Тут толькі, азірнуўшыся навокал сябе, ён убачыў, што яны ўжо даўно ехалі цудоўным гаем; прыгожая бярозавая агарожа цягнулася ў іх справа і злева. Белыя [камлі] лясных бяроз і асін, ззяючы, як снежны частакол, стройна і лёгка вырысоўваліся на кволай зеляніне лісця, якое толькі што паразвівалася. Салаўі адзін перад адным гучна шчоўкалі з гаю. Лясныя цюльпаны жаўцелі ў траве. Ён не мог уявіць сабе, як ён паспеў апынуцца ў гэтым цудоўным месцы, калі яшчэ нядаўна было роўнае поле. Паміж дрэў мільгала белая каменная царква, а на другім баку паказалася з-[за] гаю агарожа. У канцы вуліцы з’явіўся пан, які ішоў ім насустрач, у шапцы, з сукаватым кіем у руках. Агліцкі сабака, на высокіх тонкіх ножках, бег перад ім.
«А вось і брат», сказаў Платонаў. «Фурман, стой!» I вышаў з каляскі, Чычыкаў таксама. Сабакі ўжо ўправіліся пацалавацца. Тонканогі, рухавы Азор спрытна лізнуў сваім языком Ярба ў морду, потым лізнуў Платонаву рукі, потым ускочыў на Чычыкава і лізнуў яго ў вуха.
Браты абняліся.
«Паслухай, Платон, што гэта ты са мной робіш?» сказаў спыніўшыся брат, якога звалі Васіліем.
«Як што?» абыякава адказаў Платон.
«Дык як-жа сапраўды? тры дні ад цябе ні слуху, ні духу!
Конюх ад Петуха прывёў твайго жарабца. «Паехаў», кажа, «з нейкім панам». Ну, хоць-бы слова сказаў: куды, чаго, на які час? Паслухай, браток, як-жа можна так рабіць? А я, бог ведае, чаго не перадумаў за гэтыя дні!»
«Ну, што-ж рабіць? забыўся», сказаў Платонаў. «Мы заехалі да Канстанціна Фёдаравіча: ён табе кланяецца, сястра таксама. Павел Іванавіч, рэкамендую вам: брат Васілій. Брат Васілій! гэта Павел Іванавіч Чычыкаў».
Абодва, закліканыя да ўзаемнага знаёмства, паціснулі адзін другому рукі і, зняўшы шапкі, пацалаваліся.
«Хто-б такі быў гэты Чычыкаў?» думаў брат Васілій. «Брат Платон на знаёмствы неразборлівы». I агледзеў ён Чычыкава, наколькі дазваляла прыстойнасць, і ўбачыў, што гэта быў чалавек, з выгляду, вельмі добрых намераў.
З свайго боку, Чычыкаў агледзеў таксама, наколькі дазваляла прыстойнасць, брата Васілія і ўбачыў, што брат ніжэй за Платона, воласам цямней за яго і з твару далёка не такі прыгожы, але ў рысах яго твару было куды больш жыцця і натхнёнасці, больш сардэчнай дабраты. Відаць было, што ёй менш драмаў. Але на гэтую акалічнасць Павёл Іванавіч мала звяртаў увагі.
«Я наважыў, Вася, праехацца разам з Паўлам Іванавічам па святой Русі: А можа гэта разгоніць хандру маю».