Словам-жа хоць каго проймеш. Хто што ні кажы, а супраць душаратоўчага слова не ўстоіш».
«Ну ты, я мяркую, устоіш!» падумаў сам сабе Чычыкаў і сказаў тут-жа, што, з пашаны да яго, ён гатоў прыняць нават выдаткі па купчай на свой кошт.
Пачуўшы, што нават выдаткі па купчай ён прымае на сябе, Плюшкін зрабіў вывад, што госць, мабыць, зусім дурны, і толькі прыкідваецца, быццам служыў па цывільнай, а пэўна быў у афіцэрах і валачыўся за акторкамі. Пры ўсім гэтым ён аднак-жа не мог утаіць сваёй радасці і пажадаў усякіх уцех не толькі яму, але нават і дзеткам яго, не запытаўшы, ці былі яны ў яго, ці не. Падышоўшы да акна, пастукаў ён пальцам у шыбу і закрычаў: «Гэй, Прошка!» Праз хвіліну было чуваць, хтосьці ўбег задыхаўшыся ў сенцы, доўга корпаўся там і стукаў ботамі, нарэшце, дзверы адчыніліся і ўвайшоў Прошка, хлопчык гадоў трынаццаці, у такіх вялікіх ботах, што ступаючы ледзь не выцягнуў з іх ногі. Чаму ў Прошкі былі такія вялікія боты, аб гэтым можна даведацца зараз-жа: у Плюшкіна для ўсёй дворні, колькі ні было яе ў доме, былі адны толькі боты, якія павінны былі заўсёды знаходзіцца ў сенцах. Кожны, каго клікалі ў панскія пакоі, звычайна скакаў праз увесь двор босы, але, уваходзячы ў сенцы, абуваў боты і такім ужо чынам з’яўляўся ў пакой. Выходзячы з пакоя, ён пакідаў боты зноў у сенцах і ішоў зноў на ўласнай падэшве. Калі-б хто глянуў з акна ў асеннюю пару і асабліва калі раніцамі пачынаюцца маленькія замаразкі, дык убачыў-бы, што ўся дворня рабіла такія падскокі, якія наўрад ці ўдасца вырабіць на тэатрах самаму спрытнаму танцоўшчыку.
«Вось паглядзіце, бацюхна, якая морда!» сказаў Плюшкін Чычыкаву, паказваючы пальцам на твар Прошкі. «Дурны-ж як дрэва, а спрабуй што-небудзь палажыць, умомант украдзе! Ну, чаго ты прышоў, дурань, скажы чаго?» Тут ён зрабіў невялічкую маўчанку, на што Прошка адказаў таксама маўчаннем. «Пастаў самавар, — чуеш? ды вось вазьмі ключ ды аддай Маўры, каб пайшла ў кладоўку: там на паліцы ёсць сухар з куліча, які прывезла Аляксандра Сцяпанаўна, — каб падалі яго да чаю!.. пачакай, куды ты? дурніца, эхва, дурніца!.. Чорт у цябе ў нагах свярбіць, ці што?.. ты выслухай перш: сухар зверху, пэўна, папсаваўся, дык няхай саскрабе яго нажом, ды крошак не кідае, а занясе ў курасадню. Ды глядзі ты, ты не ўваходзь, брат, у кладоўку, а то я цябе, ведаеш! бярозавым венікам, каб для смаку! вось у цябе цяпер добры апетыт, дык каб быў яшчэ лепшы. Вось папрабуй пайсці ў кладоўку, а я тым часам з акна буду глядзець. Ім ні ў чым нельга верыць», гаварыў ён далей, звярнуўшыся да Чычыкава, пасля таго як Прошка знік разам са сваімі ботамі. Услед за тым ён пачаў і на Чычыкава паглядаць падазрона. Рысы такой незвычайнай велікадушнасці сталі яму здавацца непраўдападобнымі, і ён падумаў сам сабе: «Чорт-жа яго ведае, можа быць ён проста хвалько, як усе гэтыя мацішкі; нахлусіць, нахлусіць, каб пагаварыць, ды напіцца чаю, а потым і паедзе!» А таму з перасцярогі і разам з тым жадаючы некалькі выпрабаваць яго, сказаў ён, што нядрэнна было-б скласці купчую хутчэй, бо ў чалавеку, бачыш, няма пэўнасці: сёння жыве, а заўтра бог ведае.
Чычыкаў выказаў гатоўнасць скласці хоць у гэтую-ж хвіліну і папрасіў толькі спіс усіх сялян.
Гэта супакоіла Плюшкіна. Прыкметна было, што ён прыдумваў нешта зрабіць, і сапраўды, узяўшы ключы, наблізіўся да шафы і, адамкнуўшы дзверцы, доўга корпаўся паміж шлянкамі і кубачкамі і нарэшце прамовіў: «Вось-жа не адшукаеш, а ў мяне быў слаўны лікёрчык, калі толькі не выпілі! народ, такія зладзеі! А вось хіба ці не гэта ён?» Чычыкаў убачыў у руках яго графінчык, які быў увесь у пыле, як у фуфайцы. «Яшчэ нябожчыца рабіла», гаварыў далей Плюшкін: «шэльма-ключніца зусім была яго закінула і нават не закаркавала, шэльма! Казюлькі і розная дрэнь былі налезлі туды, але я ўсё смецце падаставаў і цяпер вось чысценькі, я вам налью чарачку».
Але Чычыкаў пастараўся адмовіцца ад такога лікёрчыка, сказаўшы, што ён ужо і еў, і піў.
«Пілі ўжо і елі», сказаў Плюшкін: «Так вядома, прыстойных колаў чалавека хоць дзе пазнаеш: ён не есць, а не галодны; а як гэткі які-небудзь зладзюжка, ды яго колькі ні кармі... Вось-жа, як капітан прыедзе: «Дзядзечка», кажа, «дайце чаго-небудзь з’есці!» А я яму такі-ж дзядзечка, як ён мне дзядуля. У сябе дома есці, пэўна, няма чаго, дык вось ён і бадзяецца! Ага, вам-жа патрэбен рэестрык усіх гэтых дармаедаў? Як-жа, я нібыта ведаў, усіх іх спісаў на асобную паперку, каб пры першай падачы рэвізіі ўсіх іх выкасаваць». Плюшкін надзеў акуляры і пачаў перакопваць паперы. Развязваючы розныя звязкі, ён пачаставаў свайго госця такім пылам, што той чхнуў. Нарэшце, выцягнуў паперку, усю спісаную да звання. Сялянскія імёны ўсыпалі яе цесна, як мошкі. Былі тут усякія: і Парамонаў, і Піменаў, і Панцелеймонаў, і нават выглянуў нейкі Грыгорый Даязджай-не-даедзеш; усіх было больш за сто дваццаць. Чычыкаў усміхнуўся, убачыўшы такое мноства. Схаваўшы яе ў кішэню, ён заўважыў Плюшкіну, што яму трэба будзе для напісання крэпасці прыехаць у горад.