Выбрать главу

«Незайздросная ў вас гаспадарка», сказаў [Чычыкаў], калі яны, агледзеўшы, пад’ехалі... Увайшоўшы ў пакоі дома, яны былі ўражаны як быццам мешанінай галечы з бліскучымі дробязямі пазнейшай раскошы. Нейкі Шэкспір сядзеў на чарнільніцы; на стале ляжала шчыгульная ручка слановай косці для пачухвання самому сабе спіны. Гаспадыня была прыбрана з густам і па модзе, гаварыла пра горад ды пра тэатр, які там завёўся. Дзеці былі жвавыя і вясёлыя. Хлапчукі і дзяўчаткі былі прыгожа апрануты — вельмі міла і з густам. Лепш-бы апрануліся ў даматканыя спадніцы і простыя кашулі і бегалі-б сабе па дварэ і не адрозніваліся нічым ад сялянскіх дзяцей. Да гаспадыні хутка прыехала госця, нейкая балбатуння і пустазвонка. Дамы пайшлі на сваю палавіну. Дзеці пабеглі следам за імі. Мужчыны асталіся адны.

«Дык якая-ж будзе ваша цана?» сказаў Чычыкаў. «Пытаюся, прызнацца, каб пачуць крайнюю, апошнюю цану, бо маёнтак у горшым стане, чым чакаў».

«У самым кепскім, Павел Іванавіч», сказаў Хлабуеў. «I гэта яшчэ не ўсё. Я не ўтаю: са ста душ, якія лічацца па рэвізіі, толькі пяцьдзесят жывыя: так у нас распарадзілася халера; астатнія разбегліся беспашпартна, так што лічыце іх як быццам памершымі, так што калі іх вярнуць па судах, дык увесь маёнтак застанецца ў судах. Таму вось я і прашу ўсяго толькі трыццаць пяць тысяч».

Чычыкаў пачаў, зразумела, таргавацца.

«Злітуйцеся, як-жа трыццаць пяць? За гэтакае трыццаць пяць! Ну, вазьміце 25 тысяч».

Платонаву зрабілася сорамна. «Купляйце, Павел Іванавіч», сказаў ён. «За маёнтак заўсёды можна даць гэтую [цану]. Калі вы не дасцё за яго трыццаць пяць тысяч, мы з братам зложымся і купляем».

«Вельмі добра, згодзен», сказаў Чычыкаў, спалохаўшыся. «Добра, толькі з тым, каб палавіну грошай цераз год».

«Не, Павел Іванавіч! гэтага вось ужо ніяк не магу. Палавіну мне дайце цяпер-жа, а астатнія цераз... Мне-ж гэтыя самыя грошы дасць ламбард: было-б толькі чым...»

«Як-жа, дапраўды? Я ўжо не ведаю», сказаў Чычыкаў: «у мяне ўсяго толькі цяпер дзесяць тысяч», сказаў Чычыкаў, — сказаў і схлусіў: усяго ў яго было дваццаць, уключаючы грошы, пазычаныя ў Кастанжогла, але неяк шкада так многа аддаць за адзін раз.

«Не, калі ласка, Павел Іванавіч! Я кажу, што неабходна мне патрэбны пятнаццаць тысяч».

«Я вам пазычу 5 тысяч», падхапіў Платонаў.

«Хіба так!» сказаў Чычыкаў і падумаў сам сабе: «А гэта, аднак-жа, дарэчы, што ён пазычае». З каляскі была прынесена шкатулка, і тут-жа было з яе вынята 10 000 Хлабуеву; астатнія-ж пяць было паабяцана прывезці яму заўтра; гэта значыць паабяцана: думалася-ж прывезці тры, другія — потым, дзянькоў праз два або тры, а калі можна, дык і яшчэ крыху адтэрмінаваць. Павел Іванавіч неяк асабліва не любіў выпускаць грошай з рук. Калі-ж падпірала канечная неабходнасць, дык усё-ж такі, здавалася яму, лепш аддаць грошы заўтра, а не сёння. Гэта значыць, ён рабіў, як усе мы. Нам-жа прыемна павалаводзіць просьбіта: няхай ён намуляе сабе спіну ў пярэдняй! Быццам ужо і нельга пачакаць яму! Якая нам справа да таго, што, магчыма, кожная гадзіна яму дарагая і мае ён страты ў справах сваіх! Прыходзь, браток, заўтра, а сёння мне неяк няма часу.

«Дзе-ж вы пасля гэтага будзеце жыць?» спытаў Платонаў Хлабуева. «Ёсць у вас другая вёсачка?»

«Ды ў горад трэба пераязджаць: там ёсць у мяне дамок. Усё-ж роўна, гэта трэба было зрабіць, не для сябе, а для дзяцей: ім патрэбны будуць настаўнікі закону божага, музыкі, танцаў. Ні за якія-ж грошы ў вёсцы нельга іх дастаць».

«Кавалка хлеба няма, а дзяцей вучыць танцам!» падумаў Чычыкаў.

«Дзіўна!» падумаў Платонаў.

«Аднак-жа трэба нам чым-небудзь успрыснуць пагадненне», сказаў Хлабуеў. «Эй, Кірушка! прынясі, брат, бутэльку шампанскага».

«Кавалка хлеба няма, а шампанскае ёсць», падумаў Чычыкаў.

Платонаў не ведаў, што і думаць.

Шампанскае [Хлабуеў] прыдабыў з неабходнасці. Ён паслаў у горад: што рабіць? — у крамцы не даюць квасу напавер без грошай, а піць хочацца. А француз, які нядаўна прыехаў з вінамі з Пецербурга, усім даваў напавер. Што рабіць, трэба было браць бутэльку шампанскага.

Шампанскае было прынесена. Яны выпілі па тры бакалы і развесяліліся. Хлабуеў разышоўся: зрабіўся мілым і разумным, сыпаў досціпамі і анекдотамі. У размовах яго выявілася столькі ведання людзей і свету! Так добра і правільна бачыў ён шмат якія рэчы, так трапна і спрытна абрысоўваў у некалькіх словах суседзяў-памешчыкаў, так выразна бачыў недахопы і памылкі ўсіх, так добра ведаў гісторыю паноў, якія збяднелі: і чаму, і як, і ад чаго яны збяднелі; так арыгінальна і смешна ўмеў перадаваць малейшыя іх звычкі, — што яны абодва былі зусім зачараваны яго размовамі і гатовы былі прызнаць яго за самага разумнага чалавека.