Як зачараваны сядзеў Павел Іванавіч у залатой краіне ўзрастаючых мар і лятункаў. Кружыліся яго думкі. Па залатым дыване будучых прыбыткаў залатыя ўзоры вышывала, разгуляўшыся, уяўленне, і ў вушах яго гучалі словы: «рэкі рэкі пацякуць...»
«Дапраўды, Канстанцін, Паўлу Іванавічу час спаць».
«Ды табе-ж што? Ну, і ідзі, калі захацелася», сказаў гаспадар і спыніўся, таму што гучна на ўвесь пакой разляглося храпенне Платонава, а следам за ім Ярб завёў яшчэ гучней. Заўважыўшы, што сапраўды пара на начлег, ён раскатурхаў Платонава, сказаўшы: «досыць табе храпці!» і пажадаў Чычыкаву спакойнай ночы. Усе разышліся і хутка заснулі ў сваіх пасцелях.
Аднаму Чычыкаву толькі не спалася. Яго думкі не ўтаймоўваліся. Ён абдумваў, як зрабіцца памешчыкам не фантастычнага, але сапраўднага маёнтка. Пасля размовы з гаспадаром усё рабілася так відавочна! Магчымасць разбагацець здавалася такой відавочнай! Цяжкая справа гаспадаркі рабілася цяпер такой лёгкай і зразумелай і здавалася такой уласцівай самой яго натуры! Толькі-б збыць у ламбард гэтых мерцвякоў ды займець не фантастычны маёнтак! Ужо бачылася яму, як ён дзейнічае і кіруе іменна так, як навучаў Кастанжогла — спрытна, асцярожна, нічога не завёўшы новага, не ўведаўшы наскрозь усяго старога, усё выглядзеўшы ўласнымі вачамі, усіх мужыкоў уведаўшы, усю раскошу ад сябе адкінуўшы, аддаўшы сябе толькі працы ды гаспадарцы. Ужо загадзя адчуваў ён тую прыемнасць, якую ён будзе мець, калі наладзіць стройны парадак і жвавым ходам рушацца ўсе пружыны гаспадарчай машыны, дзейна штурхаючы адна другую. Праца закіпіць, — і падобна да таго, як у рухлівым млыне хутка вымалваецца з зерня мука, пойдзе вымалвацца з усякага адкіду і друзу гатоўка ды гатоўка. Цудоўны гаспадар так і стаяў перад ім штохвілінна. Гэта быў першы чалавек ва ўсёй Расіі, да якога ён адчуў пашану асабістую. Дагэтуль паважаў ён чалавека або за добры чын, або за вялікія дастаткі; уласна за розум ён не паважаў яшчэ ні аднаго чалавека: Кастанжогла быў першы. Ён зразумеў, што з гэтым няма чаго кідацца на якія-небудзь штукі. Яго цікавіў іншы пражэкт—купіць маёнтак Хлабуева. Дзесяць тысяч у яго было; пятнаццаць тысяч меркаваў ён паспрабаваць пазычыць у Кастанжогла, паколькі ён сам абвясціў ужо, што гатоў дапамагчы кожнаму, хто жадае разбагацець; астатнія — як-небудзь, ці заклаўшы ў ламбард, або так проста, прымусіўшы чакаць. I гэта-ж магчыма: ідзі цягайся па судах, калі ёсць ахвота! I доўга ён пра гэта думаў. Нарэшце сон, які ўжо добрыя чатыры гадзіны трымаў увесь дом, як кажуць, у абдымках, прыняў нарэшце і Чычыкава ў свае абдымкі. Ён заснуў моцна.
РАЗДЗЕЛ IV
На другі дзень усё ўладзілася, як нельга лепш. Кастанжогла даў з радасцю дзесяць тысяч, без процанту, без парукі, — проста, пад адну распіску: так ён быў гатоў дапамагаць кожнаму на шляху да прыдабывання. Гэтага мала: ён сам узяўся суправаджаць Чычыкава да Хлабуева, з той мэтай, каб агледзець разам з ім маёнтак. Чычыкаў быў у настроі. Пасля сытнага снедання, усе яны накіраваліся, сеўшы ўтрох у каляску Паўла Іванавіча; пралёткі гаспадара ішлі ўслед за імі пустыя. Ярб бег наперадзе, зганяючы з дарогі птушак. Цэлых 15 вёрст цягнуліся па абодвух баках лясы і палеткі Кастанжогла. Як толькі яны скончыліся, усё пайшло інакш: збожжа рэдзенькае, замест лясоў пні. Вёсачка, хоць і стаяла ў прыгожай мясцовасці, выглядала здалёк запушчанай. Новы каменны дом, нежылы, які застаўся незакончаным у про... выглянуў раней за ўсё, за ім другі жылы. Гаспадара знайшлі яны раскудлачанага, заспанага, ён нядаўна прачнуўся. Яму было год сорак; гальштук у яго быў завязаны набок; на сурдуце была латка, на боце дзірка. Прыезду гасцей ён узрадаваўся, як бог ведае чаму: сапраўды, якраз нібыта ўбачыў ён братоў, з якімі надоўга расставаўся.
«Канстанцін Фёдаравіч! Платон Міхайлавіч! Вось прыемна абавязалі прыездам! Дайце працерці вочы! А ўжо, дапраўды; думаў, што да мяне ніхто не заедзе. Кожны цураецца мяне, як чумы: думае, папрашу пазычыць. Ох, цяжка, цяжка, Канстанцін Фёдаравіч! Бачу — сам ва ўсім вінаваты. Што рабіць? Свіння-свіннёй пачаў жыць. Выбачце, паны, што прымаю вас так прыбраны: боты, як бачыце, з дзіркамі. Чым загадаеце частаваць?»
«Без цырымоніі. Мы да вас па справе. Вось вам пакупец, Павел Іванавіч Чычыкаў», сказаў Кастанжогла.
«Шчыра рады пазнаёміцца. Дайце сціснуць мне вашу руку»
Чычыкаў даў яму абедзве.
«Хацеў-бы вельмі, паважанейшы Павел Іванавіч, паказаць вам маёнтак, варты ўвагі... Ды што, паны, дазвольце запытаць: вы абедалі?»