Выбрать главу

«Дзівак гэты Кашкароў», думаў ён сам сабе.

«А вось і я тут!» прагучэў голас з боку. Чычыкаў азірнуўся. Пан ужо ехаў каля яго, апрануты: травяніста-зялёны нанкавы сурдут, жоўтыя штаны, і шыя без гальштука, на манер купідона! Сядзеў ён бокам на дрожках, заняўшы сабой усе дрожкі. Ён хацеў быў штосьці сказаць яму, але таўстун ужо знік. Дрожкі паказаліся зноў на тым месцы, дзе выцягвалі рыбу. Пачуліся зноў галасы: «Фама Большы ды Фама Меншы! Казьма ды Дзяніс!» Калі-ж пад’ехаў ён да ганка дома, да найвялікшага здзіўлення яго, тоўсты пан быў ужо на ганку і прыняў яго ў свае абдымкі. Як ён паспеў так злётаць—было незразумела. Яны пацалаваліся па старому рускаму звычаю, тройчы накрыж: пан быў старога пакрою.

«Я прывёз вам паклон ад яго прэвасхадзіцельства», сказаў Чычыкаў.

«Ад якога прэвасхадзіцельства?»

«Ад вашага сваяка, ад генерала Аляксандра Дзмітрыевіча».

«Хто гэта Аляксандр Дзмітрыевіч?»

«Генерал Бетрышчэў», адказаў Чычыкаў з некаторым здзіўленнем.

«Незнаёмы», сказаў ён са здзіўленнем.

Чычыкава ахапіла яшчэ большае здзіўленне.

«Як-жа гэта? Я спадзяюся, прынамсі, што маю прыемнасць гаварыць з палкоўнікам Кашкаровым?»

«Не, не спадзявайцеся. Вы прыехалі не да яго, а да мяне. Пётр Пятровіч Пятух! Пятух Пётр Пятровіч!» падхапіў гаспадар.

Чычыкаў аслупянеў. «Як-жа?» звярнуўся ён да Селіфана і Пятрушкі, якія таксама абодва разявілі рот і вылупілі вочы, адзін седзячы на козлах, другі стоячы каля дзверцаў каляскі. «Як-жа вы, дурні? Вам-жа сказана: да палкоўніка Кашкарова... А гэта-ж Пётр Пятровіч Пятух...»

«Хлопцы зрабілі добра. Ідзіце на кухню: там вам дадуць па чарцы гарэлкі!», сказаў Пётр Пятровіч Пятух. «Адпрагайце коні і ідзіце зараз-жа ў людскую!»

«Мне няёмка, такая нечаканая памылка...» казаў Чычыкаў.

«Не памылка. Вы раней пакаштуйце, які абед, ды потым скажаце: ці памылка гэта? Пакорна прашу», сказаў Пятух, узяўшы Чычыкава пад руку і ўводзячы яго ва ўнутраныя пакоі. З пакояў вышлі ім насустрач два юнакі, у летніх сурдутах,— тонкія, як лазовыя дубцы, на цэлы аршын выгнала іх угору вышэй бацькавага росту.

«Сыны мае, гімназісты, прыехалі на святы... Нікалаша, ты пабудзь з гасцём; а ты, Алексаша, ідзі за мной». Сказаўшы гэта, гаспадар знік.

Чычыкаў заняўся Нікалашам. Нікалаша, здаецца, быў будучы чалавек-дрэнь. Ён расказаў адразу-ж Чычыкаву, што ў губернскай гімназіі няма ніякай выгады вучыцца, што яны з братам хочуць ехаць у Пецербург, бо правінцыя не варта таго, каб у ёй жыць...

«Разумею», падумаў Чычыкаў: «скончыцца справа кандытарскімі ды бульварамі...» — «А што?» — запытаў ён уголас: «у якім становішчы маёнтак вашага бацькі?»

«У закладзе», сказаў на гэта сам бацька, які зноў апынуўся ў гасцінай: «у закладзе».

«Дрэнна», падумаў Чычыкаў. «Гэтак хутка не застанецца ні аднаго маёнтка. Трэба спяшацца». — «Дарэмна, аднак-жа», сказаў ён з выглядам спачування: «паспяшаліся закласці».

«Не, нічога», сказаў Пятух. «Кажуць, выгадна. Усе закладаюць: як-жа адставаць ад іншых? Да таго-ж усё жыў тут: давай яшчэ паспрабую пажыць у Маскве. Вось сыны таксама ўгаварваюць, хочуць асветы сталічнай».

«Дурань, дурань!» думаў Чычыкаў: «прашэйгае ўсё, ды і дзяцей зробіць шэйгунамі. Маёнтак ніштаваты. Паглядзіш — і мужыкам добра, і ім нядрэнна. А як адукуюцца там каля рэстаранаў ды па тэатрах, — усё пойдзе к чорту. Жыў-бы сабе, кулябяка, у вёсцы.

«А я-ж ведаю, што вы думаеце?» сказаў Пятух.

«Што?» сказаў Чычыкаў, збянтэжыўшыся.

«Вы думаеце: «Дурань, дурань гэты Пятух: запрасіў абедаць, а абеду да гэтага часу няма». Будзе гатоў, шаноўнейшы. Не паспее стрыжаная дзеўка касу заплесці, як ён згатуецца».

«Бацюхна! Платон Міхалыч едзе!» сказаў Алексаша, гледзячы ў акно.

«Верхам на гнядым кані!» падхапіў Нікалаша, нагінаючыся да акна.

«Дзе, дзе?» закрычаў Пятух, падышоўшы да акна.

«Хто гэта Платон Міхайлавіч?» запытаў Чычыкаў у Алексашы.

«Сусед наш, Платон Міхайлавіч Платонаў, цудоўны чалавек, выдатны чалавек», сказаў сам Пятух.

Тым часам увайшоў у пакой сам Платонаў, прыгажун, стройнага росту, з светларусымі бліскучымі валасамі, якія завіваліся ў кудзеры. Пагрымліваючы медзяным нашыйнікам, мардасты пёс, сабака-страхоцце, імем Ярб, увайшоў следам за ім.

«Абедалі?» запытаў гаспадар.

«Абедаў».

«Што-ж вы смяяцца, ці што, прыехалі з мяне? Што мне ад вас пасля абеда?»

Госць, усміхнуўшыся, сказаў: «Пацешу вас тым, што нічога не еў: зусім няма апетыту».

«А які быў улоў, калі-б вы бачылі! Які асятрышча трапіў! Якія карасішчы, карпішчы якія!»