«Нават слухаць вас крыўдна. Чаму вы заўсёды такі вясёлы?»
«Ды чаго нудзіцца? даруйце!» сказаў гаспадар.
«Як чаго нудзіцца? — таму, што нудна».
«Мала ясцё, вось і ўсё. Спрабуйце вось добра паабедаць. Гэта-ж у апошнія часы выдумалі нуду; раней ніхто не нудзіўся».
«Ды хопіць хваліцца! Быццам вы ніколі не нудзіліся?»
«Ніколі! Дый не ведаю, нават і часу няма для нуды. Раніцай прачнешся — тут-жа зараз кухар, трэба заказваць абед, тут прыказчык, там рыбу лавіць, а тут і абед. Па абедзе не паспееш храпануць — зноў кухар, трэба заказваць вячэру; тут прышоў кухар — заказваць трэба на заўтра абед... Калі-ж нудзіцца?»
Праз увесь час размовы Чычыкаў разглядаў гасця, які здзіўляў яго сваёй прыгажосцю, стройным, карцінным ростам, свежасцю нерастрачанага юнацтва, некранёнай чысцінёй ні адным прышчыкам незганьбаванага твару. Ні страсці, ні смутак, ні нават штосьці падобнае да хвалявання і непакою не адважваліся зачапіць яго некранёнае аблічча і пакласці на ім зморшчку, але разам з гэтым і не ажывілі яго. Яно заставалася нейкім сонным, не гледзячы на іранічную ўсмешку, якая часамі яго ажыўляла.
«Я таксама, калі дазволіце заўважыць», сказаў ён: «не магу зразумець, як, маючы такі выгляд, як ваш, нудзіцца. Вядома, калі нястача грошай, або ворагі, як ёсць часамі такія, што гатовы зрабіць замах нават на самое жыццё...»
«Дайце веры», перапыніў прыгажун-госць: «што для рознастайнасці я-б жадаў часамі мець якую-небудзь трывогу: ну, хоць-бы хто раззлаваў мяне — і таго няма. Нудна, дый годзе».
«Значыцца, нястача зямлі ў маёнтку, малая колькасць душ?»
«Аніяк. У нас з братам зямлі тысяч дзесяць дзесяцін і пры іх больш за тысячу чалавек сялян».
«Дзіўна, не разумею. Але, магчыма, неўраджаі, хваробы? Многа памерла мужчынскага полу людзей?»
«Наадварот, усё ў найлепшым парадку, і брат мой выдатнейшы гаспадар».
«I пры гэтым нудзіцца! не разумею», сказаў Чычыкаў і паціснуў плячамі.
«А вось мы нуду зараз прагонім», сказаў гаспадар. «Бяжы, Аляксаша, хутчэй у кухню і скажы кухару, каб хутчэй прыслаў нам расцягайчыкаў. Ды дзе-ж разява Емельян і злодзей Антошка? Чаму не даюць закускі?»
Але дзверы расчыніліся. Разява Емельян і злодзей Антошка з’явіліся з сарвэткамі і накрылі стол, паставілі паднос з шасцю графінамі рознакаляровых настоек. Хутка вакол падносаў і графінаў абстанавілася ажарэлле талерак з розным узбуджальным ежывам. Слугі паварочваліся спрытна, бесперапынку прыносячы штосьці ў накрытых талерках, праз якія чуваць было бурчаўшае масла. Разява Емельян і злодзей Антошка ўпраўляліся выдатна. Назвы гэтыя былі ім дадзены так толькі — для заахвочвання. Пан быў зусім не ахвотнік лаяцца, ён быў добрая душа; але ўжо рускі чалавек ніяк без вострага слова не абыйдзецца. Яно яму патрэбна, як чарка гарэлкі для страўнасці жывата. Што-ж рабіць? такая натура: нічога прэснага не любіць.
Следам за закускай ішоў абед. Тут дабрадушны гаспадар зрабіўся сапраўдным разбойнікам. Ледзь заўважаў у каго адзін кавалак—падкладаў яму зараз-жа другі, прыгаварваючы: «Без пары ні чалавек, ні птушка не могуць жыць на свеце». У каго два — падвальваў яму трэці, прыгаварваючы: «Што за лік два? Бог тройцу любіць». З’ядаў госць тры—ён яму: «Дзе-ж бывае воз з трыма коламі? Хто-ж будуе хату на тры куты?» На чатыры ў яго была таксама прымаўка, на пяць — зноў. Чычыкаў з’еў чагосьці ледзь не дванаццаць кавалкаў і думаў: «Ну, цяпер нічога больш не дабярэ гаспадар». Але дзе там: гаспадар, не кажучы ні слова, паклаў яму на талерку хрыбтовую частку цяляці, смажанага на ражне, з почкамі, дый якога цяляці!
«Два гады гадаваў на малацэ», сказаў гаспадар: «даглядаў, як сына!»
«Не магу», сказаў Чычыкаў.
«Вы пакаштуйце, ды потым скажыце: не магу».
«Не ўлезе, месца няма».
«Ды і ў царкве-ж не было месца, увайшоў гараднічы — знайшлося. А была такая цісканіна, што і яблыку не было дзё ўпасці. Вы толькі пакаштуйце: гэты кавалак той-жа гараднічы».
Пакаштаваў Чычыкаў — сапраўды, кавалак быў накшталт гараднічага: знайшлося яму месца, а здавалася, нічога нельга было змясціць.
«Ну, як гэтакаму чалавеку ехаць у Пецербург або Маскву? З такім хлебасольствам ён там за тры гады пражывецца ўшчэнт!» Гэта значыць, ён не ведаў таго, што цяпер гэта ўдасканалена: і без хлебасольства можна ўсё спусціць не за тры гады, а за тры месяцы.
Ён раз-по-разу падліваў ды падліваў: чаго-ж не дапівалі госці, даваў дапіць Аляксашу і Нікалашу, якія так і кулялі чарку за чаркай; загадзя было відаць, на якую частку чалавечых пазнанняў звернуць яны ўвагу, прыехаўшы ў сталіцу. З гасцямі было не тое; насілу перацягнуліся яны на балкон і насілу размясціліся ў крэслах. Гаспадар, як сеў у сваё нейкае шырачэзнае, нібыта для чатырох асоб, дык тут-жа і заснуў. Тлустая ўласнасць яго, ператварыўшыся ў кавальскі мех, пачала выпускаць праз разяўлены рот і насавыя прадухі такія гукі, якія мала калі прыходзяць у галаву таму ці іншаму аўтару: і барабан, і флейта, і нейкі адрывісты гул, быццам сабачы брэх.