Выбрать главу

Дык вось якога роду памешчык стаяў перад Чычыкавым! Трэба сказаць, што такая з’ява рэдка трапляецца на Русі, дзе ўсё любіць хутчэй разгарнуцца, чым сціснуцца, і тым больш уражае яно, што тут-жа ў суседстве трапіцца памешчык, які гуляе на ўсю шырыню рускага ўдальства і панства, які марнатравіць, як кажуць, наскрозь жыццё. Небывалы праезджы спыніцца са здзіўленнем, убачыўшы яго жытло, не цямячы, які ўладарны прынц апынуўся раптам сярод маленькіх, цёмных уласнікаў: палацамі глядзяць яго белыя, каменныя дамы з незлічоным мноствам комінаў, бельведэраў, флюгераў, абкружаныя статкам флігеляў і ўсякімі памяшканнямі для прыезджых гасцей. Чаго толькі няма ў яго? Тэатры, балы; усю ноч ззяе аздоблены агнямі і плошкамі, напоўнены громам музыкі сад. Поўгуберні шыкоўна і весела гуляе пад дрэвамі, і ніхто не бачыць нічога дзікага і пагражаючага ў гэтым гвалтоўным асвятленні, калі тэатральна выскаквае з гушчару дрэў аблітая фальшывым святлом галіна, пазбаўленая сваёй яркай зеляніны, а ўгары больш цёмна і сурова, і ў дваццаць разоў больш грозна паўстае праз гэта начное неба, і, далёка трапечучы лісцем у вышыні, адыходзячы глыбей у неабудны змрок, абураюцца суровыя верхавіны дрэў на гэты мішурны бляск, што асвятліў знізу іх карэнне.

Ужо некалькі хвілін стаяў Плюшкін, не кажучы ні слова, а Чычыкаў усё яшчэ не мог распачаць размовы, зацікаўлены як выглядам самога гаспадара, так і ўсяго таго, што было ў яго пакоі. Доўга не мог ён прыдумаць, якімі-б словамі выказаць прычыну свайго наведвання. Ён ужо хацеў выказацца ў такім духу, што, наслухаўшыся аб добрых якасцях і выключных уласцівасцях яго душы, палічыў за абавязак прынесці асабіста даніну павагі, але схамянуўся і адчуў, што гэта занадта. Кінуўшы скоса яшчэ адзін позірк на ўсё, што было ў пакоі, ён адчуў, што словы добрыя якасці і выключныя ўласцівасці душы можна з поспехам замяніць словамі: эканомія і парадак; таму перайначыўшы такім чынам прамову, ён сказаў, што, наслухаўшыся аб эканоміі яго і выключным кіраванні маёнткамі, ён палічыў за абавязак пазнаёміцца і прынесці асабіста сваё шанаванне. Вядома, можна-б было прывесці іншую, лепшую прычыну, але нічога іншага не трапіла тады на думку.