«А ваша як здароўе?»
«Дзякуй богу, не паскарджуся», сказаў Сабакевіч. I сапраўды, не было на што скардзіцца: хутчэй жалеза магло прастудзіцца і кашляць, чым гэты на дзіва сфармаваны памешчык.
«Так, вы заўсёды славіліся здароўем», сказаў старшыня: «і нябожчык ваш бацюхна быў таксама моцны чалавек».
«Так, на мядзведзя адзін хадзіў», адказаў Сабакевіч.
«Мне здаецца, аднак-жа», сказаў старшыня, «вы-б таксама павалілі мядзведзя, калі-б захацелі выйсці супроць яго».
«Не, не павалю», адказаў Сабакевіч, «нябожчык быў мацней за мяне», і, уздыхнуўшы, гаварыў далей: «Не, цяпер не тыя людзі; вось хоць і маё жыццё, што за жыццё? так неяк сабе...»
«Чым-жа кепскае ваша жыццё?» сказаў старшыня.
«Нядобра, нядобра», сказаў Сабакевіч, паківаўшы галавой. «Вы памяркуйце, Іван Грыгор’евіч: пяты дзесятак жыву, ні разу не быў хворы, хоць-бы галава забалела, скула ці балячка выскачыла... Не, не на дабро! Калі-небудзь давядзецца разлічыцца за гэта». Тут Сабакевіч паглыбіўся ў меланхолію.
«Дзівак!» падумалі ў адзін час і Чычыкаў і старшыня, «на што ўздумаў наракаць!»
«Да вас у мяне ёсць пісямко», сказаў Чычыкаў, дастаўшы з кішэні ліст Плюшкіна.
«Ад каго?» сказаў старшыня і, распячатаўшы, ускрыкнуў: «А! ад Плюшкіна. Ён яшчэ да гэтага часу гібее на свеце. Вось лёс, а які-ж быў разумны, багацейшы чалавек! а цяпер...»
«Сабака», сказаў Сабакевіч, «шэльма, усіх людзей перамарыў голадам».
«Калі ласка, калі ласка», сказаў старшыня, прачытаўшы ліст: «я гатоў быць павераным. Калі вы хочаце зрабіць купчую—цяпер ці пасля?»
«Цяпер», сказаў Чычыкаў: «я буду прасіць нават вас, калі можна, сёння; таму што мне заўтра хацелася-б выехаць з горада: я прынёс і крэпасці і просьбу».
«Усё гэта добра, толькі ўжо як хочаце, мы вас не выпусцім так рана. Крэпасці будуць зроблены сёння, а вы ўсё-такі з намі пажывіце. Вось я зараз аддам загад», сказаў ён і адчыніў дзверы ў канцылярскі пакой, увесь напоўнены чыноўнікамі, якія былі падобны да працавітых пчол, што рассыпаліся па сотах, калі толькі соты можна прыраўняць да канцылярскіх спраў: «Іван Антонавіч тут?»
«Тут!» адгукнуўся голас з сярэдзіны.
«Паклічце яго сюды!»
Ужо вядомы чытачам Іван Антонавіч гладышовае рыла з’явіўся ў зале прысуцтвія і пачціва пакланіўся.
«Вось вазьміце, Іван Антонавіч, усе гэтыя крэпасці іх...»
«Ды не забудзьце, Іван Грыгор’евіч», падхапіў Сабакевіч: «трэба будзе сведак, хоць па два з кожнага боку. Пашліце цяпер-жа да пракурора: ён чалавек не заняты і, пэўна, сядзіць дома, за яго ўсё робіць страпчы Залатуха, найбольшы хапуга ў свецві Інспектар урачэбнай управы, ён таксама чалавек не заняты і, пэўна, дома, калі не паехаў куды-небудзь гуляць у карты, ды яшчэ тут шмат ёсць, хто бліжэй, Трухачэўскі, Бягушкін, яны ўсе марна абцяжваюць зямлю!»
«Іменна, іменна!» сказаў старшыня і зараз-жа паслаў па іх усіх канцылярскага.
«Яшчэ я папрашу вас», сказаў Чычыкаў, «пашліце па паверанага адной памешчыцы, у якой я таксама зрабіў пакупку, сына пратапопа айца Кірыла; ён служыць у вас-жа».
«Як-жа, пашлем і па яго!» сказаў старшыня: «усё будзе зроблена, а чыноўным вы нікому не давайце нічога, аб гэтым я вас прашу. Прыяцелі мае не павінны плаціць». Сказаўшы гэта, ён тут-жа даў Івану Антонавічу нейкі загад, які, відаць, таму не спадабаўся. Крэпасці зрабілі, здаецца, добры ўплыў на старшыню, асабліва калі ён убачыў, што ўсіх пакупак было амаль на сто тысяч рублёў. Некалькі хвілін ён глядзеў у вочы Чычыкаву з выразам вялікай прыемнасці, і нарэшце сказаў: «Ды вось як! Гэтакім-вось чынам, Павел Іванавіч! дык вось вы набылі».
«Набыў», адказаў Чычыкаў.
«Добрая справа, дапраўды добрая справа!»
«Так, я сам бачу, што больш добрай справы не мог-бы зрабіць. Як-бы там ні было, мэта чалавека ўсё яшчэ не акрэслена, калі ён не стаў нарэшце цвёрдай нагой на трывалы грунт, а не на якую-небудзь вольнадумную хімеру юнацтва». Тут ён вельмі дарэчы вылаяў за лібералізм, і па заслугах усіх маладых людзей. Але цікава, што ў словах яго была ўсё-ж нейкая няцвёрдасць, як быццам тут-жа сказаў ён сам сабе: «Эх, брат, хлусіш ты, ды яшчэ і як!» Ён нават не глянуў на Сабакевіча і Манілава, баючыся што-небудзь спаткаць на іх тварах. Але дарэмна баяўся ён: твар Сабакевіча не варухнуўся, а Манілаў, зачараваны фразаю, ад прыемнасці толькі ківаў ухвальна галавой, паглыбіўшыся ў такі настрой, у якім знаходзіцца знаўца музыкі, калі спявачка перасіліла самую скрыпку і піскнула такую тонкую ноту, што не пад сілу і птушынаму горлу.