Выбрать главу

«Эхэ, хэ! дванаццаць гадзін!» сказаў, нарэшце, Чычыкаў, зірнуўшы на гадзіннік. «Што-ж я так закапаўся? Ды яшчэ хоць-бы справай займаўся, а то ні з таго, ні з сяго, спачатку загарадзіў глупства, а потым задумаўся. Гэтакі я дурань сапраўды!» Сказаўшы гэта, ён перамяніў сваё шатландскае ўбранне на еўрапейскае, сцягнуў мацней спражкай свой поўны жывот, спрыснуў сябе адэкалонам, узяў у рукі цёплую шапку і паперы падпаху і пайшоў у грамадзянскую палагу складаць купчую. Ён спяшаўся не таму, што баяўся спазніцца, спазніцца ён не баяўся, бо старшыня быў чалавек знаёмы і мог працягнуць і скараціць згодна яго жадання прысуцтвіе, падобна старадаўняму Зевесу Гамера, які працягваў дні і насылаў хуткія ночы, калі трэба было спыніць бой любых яму герояў, ці даць ім сродак скончыць бойку, але ён сам у сабе адчуваў жаданне як мага хутчэй прывесці справы да канца; да таго-ж часу яму здавалася ўсё неяк неспакойна і нялоўка; усё-ж прыходзіла думка: што душы не зусім сапраўдныя, і што ў падобных выпадках такую мароку заўсёды трэба хутчэй збываць з рук. Не паспеў ён выйсці на вуліцу, разважаючы пра ўсё гэта і ў той-жа час цягнучы на плячах мядзведзя, крытага карычневым сукном, як на самым павароце ў завулак спаткаўся таксама з панам у мядзведзях, крытых карычневым сукном, і ў цёплай шапцы з вушамі. Пан ускрыкнуў, гэта быў Манілаў. Яны схапілі тут-жа адзін аднаго ў абдымкі і хвілін пяць стаялі на вуліцы ў такім стане. Пацалункі з абодвух бакоў былі такія моцныя, што ў абодвух амаль увесь дзень балелі пярэднія зубы. У Манілава ад радасці засталіся на твары толькі нос ды губы, вочы зусім зніклі. З чвэрць гадзіны трымаў ён абодвума рукамі руку Чычыкава і нагрэў яе страшэнна. У выразах самых тонкіх і прыемных ён расказваў, як ляцеў абняць Паўла Іванавіча; размова была закончана такім кампліментам, які пасаваў хіба толькі да дзяўчыны, з якой ідуць танцаваць. Чычыкаў разявіў рот, яшчэ не ведаючы сам, як дзякаваць, як раптам Манілаў дастаў з-пад шубы паперу, скручаную ў трубачку і звязаную ружовай істужачкай.