«Ды мы ўжо меркавалі пра гэта, Канстанцін Фёдаравіч. Ужо гэта і старыя кажуць: што гаварыць! у вас-жа кожны мужык багаты: гэта ўжо не дарма; і свяшчэннікі такія спагадлівыя. А ў нас-жа і тых забралі і хаваць няма каму».
«Усё-ж ідзі і перагавары».
«Слухаю».
«Дык ужо таго, Канстанцін Фёдаравіч, ужо зрабіце ласку... скіньце крыху», гаварыў заезджы кулак у сіняй сібірцы, які ішоў з другога боку.
«Ужо я сказаў: таргавацца я не ахвотнік. Я не тое, што іншы памешчык, да якога ты пад’едзеш пад самы тэрмін выплаты ў ламбард. Я-ж вас ведаю ўсіх: у вас ёсць спісы ўсіх, каму калі належыць плаціць. Што-ж тут цяжкага? Яму прыспічыць, ну, ён табе і аддасць за поўцаны. А мне што твае грошы? У мяне рэч хоць тры гады ляжы: мне ў ламбард не трэба плаціць».
«Праўду кажаце, Канстанцін Фёдаравіч. Ды я-ж таго вось, таму толькі, каб і далей мець з вамі дачыненне, а не дзеля якой карысці. Тры тысячы задатачку прыміце, калі ласка». Кулак дастаў з-за пазухі пук засаленых асігнацый. Кастанжогла вельмі абыякава ўзяў іх і, не пералічваючы, запхнуў у задні кішэнь свайго сурдута.
«Гм!» падумаў Чычыкаў: «якраз як насавую хустачку!» Кастанжогла паказаўся ў дзвярах гасцінай. Ён яшчэ больш здзівіў Чычыкава смуглявасцю твару, жорсткасцю чорных валасоў, дзе-ні-дзе заўчасна пасівелых, жывым выразам вачэй і нейкім жоўчным адбіткам палкага паўднёвага паходжання.
Ён быў не зусім рускі. Ён сам не ведаў, адкуль вышлі яго продкі. Ён не займаўся сваім родаслоўем, лічачы, што гэта не належыць да справы і ў гаспадарцы рэч непатрэбная. Ён думаў, што ён рускі, дый мовы іншай не ведаў, апрача рускай.
Платонаў прадставіў Чычыкава. Яны пацалаваліся.
«Я, каб вылечыцца ад хандры, надумаў, Канстанцін, праехацца па розных губерніях», сказаў Платонаў: «і вось Павел Іванавіч прапанаваў ехаць з ім».
«Цудоўна», сказаў Кастанжогла. «У якія-ж месцы?» гаварыў ён далей, прыветліва звяртаючыся да Чычыкава: «мяркуеце цяпер накіравацца?»
«Прызнаюся», сказаў Чычыкаў, прыветліва нахіліўшы галаву набок і ў той-жа час пагладжваючы рукой ручку крэсла: «еду я, пакуль што, не столькі па сваёй патрэбе, колькі па патрэбе другога: генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель, і, можна сказаць, дабрадзей, прасіў наведаць сваякоў. Сваякі, вядома, сваякамі, але, з другога боку, так сказаць, і для самога сябе; таму што, сапраўды, не кажучы ўжо пра карысць, якая можа быць у гемараідальных адносінах, пабачыць свет, колазварот людзей — ёсць, так сказаць, жывая кніга, тая-ж навука».
«Так, завітаць у некаторыя куткі не шкодзіць».
«Надзвычай добра мелі ласку заўважыць: іменна ісцінна, сапраўды не шкодзіць. Бачыш рэчы, якіх-бы не бачыў; сустракаеш людзей, якіх-бы не сустрэў. Размова з некаторым той-жа чырвонец, як вось, напрыклад, цяпер трапіўся выпадак... Да вас звяртаюся, паважанейшы Канстанцін Фёдаравіч, навучыце, навучыце, напаіце прагу маю ўразуменнем ісціны. Чакаю, як манны, салодкіх слоў вашых».
«Чаму, аднак-жа?.. чаму навучыць?» сказаў Кастанжогла, збянтэжыўшыся. «Я і сам вучыўся на мядзяныя грошы».
«Мудрасці, паважанейшы, мудрасці, — мудрасці кіраваць цяжкім стырном сельскай гаспадаркі, мудрасці здабываць прыбыткі пэўныя, набыць маёмасць не ў лятунках, а ў сапраўднасці, выконваючы гэтым абавязак грамадзяніна, заслужваючы павагу суайчыннікаў».
«Ці ведаеце што», сказаў Кастанжогла, гледзячы на яго ў разважанні: «застаньцеся на дзень у мяне. Я пакажу вам усё кіраўніцтва і раскажу пра ўсё. Мудрасці тут, як вы ўбачыце, ніякай няма».
«Вядома, застаньцеся», сказала гаспадыня і, звяртаючыся да брата, дадала: «Брат, заставайся: куды табе спяшацца?»
«Мне ўсёроўна. Як Павел Іванавіч?»
«Я таксама, я з вялікай прыемнасцю... Але вось акалічнасць: сваяк генерала Бетрышчэва, нейкі палкоўнік Кашкароў...»
«Ды ён-жа вар’ят».
«Гэта так, вар’ят. Я-б да яго і не ехаў, але генерал Бетрышчэў, блізкі прыяцель і, так сказаць, дабрадзей...»
«У такім выпадку ведаеце што?» сказаў [Кастанжогла]: «едзьце, да яго і дзесяці вёрст няма. У мяне стаяць гатовыя пралёткі—едзьце да яго зараз-жа. Вы паспееце да чаю вярнуцца назад».
«Надзвычай добрая думка!» ускрыкнуў Чычыкаў, узяўшы капялюш.
Пралёткі былі яму пададзены і за поўгадзіны прыімчалі яго да палкоўніка. Уся вёска была раскідана: пабудовы, перабудовы, кучы вапны, цэглы і бярвення па ўсіх вуліцах. Пабудаваны былі нейкія дамы, накшталт прысуцтвенных месцаў. На адным было напісана залатымі літарамі: Дэпо землярабочых прылад; на другім: Галоўная рахункавая экспедыцыя; далей: Камітэт сельскіх спраў; Школа нармальнай асветы сялян. Адным словам, чорт ведае чаго не было!