Выбрать главу

«Гэта мая Феадулія Іванаўна!» сказаў Сабакевіч.

Чычыкаў падышоў да ручкі Феадуліі Іванаўны, якую яна амаль упхнула яму ў губы, прычым ён меў магчымасць заўважыць, што рукі былі памыты агурочным расолам.

«Душачка, рэкамендую табе», гаварыў далей Сабакевіч: «Павел Іванавіч Чычыкаў! У губернатара і паштмейстара меў гонар пазнаёміцца».

Феадулія Іванаўна папрасіла садзіцца, сказаўшы таксама прашу! і зрабіўшы рух галавой, падобна актрысам, якія іграюць каралеў. Пасля яна села на канапе, накрылася сваёй мерыносавай хусткай і ўжо не варухнула больш ні вокам, ні брывом.

Чычыкаў зноў падняў вочы ўгору, зноў убачыў Канары з тоўстымі ляжкамі і бясконцымі вусамі, Бабеліну і дразда ў клетцы.

Амаль на працягу цэлых пяці хвілін усе захоўвалі маўчанне; чуваць было толькі, як дрозд стукаў носам аб дрэва драўлянай клеткі, на дне якой ён дзёўб хлебныя крошкі. Чычыкаў яшчэ раз азірнуў пакой і ўсё, што ў ім было, — усё было трывалае, нязграбнае ў вышэйшай ступені і мела нейкае дзіўнае падабенства з самім гаспадаром дома: у кутку гасцінай стаяла пузатае арэхавае бюро на недарэчнейшых чатырох нагах, сапраўдны мядзведзь. Стол, крэслы, цвёрдыя і мяккія, усё было самай цяжкой і няўтульнай якасці, словам, кожная рэч, кожнае крэсла, здавалася, гаварыла: я таксама Сабакевіч! або: і я таксама вельмі падобна да Сабакевіча.

«Мы пра вас успаміналі ў старшыні палаты, у Івана Грыгор’евіча», сказаў нарэшце Чычыкаў, бачачы, што ніхто не збіраецца пачынаць размову: «у мінулы чацвер вельмі прыемна правялі там час».

«Так, я не быў тады ў старшыні», адказаў Сабакевіч.

«А цудоўны чалавек!»

«Хто такі?» сказаў Сабакевіч, гледзячы на рог печы.

«Старшыня».

«Ну, можа, гэта вам так здалося: ён толькі што масон, а такі дурань, якога свет не ствараў».

Чычыкаў крыху быў азадачаны такою, некалькі рэзкай характарыстыкай, але потым, паправіўшыся, казаў далей: «Вядома, усякі чалавек не без слабасцей, але затое губернатар — які цудоўнейшы чалавек!»

«Губернатар цудоўнейшы чалавек?»

«Так, ці-ж не праўда?»

«Першы разбойнік у свеце!»

«Як губернатар разбойнік?» сказаў Чычыкаў, і зусім не мог зразумець, як губернатар мог трапіць у разбойнікі. «Прызнаюся, гэтага я ніяк-бы не падумаў», працягваў ён. «Але дазвольце аднак-жа заўважыць: учынкі яго зусім не такія, наадварот, хутчэй нават мяккасці ў ім многа». Тут ён прывёў у доказ нават кашалькі, вышытыя яго ўласнымі рукамі, і адазваўся з пахвалою аб ласкавым выразе яго твару.

«Твар разбойніцкі!» сказаў Сабакевіч. «Дайце яму толькі нож, ды выпусціце на гасцінец, зарэжа, за капейку зарэжа? Ён, ды яшчэ віцэ-губернатар, гэта Гога і Магога».

«Не, ён з імі не ў згодзе», падумаў сам сабе Чычыкаў «А вось загавару я з ім аб паліцэймейстары? Ён здаецца, сябра яго». — «Між іншым, што да мяне», сказаў ён, «мне, прызнаюся: больш за ўсіх падабаецца паліцэймейстар. Нейкі гэтакі характар просты, шчыры; у твары відаць штосьці сардэчнае».

«Махляр!» сказаў Сабакевіч вельмі павольна, «прадасць, ашукае, яшчэ і паабедае з вамі! Я іх ведаю ўсіх: гэта ўсе махляры, увесь горад там такі: махляр на махляры сядзіць і махляром паганяе. Усе хрыстапрадаўцы. Адзін там толькі і ёсць прыстойны чалавек: пракурор; ды і той, калі сказаць праўду, свіння».

Пасля такіх пахвальных, хоць крыху кароткіх біяграфій Чычыкаў убачыў, што аб іншых чыноўніках няма чаго прыгадваць, і ўспомніў, што Сабакевіч не любіў ні аб кім добра адзывацца.

«Што-ж, душачка, хадзем абедаць», сказала Сабакевічу яго жонка.

«Прашу!» сказаў Сабакевіч. Пасля гэтага, падышоўшы да стала, дзе была закуска, госць і гаспадар выпілі, як належыць па чарцы гарэлкі, закусілі, як закусвае ўся прасторная Расія па гарадах і вёсках, гэта значыць усякімі салёнасцямі і іншымі ўзбуджаючымі прысмакамі, і рушылі ўсе ў сталовую; наперадзе іх, як плаўная гусь, паплыла гаспадыня. Невялікі стол быў накрыты на чатыры асобы. На чацвертае месца з’явілася вельмі хутка, цяжка сцвярджаць, хто такая, дама ці дзяўчына, сваячка, дамаводка ці проста жыхарка дома; нешта без каптура, гадоў пад трыццаць, у стракатай хустцы. Ёсць асобы, якія існуюць на свеце не як рэч, а як староннія кропачкі ці плямінкі на рэчы. Сядзяць яны на адным і тым-жа месцы, аднолькава трымаюць галаву, іх амаль гатоў палічыць за мэблю і думаеш, што зроду яшчэ не выходзіла слова з такіх вуснаў; а дзе-небудзь у дзявоцкай ці ў кладоўцы акажацца проста: ого-го!

«Капуста, мая душа, сёння вельмі смачная!» сказаў Сабакевіч, сербануўшы капусты і адваліўшы сабе з талеркі велізарны кавалак няні, вядомай стравы, якая падаецца да капусты і складаецца з барановага трыбуха, напханага грэцкай кашай, мазгамі і ножкамі. «Гэтакай няні», гаварыў ён далей, звярнуўшыся да Чычыкава, «вы не будзеце есці ў горадзе, там вам чорт ведае што пададуць!»