Выбрать главу

«Ды што-ж вы не скажаце Івану Грыгор’евічу», абазваўся Сабакевіч: «што такое іменна вы набылі; а вы, Іван Грыгор’евіч, што вы не запытаеце, які набытак яны зрабілі? Гэта-ж які народ! проста золата. Я-ж ім прадаў і карэтніка Міхеева».

«Не, быццам і Міхеева прадалі?» сказаў старшыня. «Я ведаю карэтніка Міхеева: слаўны майстар: ён мне дрожкі перарабіў. Толькі дазвольце, як-жа... Вы-ж мне казалі, што ён памёр...»

«Хто, Міхееў памёр?» сказаў Сабакевіч, ніколькі не збянтэжыўшыся. «Гэта яго брат памёр, а ён жыве хоць-бы што і зрабіўся здаравей як быў. Днямі такую брычку змайстраваў, што і ў Маскве не зробяць. Яму, праўду кажучы, толькі на аднаго гасудара і працаваць».

«Так, Міхееў слаўны майстар», сказаў старшыня: «і я дзіўлюся нават, як вы маглі з ім расстацца».

«Ды быццам адзін Міхееў! А Пробка Сцяпан, цясляр, Мілушкін цагельнік, Цялятнікаў Максім шавец, усе-ж пайшлі, усіх прадаў». А калі старшыня запытаў, чаму-ж яны пайшлі, будучы людзьмі патрэбнымі дома і майстрамі, Сабакевіч адказаў, махнуўшы рукой: «А! так проста найшла дурасць: дай, кажу, прадам, ды і прадаў здуру!» Пасля гэтага ён апусціў галаву, як быццам сам каяўся ў гэтай справе, і дадаў: «Вось і сівы чалавек, а да гэтай пары не набраўся розуму».

«Але дазвольце, Павел Іванавіч», сказаў старшыня: «як-жа вы купляеце сялян, без зямлі? хіба на вывад?»

«На вывад».

«Ну, на вывад другая справа. А ў якія месцы?»

«У месцы... у Херсонскую губерню».

«О, там выдатныя землі!» сказаў старшыня і адазваўся з вялікай пахвалай наконт росту тамашніх траў.

«А зямлі ў дастатковай колькасці?»

«У дастатковай, столькі колькі трэба для купленых сялян»

«Рака ці ставок?»

«Рака. Між іншым і ставок ёсць». Сказаўшы гэта, Чычыкаў зірнуў ненарокам на Сабакевіча, і хоць Сабакевіч быў паранейшаму нерухомы, але яму здавалася, быццам-бы было «апісана на твары яго: «Ой хлусіш ты! наўрад ці ёсць рака, і ставок, ды і ўся зямля!»

Пакуль цягнуліся размовы, пачалі пакрысе з’яўляцца сведкі: знаёмы чытачу пракурор-міргун, інспектар урачэбнай управы, Трухачэўскі, Бягушкін і іншыя, што, паводле слоў Сабакевіча, марна абцяжваюць зямлю. Многія з іх былі зусім незнаёмы Чычыкаву: неставаўшых і лішніх набралі тут-жа з палацкіх чыноўнікаў. Прывялі таксама не толькі сына пратапопа айца Кірылы, але нават і самога пратапопа. Кожны з сведак змясціў сябе з усімі сваімі званнямі і чынамі, хто абаротным шрыфтам, хто касякамі, хто, проста, ледзь не дагары нагамі, ставячы такія літары, якіх нават і не здаралася бачыць у рускім алфавіце. Вядомы Іван Антонавіч управіўся вельмі жвава, крэпасці былі запісаны, занумараваны, занесены ў кнігу і куды след, з прыняццем поўпроцантавых і за надрукаванне ў Ведамасцях, і Чычыкаву давялося заплаціць самую дробязь. Старшыня нават даў загад з пошлінных грошай узяць з яго толькі палавіну, а другая невядома якім чынам была аднесена на кошт нейкага другога просьбіта.

«Такім чынам», сказаў старшыня, калі ўсё было скончана: «застаецца цяпер толькі спрыснуць пакупачку».

«Я гатоў», сказаў Чычыкаў. «Ад вас залежыць толькі вызначыць час. Быў-бы грэх з майго боку, калі-б для гэтакай прыемнай кампаніі ды не адкаркаваць другую-трэцюю бутэлечку шыпучага».

«Не, вы не так зразумелі справу: шыпучага мы самі паставім», сказаў старшыня: «гэта наш абавязак, наш доўг. Вы ў нас госць: нам належыць частаваць. Ці ведаеце што, панове! Пакуль што, а мы вось як зробім: пойдзем усе, так як ёсць, да паліцэймейстара; ён у нас цудадзей: яму варта толькі міргнуць, праходзячы паўз рыбны рад ці склеп, дык мы, ці ведаеце, як закусім! ды з гэтага выпадку і ў вісцішку».

Ад такой прапановы ніхто не мог адмовіцца. Сведкі пры адным найменаванні рыбнага раду адчулі апетыт: зараз-жа ўзяліся ўсе за шапкі, і прысуцтвіе скончылася. Калі праходзілі яны канцылярыю, Іван Антонавіч гладышовае рыла, пачціва пакланіўшыся, сказаў ціхенька Чычыкаву: «Сялян накупілі на сто тысяч, а за працу далі толькі адну беленькую».

«Ды якія-ж сяляне», адказаў яму на гэта таксама шэптам Чычыкаў: «самы пусты і нікчэмны народ, і палавіны не варт». Іван Антонавіч зразумеў, што наведвальнік быў цвёрдага характару і больш не дасць.

«А па колькі купілі душу ў Плюшкіна?» шапянуў яму на другое вуха Сабакевіч.

«А Вераб’я навошта прыпісалі?» сказаў яму ў адказ на гэта Чычыкаў.

«Якога Вераб’я?» сказаў Сабакевіч.

«Ды бабу, Елізавету Вераб’я, яшчэ і літару ъ паставілі на канцы».