«Дапраўды, я дарэмна час трачу, мне трэба спяшацца».
«Пасядзіце адну хвілінку, я вам зараз скажу адно прыемнае для вас слова». Тут Сабакевіч падсеў бліжэй і сказаў яму ціха на вуха, як быццам сакрэт: хочаце вугал?
«Гэта значыць дваццаць пяць рублёў? Ні, ні, ні, нават чвэрці вугла не дам, капейкі не набаўлю».
Сабакевіч змоўк. Чычыкаў таксама замаўчаў. Хвіліны дзве цягнулася маўчанне. Багратыён з арліным носам глядзеў са сцяны надзвычай уважліва на гэту куплю.
«Якая-ж ваша будзе апошняя цана?» сказаў нарэшце Сабакевіч.
«Два з палавінай».
«Дапраўды, у вас душа чалавечая ўсёроўна, што параная рэпа. Ужо хоць па тры рублі дайце!»
«Не магу».
«Ну, нічога з вамі не зробіш, згодзен! Страта, ды ўжо характар такі сабачы: не магу не зрабіць прыемнасці бліжняму. Мабыць-жа, трэба і купчую зрабіць, каб усё было ў парадку».
«Зразумела».
«Ну вось бачыце, трэба будзе ехаць у горад».
Так скончылася справа. Абодва вырашылі, каб заўтра-ж быць у горадзе і ўправіцца з купчай крэпасцю. Чычыкаў папрасіў спісачак сялян. Сабакевіч згадзіўся ахвотна і тут-жа, падышоўшы да бюро, уласнаручна пачаў выпісваць усіх не толькі па імёнах, але нават з азначэннем пахвальных якасцей.
А Чычыкаў, не маючы чаго рабіць, заняўся, стаўшы ззаду, разгляданнем усяго прасторнага яго складу. Як глянуў ён на яго спіну, шырокую, як у вяцкіх прысадзістых коней, і на ногі яго, падобныя да чыгунных тумбаў, якія ставяць на тратуарах, дык не мог утрымацца ад унутранога выгуку: «Ну і надзяліў-жа цябе бог! вось ужо, сапраўды, як кажуць, няспрытна скроен, ды моцна сшыты!.. Ці ты ўжо радзіўся мядзведзем, ці абмядзведзіла цябе жыццё ў глушы, пасевы збожжа, вазяніна з мужыкамі, і ты праз іх зрабіўся тым, што называюць чалавек-кулак? Але не: я думаю, што ты быў-бы ўсё той-жа, каб нават выхавалі цябе па модзе, пусцілі-б у ход і жыў-бы ты ў Пецербургу, а не ў глушы. Уся розніца ў тым, што цяпер ты ўбярэш поўбарановага бока з кашай, закусіш ватрушкай з талерку, а тады-б ты еў якія-небудзь катлеткі з труфелямі. Ды вось цяпер у цябе пад уладай мужыкі: ты з імі ў згодзе і, вядома, іх не пакрыўдзіш, бо яны твае, табе-ж будзе горш; а тады-б у цябе былі чыноўнікі, якім-бы ты моцна даваў чосу, сцяміўшы, што яны не твае-ж прыгонныя, або рабаваў-бы ты казну! Не, хто ўжо кулак, таму не разагнуцца ў далонь! А разагні кулаку адзін, ці два пальцы, выйдзе яшчэ горш. Пакаштуй ён злёгку вяршочкаў якой-небудзь навукі, даўся-б ён у знакі потым, заняўшы прыкметнейшае месца, усім тым, хто сапраўды пазнаў якую-небудзь навуку. Ды яшчэ, чаго добрага, скажа потым: «Дай адно я сябе пакажу!» Ды такую выдумае мудрую пастанову, што шмат каму давядзецца солана... Эх, калі-б усе кулакі!..»
«Гатова запіска», сказаў Сабакевіч, павярнуўшыся.
«Гатова? будзьце ласкавы, яе сюды!» Ён прабег яе вачамі і падзівіўся акуратнасці і дакладнасці: не толькі было падрабязна прапісана рамяство, званне, гады і сямейнае становішча, але нават на палях знаходзіліся асаблівыя адзнакі наконт паводзін, цвярозасці, словам, люба было глядзець.
«Цяпер дайце-ж задатачак!» сказаў Сабакевіч.
«Навошта-ж вам задатачак? Вы атрымаеце ў горадзе за адным разам усе грошы».
«Усё, ведаеце, так ужо водзіцца», запярэчыў Сабакевіч.
«Не ведаю, як вам даць, я не ўзяў з сабой грошай. Ага, вось дзесяць рублёў ёсць».
«Што-ж дзесяць! Дайце, прынамсі, хоць пяцьдзесят!» Чычыкаў пачаў было адгаварвацца, што няма, але Сабакевіч так сказаў упэўнена, што ў яго ёсць грошы, што ён дастаў яшчэ паперку, сказаўшы:
«Няхай так, вось вам яшчэ пятнаццаць, а ўсяго дваццаць пяць. Дайце толькі распіску».
«Ды нашто-ж вам распіска?»
«Усё, ведаеце, лепш распіску. Пэўней будзе, усё можа здарыцца».
«Добра, дайце-ж сюды грошы!»
«Нашто-ж грошы? У мяне вунь яны ў руцэ! Як толькі напішаце распіску, у тую-ж хвіліну іх возьмеце».
«Ды дазвольце, як-жа мне пісаць распіску? раней трэба бачыць грошы».
Чычыкаў выпусціў з рук паперкі Сабакевічу, які, наблізіўшыся да стала і накрыўшы іх пальцамі левай рукі, другой напісаў на кавалачку паперы, што задатак дваццаць пяць рублёў дзяржаўнымі асігнацыямі за праданыя душы атрымаў поўнасцю. Напісаўшы запіску, ён перагледзеў яшчэ раз асігнацыі.
«Паперка вось старэнькая!» сказаў ён, разглядаючы адну з іх на святле: «крыху разарвана, ну ды паміж прыяцелямі няма чаго на гэта глядзець».
«Кулак, кулак!» падумаў сам сабе Чычыкаў: «Ды яшчэ і шэльма ў дадатак».
«А жаночага полу не хочаце?»
«Не, дзякую».
«Я нядорага і ўзяў-бы. Для знаёмства па рубліку за штуку».