Цяпер роўнадушна пад’язджаю да кожнай незнаёмай вёскі і абыякава гляджу на яе пошлы выгляд; майму ахалоджанаму зірку няўтульна, мне не смешна, і тое, што абудзіла-б у ранейшыя гады жывы рух на твары, смех і несціханыя размовы, тое праносіцца цяпер міма, і безуважнае маўчанне захоўваюць мае нерухомыя вусны. О, маё юнацтва! О, мая свежасць!
Пакуль Чычыкаў думаў і ўнутрана пасмейваўся над мянушкай, якую далі мужыкі Плюшкіну, ён не заўважыў, як уехаў у сярэдзіну вялікага сяла з мноствам хат і вуліц. Хутка, аднак-жа, даў заўважыць яму гэта ніштаваты штуршок, выкліканы памостам з бярвенняў, перад якім гарадскі брук быў нішто. Гэтыя бярвенні, як фартэп’янныя клавішы, падымаліся то ўгору, то ўніз, і неасцярожны яздок набываў ці гуз на патыліцу, ці сінюю пляму на лоб, або здаралася сваімі ўласнымі зубамі прыкусіць балюча хвосцік уласнага-ж языка. Нейкую асаблівую трухлявасць заўважыў ён ва ўсіх вясковых будынках: бярвенне на хатах было цёмнае і старое; шмат якія стрэхі былі дзіравыя, як рэшата; на іншых заставаўся толькі канёк уверсе, ды жэрдкі па баках, што выглядалі, як рэбры. Здаецца, самі гаспадары пазносілі з іх дранку і дошкі, разважаючы, і вядома справядліва, што ў дождж хаты не крыюць, а ў пагоду і так не капае, бабіцца-ж у ёй няма чаго, калі ёсць прастор і ў карчме, і на гасцінцы, словам дзе хочаш. Вокны ў хацінах былі без шкла, некаторыя былі заткнуты рыззём, або світкай; балкончыкі пад стрэхамі з балясамі, якія невядома з якіх прычын робяцца ў некаторых рускіх хатах, скасіліся і пачарнелі нават не маляўніча. З-за хат шмат дзе цягнуліся радамі велізарныя сцірты збожжа, якія застаяліся, як відаць, доўга; колерам яны былі падобны да старой, дрэнна апаленай цэглы, наверсе іх расла розная дрэнь і нават прычапіўся з боку хмызняк. Збожжа, відаць, было панскае. З-за сціртаў збожжа і збуцвелых стрэх узнімаліся і мільгалі на чыстым паветры, то справа, то злева, па меры таго, як брычка рабіла павароты, дзве сельскія царквы, адна поруч з другой: апусцелая драўляная і каменная, з жоўценькімі сценамі, уся ў плямах і расколінах. Часткамі стаў паказвацца панскі дом і, нарэшце, глянуў увесь у тым месцы, дзе ланцуг хат абарваўся, і на месцы іх застаўся пустыром агарод, або капуснік, абгароджаны нізкім, дзе-ні-дзе паламаным плотам. Нейкім старым інвалідам глядзеў гэты дзіўны замак, доўгі, доўгі непамерна. Мясцінамі ён быў у адзін паверх, мясцінамі ў два; на цёмным даху, які не ўсюды надзейна ахоўваў яго старасць, тырчэлі два бельведэры адзін супроць другога; абодва яны пахіліліся ўжо і страцілі фарбу, якая калісьці пакрывала іх. На сценах дома дзе-ні-дзе відаць было голае пакрыжаванне атынкоўкі; яны, як відаць, многа пацярпелі ад усякіх нягод, дажджоў, віхураў і асенніх перамен. З акон толькі два былі адчынены, астатнія былі застаўлены акяніцамі, або нават забіты дошкамі. Гэтыя два акны, з свайго боку, таксама былі падслепаватыя; на адным з іх цямнеў наклеены трохкутнік з сіняй паперы з-пад цукру.