Выбрать главу

Наздроў прывітаў яго па-сяброўску і спытаў: як яму спалася.

«Так сабе», адказаў Чычыкаў вельмі суха.

«А я, брат», гаварыў Наздроў, «такая брыдота лезла ўсю ноч, што агідна расказваць, і ў роце пасля ўчарашняга быццам эскадрон пераначаваў. Уяві: снілася, што мяне высеклі, дальбог! I ўяві хто? Вось ні за што не ўгадаеш: штабс-ротмістр Пацэлуеў разам з Куўшыннікавым».

«Так», падумаў сам сабе Чычыкаў: «добра было-б, калі-б цябе адлупцавалі на яве».

«Дальбог! Ды вельмі балюча! Прачнуўся, чорт пабяры, сапраўды штосьці свярбіць, пэўна ведзьмы-скочкі. Ну, ты ідзі цяпер, апранайся, а я да цябе зараз прыду. Трэба толькі аблаяць падлюку прыказчыка».

Чычыкаў пайшоў у пакой апрануцца і ўмыцца. Калі пасля гэтага вышаў ён у сталовую, там ужо стаяў на стале чайны прыбор з бутэлькай рому. У пакоі былі сляды ўчарашняга абеду і вячэры; здаецца, да падлогі шчотка не дакраналася зусім. На падлозе валяліся хлебныя крошкі, а табачны попел відаць быў нават на абрусе. Сам гаспадар, які хутка з’явіўся, нічога не меў у сябе пад халатам, акрамя адкрытых грудзей,на якіх расла нейкая барада. Трымаючы ў руках цыбук і сёрбаючы з кубачка, ён быў вельмі харошы для мастака, які не любіць страшэнна паноў прылізаных і завітых, падобна цырульным шыльдам, або выстрыжаных пад грабянец.

«Ну, дык як-жа думаеш?» сказаў Наздроў, крыху памаўчаўшы, «не хочаш гуляць на душы?»

«Ды гэта-ж не ў банк; тут ніякага не можа быць шчасця ці фальшы: усё-ж ад майстэрства; я нават папярэджваю, што я зусім не ўмею гуляць, хіба што-небудзь мне дасі наперад».

«Сяду я хіба», падумаў сам сабе Чычыкаў: «згуляю з ім у шашкі. У шашкі гуляў я нядрэнна, а на штукі яму тут цяжка падняцца».

«Даўнавата не браў я ў рукі шашак!» гаварыў Чычыкаў, пасоўваючы таксама шашку.

«Ведаем мы вас, як вы дрэнна гуляеце!» сказаў Наздроў выступаючы шашкай.

«Даўнавата не браў я ў рукі шашак!» гаварыў Чычыкаў пасоўваючы шашку.

«Ведаем мы вас, як вы дрэнна гуляеце!» сказаў Наздроў, пасоўваючы шашку, ды ў той-жа час падсунуў абшлагом рукава і другую шашку.

«Даўнавата яе браў я ў рукі!.. Э, э! гэта, брат, што? адсадзі яе назад», гаварыў Чычыкаў.

«Каго?»

«Ды шашку», сказаў Чычыкаў, і ў той-жа час убачыў амаль перад носам сваім і другую, якая, як здавалася, прабіралася ў дамкі; адкуль яна ўзялася, гэта адзін толькі бог ведаў. «Не», сказаў Чычыкаў, устаўшы з-за стала: «з табой няма ніякай магчымасці гуляць. Гэтак не ходзяць, па тры шашкі адразу!»

«Чаму-ж па тры? гэта памылка. Адна пасунулася ненаўмысна, я яе адсуну, калі хочаш».

«А другая-ж адкуль узялася?»

«Якая другая?»

«А вось гэта, што прабіраецца ў дамкі?»

«Вось табе на, быццам не помніш!»

«Не, брат, я ўсе хады лічыў, і ўсё помню; ты яе толькі цяпер прыстроіў, ёй месца вунь дзе!»

«Як дзе месца?» сказаў Наздроў, пачырванеўшы: «ды ты, брат, як я бачу, выдумшчык!»

«Не, брат, гэта, здаецца, ты выдумшчык, ды толькі няўдала».

«За каго-ж ты мяне лічыш?» гаварыў Наздроў, «стану я хіба махляваць?»

«Я цябе ні за кога не лічу, але толькі гуляць з гэтага часу ніколі не буду».

«Не, ты не можаш адмовіцца», гаварыў Наздроў, узгараючыся: «гульня распачата!»

«Я маю права адмовіцца, бо ты не так гуляеш, як належыць сумленнаму чалавеку».

«Не, хлусіш, ты гэтага не можаш сказаць!»

«Не, брат, сам ты хлусіш!»

«Я не махляваў, а ты адмовіцца не можаш, ты павінен скончыць партыю».

«Гэтага ты мяне не прымусіш рабіць», сказаў Чычыкаў спакойна і, падышоўшы да дошкі, перамяшаў шашкі.

Наздроў ускіпеў і падышоў да Чычыкава так блізка, што той адступіў крокі два назад.

«Я цябе прымушу гуляць! Гэта нічога, што ты змяшаў шашкі, я помню ўсе хады. Мы іх паставім зноў так, як былі».

«Не, брат, справа скончана, я з табой не буду гуляць».

«Дык ты не хочаш гуляць?»

«Ты сам бачыш, што з табой няма магчымасці гуляць».

«Не, скажы проста, ты не хочаш гуляць?» гаварыў Наздроў, падступаючы яшчэ бліжэй.

«Не хачу!» сказаў Чычыкаў і паднёс аднак-жа абедзве рукі на ўсякі выпадак бліжэй да твару, бо справа рабілася і сапраўды гарачай. Гэтая засцярога была вельмі дарэчы, бо Наздроў размахнуўся рукой... і сапраўды магло здарыцца, што адна з прыемных і поўных шчок нашага героя пакрылася-б незмывальнай ганьбай; але, шчасліва адвёўшы ўдар, ён схапіў Наздрова за абедзве задорныя яго рукі, і трымаў яго моцна.