Выбрать главу

«Парфірый, Паўлушка!» крычаў Наздроў у шаленстве, намагаючыся вырвацца.

Пачуўшы гэтыя словы, Чычыкаў, каб не зрабіць дваровых людзей сведкамі спакуслівай сцэны, і разам з тым адчуваючы, што трымаць Наздрова было бескарысна, выпусціў яго рукі. У гэты самы час увайшоў Парфірый і за ім Паўлушка, дзяцюк дужы, з якім мець справу было зусім нявыгадна.

«Дык ты не хочаш канчаць партыі?» гаварыў Наздроў. «Адказвай мне проста!»

«Партыі няма магчымасці канчаць», гаварыў Чычыкаў і зірнуў у акно. Ён убачыў сваю брычку, якая стаяла зусім гатовая, а Селіфан чакаў, здавалася, знаку, каб падкаціць пад ганак, але з пакоя не было ніякай магчымасці выбрацца: у дзвярах стаялі два дужыя прыгонныя дурні.

«Дык ты не хочаш канчаць партыі?» паўтарыў Наздроў з тварам, які гарэў, як у агні.

«Калі-б ты гуляў, як належыць сумленнаму чалавеку... але цяпер не магу».

«А! дык ты не можаш, падлюка! калі ўбачыў, што не твая бярэ, дык і не можаш! Біце яго!» крычаў ён ашалела, звярнуўшыся да Парфірыя і Паўлушкі, а сам схапіў у руку чарэшневы цыбук. Чычыкаў збялеў, як палатно. Не хацеў нешта сказаць, але адчуваў, што губы яго варушыліся без гуку.

«Біце яго!» крычаў Наздроў, рвучыся наперад з чарэшневым цыбуком, увесь у гарачцы, спацелы, як быццам падступаў пад непрыступную крэпасць. «Біце яго!» крычаў ён такім-жа голасам, як у часе вялікага прыступу крычыць свайму ўзводу: хлопцы, наперад! які-небудзь адчаянны паручык, безразважная смеласць якога стала настолькі вядомай, што даецца адмысловы загад трымаць яго за рукі ў часе гарачых спраў. Але паручык адчуў ужо баявы задор, усё пайшло кругом у галаве яго: перад ім лунае Сувораў, ён лезе на вялікую справу. Хлопцы, наперад! крычыць ён, рвучыся, не думаючы, што шкодзіць ужо абдуманаму плану агульнага прыступу, што мільёны вінтовачных дулаў выставіліся ў амбразуры непрыступных, узнятых у воблакі крэпасных сцен, што ўзляціць як пух у паветра яго бяссільны ўзвод, і што ўжо свішча ракавая куля, рыхтуючыся заткнуць яго крыклівае горла. Але калі Наздроў выяўляў сабою падступіўшага пад крэпасць адчаяннага, страціўшага прытомнасць паручыка, дык крэпасць, на якую ён ішоў, ніяк не была падобна да непрыступнай. Наадварот, крэпасць адчувала такі страх, што душа яе схавалася ў самыя пяткі. Ужо крэсла, якім ён уздумаў абараняцца, было вырвана прыгоннымі людзьмі з яго рук, ужо зажмурыўшы вочы, ні жывы, ні мёртвы, ён рыхтаваўся пакаштаваць чаркескага цыбука свайго гаспадара і бог ведае, што-б магло здарыцца з ім; але лёс пажадаў выратаваць бакі, плечы і ўсе добравыхаваныя часткі нашага героя. Нечакана дзынкнулі раптам як з воблакаў забразгатаўшыя гукі званка, пачуўся выразна стук колаў падляцеўшай да ганку каламажкі і адгукнуліся нават у самім пакоі цяжкі храп і цяжкае дыханне разгарачаных коней спыненай тройкі. Усе супроць волі зірнулі ў акно: нехта, з вусамі, у поўваенным сурдуце, вылазіў з каламажкі. Распытаўшыся ў пярэдняй, увайшоў ён у тую самую хвіліну, калі Чычыкаў не паспеў яшчэ апомніцца ад свайго страху і быў у самым кепскім становішчы, у якім калі-небудзь знаходзіўся смяротны.

«Дазвольце даведацца, хто тут п. Наздроў?» сказаў незнаёмы, паглядзеўшы ў некаторым недаўменні на Наздрова, які стаяў з цыбуком у руцэ, і на Чычыкава, які ледзь пачынаў ачухвацца ад свайго нявыгаднага становішча.

«Дазвольце перш даведацца, з кім маю гонар гаварыць?» сказаў Наздроў, падыходзячы да яго бліжэй.

«Капітан-спраўнік».

«А што вам трэба?»

«Я прыехаў вам абвясціць атрыманае мной паведамленне, што вы знаходзіцеся пад судом да часу атрымання прысуду па вашай справе».

«Што за глупства, па якой справе?» сказаў Наздроў.

«Вы былі замешаны ў гісторыю з выпадку нанясення памешчыку Максімаву асабістай крыўды розгамі ў п’яным выглядзе».

«Вы хлусіце! я і ў вочы не бачыў памешчыка Максімава».

«Міласцівы гасудар! Дазвольце вам далажыць, што я афіцэр. Вы можаце гэта сказаць вашаму слузе, а не мне!»

Тут Чычыкаў, не чакаючы, што будзе адказваць на гэта Наздроў, хутчэй за шапку, ды за спіною капітана-спраўніка выслізнуў на ганак, сеў у брычку і загадаў Селіфану паганяць коней на ўвесь дух.

РАЗДЗЕЛ V

Герой наш напужаўся аднак не на жарт. Хоць брычка імчалася на зламанне карку, і вёска Наздрова даўно знікла з вачэй, закрыўшыся палямі, лагчынамі і ўзгоркамі, але ён усё яшчэ пазіраў назад са страхам, быццам чакаючы, што вось-вось наляціць пагоня. Ён насілу пераводзіў дух, і калі папрабаваў прыкласці руку да сэрца, дык адчуў, што яно білася як перапёлка ў клетцы. «Гэтакую лазню задаў! Глядзі ты які!» Тут шмат было афяравана Наздрову ўсякіх нялёгкіх і моцных пажаданняў; трапіліся нават і нядобрыя словы. Што-ж рабіць? Рускі чалавек, ды яшчэ ў злосці. Да таго-ж справа была зусім нежартоўная. «Што ні гавары», сказаў ён сам сабе: «а каб не нахапіўся капітан-спраўнік, мне, можа, не давялося-б больш і на свет божы глянуць! Прапаў-бы як бурбалка на вадзе, без ніякага следу, не пакінуўшы нашчадкаў, не даўшы будучым дзецям ні багацця, ні чэснага імя». Герой наш вельмі клапаціўся аб сваіх нашчадках.