«Ды навошта-ж мне шарманка? Я-ж не немец, каб, цягаючыся з ёй па дарогах, выпрошваць грошы».
«Ды гэта-ж не такая шарманка, як носяць немцы. Гэта арган; паглядзі знарок: уся з чырвонага дрэва. Вось я табе пакажу яе яшчэ!» Тут Наздроў, схапіўшы за руку Чычыкава, пачаў цягнуць яго ў другі пакой, і, як той ні ўпіраўся нагамі ў падлогу і ні запэўняў, што ён ведае ўжо, якая шарманка, але павінен быў пачуць яшчэ раз, якім чынам паехаў у паход Мальбруг. «Калі ты не хочаш на грошы, дык вось што: слухай: я табе дам шарманку і ўсе, колькі іх ёсць у мяне, мёртвыя душы, а ты мне дай сваю брычку і трыста рублёў прыдачы».
«Ну, вось яшчэ, а я-ж у чым паеду?»
«Я табе дам другую брычку. Вось пойдзем у адрыну, я табе пакажу яе! Ты яе толькі перафарбуеш, і будзе дзіва брычка».
«Эх, як яго няўрымслівы д’ябал апанаваў!» падумаў сам сабе Чычыкаў, і наважыў, чаго-б гэта ні каштавала, адчапіцца ад усякіх брычак, шарманак і ўсіх рознастайных сабак, не гледзячы на неймаверную бачкаватасць рэбраў і камякаватасць лап.
«Дык-жа брычка, шарманка і мёртвыя душы, усё разам.»
«Не хачу», сказаў яшчэ раз Чычыкаў.
«Чаму-ж ты не хочаш?»
«Таму, што проста не хачу, ды і годзе».
«Які ты, дапраўды, такі! з табой, як я бачу, нельга, як водзіцца паміж добрымі прыяцелямі і таварышамі, такі, дапраўды! адразу відаць, што дваісты чалавек!»
«Ды што-ж я, дурань, ці што? Ты памяркуй сам: нашто набываць рэч, якая мне зусім не патрэбна!»
«Ну, ужо, калі ласка, не гавары. Цяпер я надта добра цябе ведаю. Такая, дапраўды, ракалія! Ну, слухай, хочаш скінем у банчык. Я пастаўлю ўсіх памершых на карту, шарманку таксама».
«Ну, адважвацца ў банк, значыць ісці на невядомае», гаварыў Чычыкаў, і між іншым глянуў скоса на карты, якія былі ў яго руках. Абедзве таліі яму здаліся вельмі падобнымі на штучныя, і сам крап глядзеў вельмі падазрона.
«Чаму-ж невядомае?» сказаў Наздроў. «Нічога невядомага! Калі толькі на тваім баку шчасце, ты можаш выгуляць чортаву прорву. Вунь яна! гэтакае шчасце!» гаварыў ён, пачынаючы кідаць карты для ўзбуджэння задору: «гэтакае шчасце! гэтакае шчасце! вунь: так і б’е! вось тая праклятая дзевятка, на якой я ўсё прасадзіў! Адчуваў, што прадасць, ды ўжо, зажмурыўшы вочы, думаю сабе: чорт цябе пабяры, прадавай, праклятая!» Калі Наздроў гэта гаварыў, Парфірый прынёс бутэльку. Але Чычыкаў рашуча адмовіўся як гуляць у карты, так і піць.
«Чаму-ж ты не хочаш гуляць?» сказаў Наздроў.
«Ну, таму, што не маю настрою. Ды прызнацца сказаць, я зусім не ахвотнік да гульні».
«Чаму-ж не ахвотнік?»
Чычыкаў паціснуў плячыма і дадаў: «таму што не ахвотнік».
«Дрэнь-жа ты!»
«Што-ж рабіць, так бог стварыў».
«Фецюк, проста! Я думаў раней, што ты хоць крыху прыстойны чалавек, а ты не разумееш ніякага абыходжання. З табой ніяк нельга гаварыць, як з чалавекам блізкім... ніякай прамадушнасці, ні шчырасці! сапраўдны Сабакевіч, такі падлюга!»
«Ды за што-ж ты лаеш мяне? Вінаваты хіба я, што не гуляю? Прадай мне душы адны, калі ты ўжо такі чалавек, што трасешся над гэтым глупствам?»
«Чорта лысага атрымаеш! Хацеў раней дармова аддаць, але цяпер вось не атрымаеш-жа! Хоць тры царствы давай, не аддам. Такі шыльнік, пячнік паганы! З гэтага часу з табой ніякай справы не хачу мець. Парфірый, ідзі, скажы конюху, каб не даваў аўса коням яго, няхай ядуць адно сена».
Апошняга заключэння Чычыкаў ніяк не чакаў.
«Лепш-бы ты мне, проста, на вочы не паказваўся!» сказаў Наздроў.
Не гледзячы, аднак-жа, на такую сутычку, госць і гаспадар павячэралі разам, хоць на гэты раз не стаяла на стале ніякіх він з мудрагельнымі назвамі. Тырчала адна толькі бутэлька з нейкім кіпрскім, якое было тым, што называецца кісляцінай ва ўсіх адносінах. Пасля вячэры Наздроў сказаў Чычыкаву, завёўшы яго ў бакавы пакой, дзе была падрыхтавана для яго пасцель: «Вось табе пасцель! Не хачу і добрай ночы жадаць табе!»
Пасля таго як Наздроў пайшоў, Чычыкаў застаўся ў самым непрыемным настроі. Ён унутрана злаваў на сябе, лаяў сябе за тое, што да яго заехаў і патраціў дарма час. Але яшчэ больш лаяў сябе за тое, што загаварыў з ім аб справе, зрабіў неасцярожна, як дзіцянё, як дурань: бо справа зусім не такога роду, каб яе даверыць Наздрову... Наздроў — чалавек дрэнь, Наздроў можа нахлусіць, разнесці чорт ведае што, выйдуць яшчэ якія-небудзь плёткі... нядобра, нядобра. «Проста, дурань я», гаварыў ён сам сабе. Ноч спаў ён вельмі дрэнна. Нейкія маленькія надзвычай жвавыя казюлькі кусалі яго вельмі балюча, так што ён усёй жменяй скроб па скусаным месцы, прыгаварваючы: а, каб вас чорт узяў разам з Наздровым! Прачнуўся ён раным-рана. Першай справай яго было, апрануўшы халат і боты, пайсці цераз двор на стайню, загадаць Селіфану зараз-жа запрагаць брычку. Вяртаючыся цераз двор, ён сустрэўся з Наздровым, які быў таксама ў халаце, з люлькай у зубах.