Выбрать главу

«Ды і ён-жа заклаў цяпер у ламбард», сказаў Чычыкаў.

«Ну, так, усё ў ламбард, усё пойдзе ў ламбард». Сказаўшы гэта, Кастанжогла стаў пакрысе злавацца. «Вунь капялюшны, свечны заводы, — з Лондана майстроў свечных выпісаў, гандляром зрабіўся! Памешчык — такое званне пачэснае — у мануфактурысты, у фабрыканты! Прадзільныя машыны... Мусліны шлюхам гарадскім, дзеўкам...»

«Ды і ў цябе-ж ёсць фабрыкі», заўважыў Платонаў.

«А хто іх заводзіў? Самі завяліся! Назбіралася шэрсці, збыць няма куды — я і пачаў ткаць сукны, ды і сукны тоўстыя, простыя, —па таннай цане іх тут-жа на рынках у мяне і разбіраюць, — мужыку патрэбныя, майму мужыку. Рыбіну луску скідалі на мой бераг на працягу шасці год запар прамыслоўцы, — ну, дзе яе падзець? я пачаў з яе варыць клей, ды сорак тысяч і ўзяў. У мяне-ж усё так».

«Вось чорт!» думаў Чычыкаў, гледзячы на яго ва ўсе вочы: «учэпістая якая лапа!»

«Дый то таму заняўся, што набрыло многа работнікаў, якія памёрлі-б ад голаду: галодны год, і ўсё з ласкі гэтых фабрыкантаў, якія праваронілі пасевы. Такіх фабрык у мяне, брат, збярэцца многа. Кожны год другая фабрыка, гледзячы па тым, ад чаго назбіралася рэшткаў і адкідаў. Разгледзь толькі пільней сваю гаспадарку, — кожная дрэнь дасць прыбытак, так што адкідаеш, кажаш: не трэба! Я-ж не будую для гэтага палацаў з калонамі ды з франтонамі».

«Гэта надзвычайна... Больш за ўсё здзіўляе тое, што кожная дрэнь дае прыбытак», сказаў Чычыкаў.

«Ды дайце рады! Калі-б толькі браць справу па-просту, як яна ёсць; а то-ж кожны — механік; кожны хоча адчыніць ларчык з інструментам, а не проста. Ён дзеля гэтага з’ездзіць знарок у Англію, вось у чым справа! Дурні!» Сказаўшы гэта, Кастанжогла плюнуў. «I ў сто разоў стане дурней пасля таго, як вернецца з-за граніцы».

«Ах, Канстанцін! ты зноў зазлаваў», сказала з трывогай жонка. «Ты-ж ведаеш, што гэта табе шкодна».

«Ды як-жа не злаваць? Добра, каб гэта было чужое, а то-ж гэта блізка ўласнаму сэрцу; крыўдна-ж, што рускі характар псуецца; цяпер-жа з’явілася ў рускім характары донкішоцтва, якога ніколі не было! Асвета прыдзе яму ў галаву— зробіцца Дон-Кішотам: завядзе такія школы, што дурню і ў думку не ўвойдзе. Выйдзе са школы такі чалавек, што нікуды не варты, ні ў вёску, ні ў горад, толькі што п’яніца, ды адчувае сваю годнасць. У чалавекалюбства падасца — зробіцца Дон-Кішотам чалавекалюбства: пабудуе на мільён самых бязладных больніц ды ўстаноў з калонамі, збяднее ды і пусціць усіх з торбай: вось табе і чалавекалюбства!»

Чычыкаву не да асветы была справа. Яму хацелася грунтоўна распытаць пра тое, як кожная дрэнь дае прыбытак: але ніяк не даў яму Кастанжогла ўставіць слова: зласлівая гаворка лілася з яго вуснаў, так што ўжо ён не мог яе стрымаць.

«Думаюць як адукаваць мужыка... ды ты зрабі яго раней багатым ды добрым гаспадаром, а там ён сам вывучыцца. Як-жа цяпер, у гэты час, увесь свет падурнеў, дык вы не можаце сабе ўявіць! Што пішуць цяпер гэтыя пстрыкуны! Пусціць які-небудзь кніжку, і так вось усе і кінуцца на яе... Вось што сталі гаварыць: «Селянін вядзе ўжо вельмі простае жыццё; трэба пазнаёміць яго з прадметамі раскошы, прышчапіць яму патрэбы звыш сродкаў...» Што самі, дзякуючы гэтай раскошы, зрабіліся анучамі, а не людзьмі, і хваробаў чорт ведае якіх набраліся і ўжо няма восемнаццацігадовага хлапчука, які-б не паспытаў усяго: і зубоў у яго няма, і пляшывы як пухір — дык хочуць цяпер і гэтых заразіць. Ды дзякуй богу, што ў нас засталося хоць адно яшчэ здаровае саслоўе, якое не пазнаёмілася з гэтымі прыхамацямі! За гэта мы проста павінны дзякаваць богу. Ды хлебароб у нас больш за ўсіх варты пашаны, — што вы яго чапаеце? Дай бог, каб усе былі [як] хлебароб!»

«Дык вы думаеце, што хлебаробствам больш прыбыткова займацца?» спытаў Чычыкаў.

«Больш законна, а не тое, каб больш прыбыткова. Урабляй зямлю ў поце твару свайго, сказана. Тут няма чаго мудрагеліць. Гэта ўжо вопытам стагоддзяў даведзена, што ў земляробчым званні чалавек больш маральны, больш чысты, больш высокародны, вышэйшы. Не гавару — не займацца іншым, але каб у падмурак лягло земляробства — вось што! Фабрыкі завядуцца самі сабой; ды завядуцца законныя фабрыкі,— таго, што трэба тут, пад рукой чалавеку на месцы, а не гэтыя ўсякія патрэбы, што расслабілі цяперашніх людзей. Не гэтыя фабрыкі, што потым, для падтрымкі і для збыту, ужываюць усе агідныя захады, разбэшчваюць, растляваюць няшчасны народ. Ды вось-жа не завяду ў сябе, як ты там ні кажы ў іх карысць, ніякіх гэтых прывіваючых вышэйшыя патрэбы вытворчасцей, ні табакі, ні цукру, хоць-бы страціў мільён. Няхай-жа, калі ўваходзіць распуста ў свет, дык не праз мае рукі! Няхай я буду перад богам чысты... Я дваццаць год жыву з народам; я ведаю, якія з гэтага вынікі».