Выбрать главу

«Бач, як высвіствае!» сказаў Платонаў.

Чычыкаў засмяяўся.

«Зразумела, калі так паабедаеш, як тут прыйсці нудзе! Тут сон прыдзе — ці не праўда?»

«Так. Але я, аднак-жа, — вы выбачце мне, — не магу зразумець, як можна нудзіцца. Супроць нуды ёсць так многа сродкаў».

«Якія-ж?»

«Ды ці мала для маладога чалавека? Танцаваць, іграць на якім-небудзь інструменце... а не гэта—дык жаніцца».

«З кім?»

«Ды быццам у акрузе няма добрых і багатых нявест?»

«Ды няма».

«Ну, пашукаць у іншых месцах, паездзіць». I багатая думка бліснула раптам у галаве Чычыкава. «Ды вось цудоўны сродак!» сказаў ён, гледзячы ў вочы Платонаву.

«Які?»

«Падарожжа».

«Куды-ж ехаць?»

«Ды калі вы вольны, дык паедзем са мной», сказаў Чычыкаў і падумаў сам сабе, гледзячы на Платонава: «А гэта было-б добра. Тады-б можна выдаткі папалам, а рамонт каляскі адлічыць зусім на яго кошт».

«А вы куды едзеце?»

«Пакуль што еду я не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе іншага. Генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў... Вядома, сваякі сваякамі; але крыху, так сказаць, і для самога сябе: бо бачыць свет, колазварот людзей — што хто ні кажы, гэта як-бы жывая кніга, другая навука». I, сказаўшы гэта, думаў Чычыкаў тым часам так: «Дапраўды, было-б добра. Можна нават і ўсе выдаткі на яго кошт, нават і паехаць на яго конях, а мае-б падкарміліся ў яго вёсцы».

«Чаму-ж не праехацца?» думаў тымчасам Платонаў. — «Дома-ж мне і рабіць няма чаго, гаспадарка і так на руках у брата; значыць, бязладдзя ніякага не будзе. Чаму-ж сапраўды не праехацца!» — «А ці вы згодзіцеся», сказаў ён уголас: «пагасціць у брата дзянькі два? Інакш ён мяне не адпусціць».

«З вялікай прыемнасцю, хоць тры».

«Ну, дык па руках! едзем!» сказаў, ажывіўшыся, Платонаў.

Яны стукнулі па руках. «Едзем!»

«Куды, куды?» закрычаў гаспадар, прачнуўшыся і вылупіўшы на іх вочы. — «Не, паночкі! і колы ў калясцы загадана зняць, а вашага жарабца, Платон Міхайлыч, загналі адсюль за пятнаццаць вёрст. Не, вось вы сёння пераначуйце, а заўтра пасля ранняга абеда і едзьце сабе».

Што было рабіць з Петухом? Трэба было застацца. Затое ўзнагароджаны былі яны дзівосным вясновым вечарам. Гаспадар наладзіў гулянне на рацэ. Дванаццаць веслаўшчыкоў, у дваццаць чатыры вяслы, з песнямі, панеслі іх па гладкім хрыбце люстранага возера. З возера яны пранесліся ў раку, бязмежную, з пакатымі берагамі на абодва бакі, безупынна праходзячы пад нацягнутыя ўпоперак ракі канаты для лоўлі. Хоць-бы струменьчыкам варухнуліся воды; толькі бязгучна з’яўляліся перад імі, адзін за адным, малюнкі, і гай за гаем цешыў вочы рознастайным размяшчэннем дрэў. Веслаўшчыкі, хапіўшы разам у дваццаць чатыры вяслы, уздымалі раптам усе вёслы ўгору — і кацер, сам сабой, як лёгкая птушка, імкнуўся па нерухомай люстранай паверхні. Хлопец-запявала, плячысты хлапчына, трэці ад руля, пачынаў чыстым, звонкім голасам, выводзячы як быццам з салаўінага горла пачынальныя запевы песні; пяцёра падхоплівала, шасцёра выносіла, і разлівалася яна, бязмежная, як Русь. I Пятух, устрапянуўшыся, прыгаркваў, паддаючы, дзе нехапала ў хора сілы, і сам Чычыкаў адчуваў, што ён рускі. Адзін толькі Платонаў думаў: «Што добрага ў гэтай сумнай песні? Ад яе яшчэ большы смутак находзіць на душу».

Вярталіся назад ужо ў змроку. У цемры білі вёслы па водах, якія ўжо не адлюстроўвалі неба. У цемры прысталі яны да берага, па якім раскладзены былі агні; на трыножках рыбакі варылі юшку з жывых трапяткіх яршоў. Усё ўжо было дома. Вясковая жывёла і птушка ўжо даўно была прыгнана, і пыл ад яе ўжо асеў, і пастухі, якія прыгналі іх, стаялі каля варот, чакаючы збанка малака і запросін на юшку. У змярканні чуўся ціхі гоман людской, брэх сабак, які далятаў аднекуль з чужых вёсак. Месяц уздымаўся, і пачалі азарацца пацямнеўшыя аколіцы, і ўсё азарылася. Цудоўныя малюнкі! Але не было каму любавацца імі. Нікалаша і Аляксаша, замест таго, каб праімчацца ў гэты час перад імі на двух порсткіх жарабцах навыперадкі адзін з другім, думалі пра Маскву, пра кандытарскія, пра тэатры, пра якія нагаварыў ім заехаўшы з сталіцы кадэт; бацька іх думаў пра тое, як-бы абкарміць сваіх гасцей; Платонаў пазяхаў. Жвавей за ўсіх быў Чычыкаў: «Эх, дапраўды! Прыдбаю калі-небудзь вёсачку!» I пачалі яму ўяўляцца і кабетка, і Чычонкі.