Выбрать главу

I доўга яшчэ вызначана мне цудоўнай уладай ісці поруч з маімі дзіўнымі героямі, азіраць усё велізарна-бурлівае жыццё, азіраць яго праз відочны свету смех і невідочныя, невядомыя яму слёзы! I далёка яшчэ той час, калі іншай крыніцай грозная бура натхнення ўзнімецца з ахутанай святым жахам і ззяннем галавы, і пачуюць ва ўсхвалёваным трапятанні велічны гром іншых размоў...

У дарогу! у дарогу! прэч набегшая на чало маршчына і суровая хмурнасць аблічча! Разам і раптам акунемся ў жыццё з усёй яго бязгучнай траскатнёй, бразгатнёй, і шамкамі, ды паглядзім, што робіць Чычыкаў.

Чычыкаў прачнуўся, пацягнуў рукі і ногі і адчуў, што выспаўся добра. Паляжаўшы хвіліны дзве на спіне, ён пстрыкнуў рукой і ўспомніў з прасвятлелым тварам, што ў яго цяпер без малога чатырыста душ. Тут-жа ўскочыў ён з пасцелі, не паглядзеўшы нават на свой твар, які любіў шчыра і ў якім, як здаецца, прывабнейшым за ўсё лічыў падбародак, бо вельмі часта хваліўся ім перад кім-небудзь з прыяцеляў, асабліва калі гэта адбывалася ў часе галення. «Вось паглядзі», гаварыў ён звычайна, пагладжваючы яго рукой: «які ў мяне падбародак: зусім круглы!» Але цяпер ён не зірнуў ні на падбародак, ні на твар, а проста так, як быў, абуў саф’янавыя боты з разьбянымі выкладкамі розных колераў, якімі бойка гандлюе горад Таржок, дзякуючы халатным пабуджэнням рускай натуры, і па-шатландску, у адной кароткай сарочцы, забыўшы сваю важнасць і прыстойныя сярэднія гады, падскочыў два разы па пакоі, прышлёпнуўшы сябе вельмі лоўка пяткай нагі. Потым у тую-ж хвіліну ўзяўся за справу: перад шкатулкай пацёр рукі з такім-жа здавальненнем, як пацірае іх, выехаўшы на следства, непадкупны земскі суд, падыходзячы да закускі, і зараз-жа дастаў з яе паперы. Яму хацелася хутчэй скончыць усё, не адкладаючы на доўга. Сам вырашыў ён скласці крэпасці, напісаць і перапісаць, каб не плаціць нічога пад’ячым. Форменны парадак быў яму добра вядомы: спрытна выставіў ён вялікімі літарамі: тысяча восемсот такога-та года, потым услед за гэтым дробнымі: памешчык такі і такі і ўсё, што трэба. За дзве гадзіны гатова было ўсё. Калі глянуў ён потым на гэтыя лісткі, на мужыкоў, якія, сапраўды, былі калісьці мужыкамі, працавалі, аралі, п’янствавалі, займаліся возніцтвам, ашуквалі паноў, а можа, і проста былі добрымі мужыкамі, дык нейкае дзіўнае, незразумелае яму самому пачуццё авалодала ім. Кожная з запісачак як быццам мела нейкі асаблівы характар і праз гэта, як быццам, самі мужыкі набывалі свой уласны характар. Мужыкі, якія належалі Каробачцы, усе амаль былі з прыдаткамі і мянушкамі. Запіска Плюшкіна вызначалася лаканічнасцю стылю: часта былі выстаўлены толькі пачатковыя літары імён і імён па бацьку і потым дзве кропкі. Рэестр Сабакевіча здзіўляў незвычайнай паўнатой і грунтоўнасцю: ні адна з якасцей мужыка не была прапушчана: аб адным было сказана «добры столяр», да другога было прыпісана «кемлівы і хмельнага не ўжывае». Паказана было таксама грунтоўна, хто бацька, і хто маці, і якіх абое былі паводзін; у аднаго толькі нейкага Фядотава была напісана «бацька невядома хто, а нарадзіўся ад дваровай дзеўкі Капіталіны, але добрага характару і не злодзей». Усе гэтыя падрабязнасці надавалі нейкі асаблівы выгляд свежасці: здавалася, як быццам мужыкі яшчэ ўчора былі жывымі. Гледзячы доўга на імёны іх, ён расчуліўся і, уздыхнуўшы, сказаў: «Бацюхны мае, колькі вас тут напакавана! што вы, небаракі мае, параблялі на сваім вяку? як перабіваліся?» I вочы яго мімаволі спыніліся на адным прозвішчы, гэта быў вядомы Пётр Савельеў. Неўважай-карыта, які належаў калісьці памешчыцы Каробачцы. Ён зноў не ўцярпеў, каб не сказаць: «Эх, які доўгі, на ўвесь радок раз’ехаўся! Ці ты быў майстар, ці просты мужык, і якой смерцю цябе прыбрала? Ці ў карчме, ці сярод дарогі пераехаў цябе соннага нязграбны абоз? Каробка Сцяпан, цясляр, цвярозасці прыкладнай. А! вось ён, Сцяпан Пробка, вось той асілак, што ў гвардыю быў-бы годны! Напэўна, усе губерні выхадзіў з тапаром за поясам і ботамі на плячах, з’ядаў на грош хлеба, ды на два сушанай рыбы, а ў каліце, пэўна, кожны раз цягнуў дамоў рубельчыкаў па сто, а мо’ і дзяржаўную [