«А колькі іх будзе лікам?»
«Ды дзесяткаў да сямі таксама назбіраецца».
«Ну?!»
«А дальбог так! У мяне-ж што ні год, то ўцякаюць. Народ ужо вельмі ненажэрны, ад гультаявання завёў прывычку жэрці, а ў мяне есці і самому няма чаго... А я-ж бы за іх, што ні дай, узяў-бы. Дык парайце вашаму прыяцелю вось: калі знойдзецца толькі дзесятак, дык і то ўжо ў яго добрыя грошы. Бо рэвізская душа каштуе пяцьсот рублёў».
«Не, гэтага мы прыяцелю і панюхаць не дамо», сказаў сам сабе Чычыкаў і потым растлумачыў, што такога прыяцеля ніяк не знойдзецца, што адны выдаткі па гэтай справе будуць каштаваць больш; бо ад судоў трэба адразаць крыссе ўласнага кафтана, ды ўцякаць як мага далей; але калі яму сапраўды так скрутна, дык, будучы ўзрушаны спачуваннем, ён гатоў даць.. але што гэта такая драбніца, аб якой не варта нават і гаварыць.
«А колькі-б вы далі?» запытаўся Плюшкін і сам ажыдавеў: рукі яго задрыжэлі, як жывое срэбра.
«Я даў-бы па дваццаць пяць капеек за душу».
«А як вы купляеце, на чыстыя?»
«Так, зараз грошы».
«Толькі, бацюхна, дзеля беднасці маёй, ужо далі-б па сорак капеек».
«Шаноўнейшы!» сказаў Чычыкаў. «Не толькі па сорак капеек, па пяцьсот рублёў заплаціў-бы! з прыемнасцю заплаціў-бы, таму што бачу паважаны, добры стары церпіць праз уласную дабрадушнасць».
«А дальбог так! дальбог, праўда!» сказаў Плюшкін, апусціўшы галаву ўніз і засмучана паківаўшы ёю: «усё ад дабрадушнасці».
«Вось бачыце, я раптам зразумеў ваш характар. Значыць, чаму-ж не даць-бы мне па пяцьсот рублёў за душу, але... сродкаў няма; па пяць капеек, калі хочаце, гатоў дадаць, каб кожная душа абышлася такім чынам па трыццаць капеек».
«Ну, бацюхна, воля ваша, хоць па дзве капейкі дадайце».
«Па дзве капейкі дадам, хай будзе па-вашаму. Колькі іх у вас? Вы, здаецца, казалі семдзесят?»
«Не. Усяго назбіраецца семдзесят восем».
«Семдзесят восем, семдзесят восем, па трыццаць капеек за душу, гэта будзе...» тут герой наш адну секунду, не больш, падумаў і сказаў раптам: «гэта будзе дваццаць чатыры рублі дзевяноста шэсць капеек!» Ён быў у арыфметыцы моцны. Тут-жа прымусіў ён Плюшкіна напісаць распіску і выдаў яму грошы, якія той прыняў у абедзве рукі і панёс іх да бюро з такой асцярожнасцю, як быццам-бы нёс якую-небудзь вадкасць, штохвіліны баючыся расплёскаць яе. Падышоўшы да бюро, ён перагледзеў іх яшчэ раз і паклаў таксама надзвычай асцярожна ў адну з шуфляд, дзе, пэўна, ім суджана быць пахаванымі да таго часу, пакуль айцец Карп і айцец Палікарп, два свяшчэннікі яго вёскі, не пахаваюць яго самога, на невыказную радасць зяця і дачкі, а магчыма і капітана, які прыпісаўся яму ў радню. Схаваўшы грошы, Плюшкін сеў у крэсла і ўжо, здавалася, больш не мог знайсці матэрыі, пра што гаварыць.
«А што, вы ўжо збіраецеся ехаць? сказаў ён, заўважыўшы невялікі рух, які зрабіў Чычыкаў для таго толькі, каб дастаць з кішэні хустачку.
Гэтае запытанне напомніла яму, што сапраўды няма чаго больш марудзіць. «Так, мне пара!» сказаў ён, узяўшыся за капялюш.
«А чайку?»
«Не, чайку ўжо няхай лепш як-небудзь другім разам».
«Як-жа, а я загадаў самавар. Я, прызнацца сказаць, не ахвотнік да чаю: пітво дарагое, ды і цана на цукар узнялася неміласэрная. Прошка! не трэба самавара! Сухар занясі Маўры, чуеш: няхай яго пакладзе на тое-ж месца, ці не, падай яго сюды, я ўжо занясу яго сам. Бывайце, бацюхна, хай блаславіць вас бог! А пісьмо старшыні вы аддайце. Так! няхай прачытае, ён мой стары знаёмы. Як-жа! былі з ім аднакарытнікамі!»
Потым, гэтая дзіўная з’ява, гэты скурчаны дзядуля правёў яго з двара, пасля чаго загадаў вароты зараз-жа замкнуць, потым абышоў кладоўкі, з тым, каб агледзець, ці на сваіх месцах вартаўнікі, якія стаялі на ўсіх рагах, барабанячы драўлянымі лапаткамі ў пустую бочку, замест чыгуннай дошкі; пасля гэтага зайшоў у кухню, дзе пад выглядам таго, каб пакаштаваць, ці добра харчуюцца людзі, ніштавата наеўся капусты з кашай і, вылаяўшы ўсіх да апошняга за зладзейства і кепскія паводзіны, вярнуўся ў свой пакой. Застаўшыся адзін, ён нават падумаў аб тым, як-бы гэта яму аддзякаваць гасцю за такую, сапраўды, бяспрыкладную велікадушнасць. «Я яму падарую», падумаў ён сам сабе, «кішанёвы гадзіннік: ён-жа добры, срэбны гадзіннік, а не які-небудзь тампаковы, або бронзавы, крыху папсаваны, ды ён-жа сабе паправіць; ён чалавек яшчэ малады, дык яму патрэбен кішанёвы гадзіннік, каб спадабацца сваёй нявесце! Ці не», дадаў ён пасля некаторага разважання, «лепш я пакіну яго яму пасля маёй смерці, у духоўнай, каб успамінаў пра мяне».