Выбрать главу

На гэта Плюшкін штосьці прамармытаў праз губы, — бо зубоў не было, што іменна, невядома, але, мабыць, сэнс быў такі: «А пабраў-бы цябе чорт з тваім шанаваннем!» Але паколькі гасціннасць у нас такая шырокая, што і скнара не можа пераступіць яе законаў, дык ён дадаў тут-жа больш выразна: «Прашу пакорна садзіцца!»

«Я даўнавата не бачу гасцей», сказаў ён: «ды, прызнацца сказаць, мала бачу ў іх карысці. Завялі непрыстойнейшы звычай ездзіць адзін да другога, а ў гаспадарцы недагляд... Ды і коней іх кармі сенам! Я ўжо даўно паабедаў, а кухня ў мяне нізкая, надзвычай дрэнная, і комін зусім абваліўся, пачнеш паліць, яшчэ пажару наробіш».

«Вось яно як!» падумаў сам сабе Чычыкаў, «добра-ж, што я ў Сабакевіча перахапіў ватрушку, ды кавалак барановага бока».

«I такі паганы анекдот, што сена хоць-бы жменя ў цэлай гаспадарцы!» гаварыў далей Плюшкін. «Ды і сапраўды, як прыхаваеш яго? зямліца маленькая, мужык гультай, працаваць не любіць, думае, як-бы ў карчму... таго і глядзі, пойдзеш на старасці год з торбай!»

«Мне, аднак-жа, казалі», сціпла заўважыў Чычыкаў: «што ў вас больш за тысячу душ».

«А хто гэта казаў! А вы-б, бацюхна, наплявалі ў вочы таму, хто гэта казаў! Ён, насмешнік, відаць, хацеў пажартаваць з вас. Вось, кажуць, тысяча душ, а паспрабуй палічы, дык нічога і не налічыш! Апошнія тры гады праклятая гарачка вымарыла ў мяне вялізны куш мужыкоў.

«Скажыце! і шмат вымарыла?» выгукнуў Чычыкаў са спагадай.

«Не буду хлусіць, бацюхна».

«Дазвольце яшчэ запытацца: гэтыя-ж душы, я мяркую, вы лічыце з дня падачы апошняй рэвізіі?»

«Гэта-б яшчэ дзякуй богу», сказаў Плюшкін, «ды бяда вось, што з таго часу да ста дваццаці назбіраецца».

«Праўда? цэлых сто дваццаць?» выгукнуў Чычыкаў і нават разявіў крыху рот ад здзіўлення.

«Я стары, бацюхна, хлусіць: сёмы дзесятак жыву!» сказаў Плюшкін. Ён, здавалася, пакрыўдзіўся такім, амаль радасным, выгукам. Чычыкаў заўважыў, што такая абыякавасць да чужога гора сапраўды непрыстойна, і таму ўздыхнуў тут-жа і сказаў, што спачувае.

«Ды спачуванне-ж у кішэню не пакладзеш», сказаў Плюшкін. «Вось, каля мяне жыве капітан, чорт яго ведае, адкуль узяўся, кажа сваяк: дзядзечка, дзядзечка! і ў руку цалуе, а як пачне спачуваць, выццё такое ўзнімае, што вушы беражы. З твару ўвесь чырвоны: да пенніку, мабыць, вялікую схільнасць мае. Пэўна, спусціў грошыкі, служачы ў афіцэрах, або тэатральная актрыса вымантачыла, дык вось ён цяпер і спачувае».

Чычыкаў пастараўся растлумачыць, што яго спачуванне зусім не такое, як капітанскае, і што ён не пустымі словамі, а справай гатоў давесці яго і, не адкладаючы справы далей, без ускосных размоў, тут-жа выказаў гатоўнасць прыняць на сябе абавязак плаціць падаткі за ўсіх сялян, якія памерлі ад такіх няшчасных выпадкаў. Прапанова, здавалася, канчаткова здзівіла Плюшкіна. Ён, вылупіўшы вочы, доўга глядзеў на яго і, нарэшце, запытаў: «Ды вы, бацюхна, ці не служылі часам у ваеннай службе?»

«Не», адказаў Чычыкаў даволі хітра: «служыў па цывільнай».

«Па цывільнай?» паўтарыў Плюшкін і пачаў жаваць губамі, як быццам штосьці еў. «Ды як-жа гэта? Гэта-ж вам самім утратна?»

«Для вашай прыемнасці гатоў і на страты».

«Ах, бацюхна! ах, дабрадзей мой!» ускрыкнуў Плюшкін, не заўважаючы ад радасці, што з носа ў яго вельмі немаляўніча вылезла табака накшталт густога кофе, і крыссе халата, расхінуўшыся, паказала адзенне, не вельмі прыстойнае для разглядання. «Вось уцешылі старога! Ах, божа ты мой! ах, свяціцелі вы мае!..» Далей Плюшкін і гаварыць не мог. Але не прайшло і хвіліны, як гэтая радасць, якая так імгненна з’явілася на драўляным твары яго, гэтак-жа імгненна і знікла, быццам яе зусім не было, і твар яго зноў набыў заклапочаны выраз. Ён нават абцёрся хустачкай і, згарнуўшы яе ў камяк, пачаў вазіць ёю сябе па верхняй губе.

«Як-жа, з дазволу вашага, каб не раззлаваць вас, вы за кожны год падручаецеся плаціць за іх падаткі? і грошы будзеце выдаваць мне ці ў казну?»

«Ды мы вось як зробім: мы складзем на іх купчую крэпасць, быццам яны жывыя і быццам вы іх мне прадалі».

«Так, купчую крэпасць...» сказаў Плюшкін, задумаўся і пачаў зноў жаваць губамі. «Вось-жа купчую крэпасць — усё выдаткі. У прыказных зусім сумлення няма! Раней бывала поўрублём медзі адчэпішся, ды мехам мукі, а цяпер пашлі цэлы воз круп, ды і чырвоную паперку дадай, такое срэбралюбства! Я не ведаю, як гэта ніхто не зверне на гэта ўвагі. Ну, сказаў-бы яму як-небудзь душаратуючае слова!