку, ганьбіў усякае распараджэнне і бачыў ва ўсіх захадах і дзеяннях яго верх неразумнасці. У ім было ўсё неяк дзіўна, пачынаючы з асветы, якой ён быў прыхільнік і абаронца, любіў таксама ведаць тое, чаго іншыя не ведаюць, і не любіў тых людзей, якія ведаюць што-колечы такое, чаго ён не ведае.
Словам, ён любіў павыхваляцца розумам. Выхаваны напоўзамежным выхаваннем, ён хацеў адыграць у той-жа час ролю рускага пана. I не дзіўна, што з такой няроўнасцю ў характары, з такімі буйнымі, яркімі супроцьлегласцямі, ён павінен быў немінуча сустрэць мноства непрыемнасцей па службе, у выніку якіх і пайшоў у адстаўку, абвінавачваючы ва ўсім нейкую варожую партыю і не маючы велікадушнасці абвінаваціць у чымсьці самога сябе. У адстаўцы захаваў ён тую-ж карцінную велічную паставу. Ці ў сурдуце, ці ў фраку, ці ў халаце — ён быў усё той-жа. Ад голасу да найменшага руху цела, у ім усё было ўладарнае, загаднае, што выклікала ў ніжэйшых чынах калі не павагу, дык прынамсі боязнь.