Выбрать главу

«Рэкамендую вам маю дуронніцу!» сказаў генерал, звяртаючыся да Чычыкава. Аднак-жа прозвішча вашага, імя і імя па бацьку да гэтага часу не ведаю».

«Ды і ці павінна быць вядома імя і прозвішча чалавека, які не адзначыў сябе доблесцямі?» сказаў скромна Чычыкаў, нахіліўшы галаву набок.

«Усё-ж, аднак-жа, трэба ведаць...»

«Павел Іванавіч, ваша прэвасхадзіцельства», сказаў Чычыкаў, пакланіўшыся са спрытам амаль ваеннага чалавека і адскочыўшы назад з лёгкасцю гумавага мячыка.

«Улінька!» сказаў генерал, звярнуўшыся да дачкі: «Павел Іванавіч зараз сказаў вельмі цікавую навіну. Сусед наш Тенцетнікаў зусім не такі дурны чалавек, як мы меркавалі. Ён займаецца досыць важнай справай: гісторыяй генералаў дванаццатага года».

«Ды хто-ж думаў, што ён дурны чалавек?» прагаварыла яна хутка. «Хіба адзін толькі Вішнепакромаў, якому ты верыш, які і пусты і нізкі чалавек!»

«Чаму-ж нізкі? Ён пуставаты, гэта праўда», сказаў генерал.

«Ён падлаваты і паганы, не толькі што пуставаты. Хто так пакрыўдзіў сваіх братоў і выгнаў з дому родную сястру, той паганы чалавек».

«Ды гэта-ж расказваюць толькі».

«Такіх рэчаў расказваць не будуць дарэмна. Я не разумею, бацька, як з такой добрай душой, як у цябе, і такім рэдкім сэрцам ты будзеш прымаць чалавека, каторы як неба ад зямлі ад цябе, пра каторага сам ведаеш, што ён кепскі».

«Вось гэтак, вы бачыце», сказаў генерал, усміхаючыся, Чычыкаву, «вось гэтак мы заўсёды з ёй спрачаемся». I, звярнуўшыся да дачкі, гаварыў далей:

«Душа мая! Аднак-жа мне-ж не прагнаць яго?»

«Навошта праганяць? Але навошта і выказваць яму такую ўвагу? навошта і любіць?»

Тут Чычыкаў знайшоў патрэбным уставіць і ад сябе слова.

«Усе патрабуюць да сябе любві, сударыня», сказаў Чычыкаў. «Што-ж рабіць? I жывёлінка любіць, каб яе пагладзілі; праз хлеў прасадзіць для гэтага морду: на, пагладзь!»

Генерал засмяяўся. «Іменна прасадзіць морду: пагладзь яго!.. Ха, ха, ха. У яго не толькі рыла ўсё, увесь, увесь загрывак у сажы, а таксама патрабуе, як кажуць, заахвочвання... Ха, ха, ха, ха!» I тулава генерала пачало гойдацца ад смеху. Плечы, якія насілі некалі густыя эпалеты, трэсліся, як быццам сапраўды насілі і дасюль густыя эпалеты.

Чычыкаў таксама разрадзіўся выклічнікамі смеху, але з павагі да генерала, пусціў іх на літару е: хе, хе, хе, хе, хе. I тулава яго таксама пачало гойдацца ад смеху, хоць плечы і не трэсліся, таму што не насілі густых эпалет.

«Абрабуе, абкрадзе казну ды яшчэ і, шэльма, узнагарод просіць! Нельга, кажа, без заахвочвання, працаваў... Ха, ха, ха, ха!»

Хваравітае пачуццё з’явілася на высокародным, мілым твары дзяўчыны. «Ах, тата! Я не разумею, як ты можаш смяяцца! На мяне гэтыя несумленныя ўчынкі наводзяць сум і нічога больш. Калі я бачу, што на вачах ва ўсіх творыцца ашуканства і не караюцца гэтыя людзі агульнай пагардай, я не ведаю, што са мной робіцца, я на той час раблюся злой, нават дрэннай; я думаю, думаю...» I ледзь не заплакала сама.

«Толькі, калі ласка, не гневайся на нас», сказаў генерал. «Мы тут ні ў чым не вінаваты. Ці не праўда?» сказаў ён, звяртаючыся да Чычыкава. «Пацалуй мяне і ідзі да сябе. Я зараз буду апранацца к абеду. Ты-ж», сказаў ён, паглядзеўшы Чычыкаву ў вочы: «спадзяюся, абедаеш у мяне?»

«Калі толькі, ваша прэвасхадзіцельства...»

«Без чыноў, што тут? Я-ж яшчэ, дзякуй богу, магу накарміць. Капуста ёсць».

Спрытна выкінуўшы абедзве рукі наводлет, Чычыкаў удзячна і з пашанай нахіліў галаву ўніз, так што на нейкі час зніклі з яго позірку ўсе прадметы ў пакоі, і былі відаць яму толькі адны наскі сваіх уласных чаравікаў. Калі-ж, прабыўшы некалькі часу ў такім пачцівым становішчы, прыўзняў ён галаву зноў угору, ён ужо не бачыў Улінькі. Яна знікла. Замест яе з’явіўся, з густымі вусамі і бакенбардамі, волат-камердынер, з срэбранай міскай і рукамыйнікам у руках.