велікадушных разуменняў аб заступніцтве. Дуэлі, вядома, паміж імі не было, бо ўсе былі штацкія чыноўнікі, але затое адзін другому стараўся нашкодзіць, дзе было можна, што, як вядома, часам бывае горш за ўсякую дуэль. У паводзінах дамы горада N былі строгія, поўныя высокароднага абурэння супроць усяго распуснага і ўсякіх спакус, каралі без усякай літасці ўсякія слабасці. Калі-ж паміж імі і адбывалася часамі што-небудзь такое, што называюць другое-трэцяе, дык яно адбывалася ўпотай, так што не падавалася ніякага выгляду, што адбывалася; годнасць захоўвалася цалкам, і сам муж быў так падрыхтаваны, што калі і бачыў другое-трэцяе, або чуў пра яго, дык адказваў каротка і разважна прыказкай: ці ёсць справа каму, што правёў кум куму? Яшчэ трэба сказаць, што дамы горада N вызначаліся, падобна многім дамам пецербургскім, надзвычайнай асцярожнасцю і прыстойнасцю ў словах і выразах. Ніколі не гаварылі яны: я высмаркалася, я ўспацела, я плюнула, а гаварылі: я зрабіла палёгку свайму носу, я абышлася пры дапамозе хустачкі, ні ў якім выпадку нельга было сказаць: гэтая шклянка ці гэтая талерка смярдзіць. I нават нельга было сказаць нічога такога, што дало-б намёк на гэта, а гаварылі замест таго: гэтая шклянка нядобра сябе трымае, або штосьці падобнае да гэтага. Каб яшчэ больш аблагародзіць рускую мову, амаль палавіна слоў была выкінута зусім з гаворкі, і таму вельмі часта трэба было звяртацца да французскай мовы, затое ўжо там, па-французску, іншая справа, там дазваляліся такія словы, якія былі куды больш жорсткімі, чым пералічаныя. Такім чынам, вось што можна сказаць аб дамах горада N, гаворачы больш павярхоўна. Але калі зірнуць глыбей, дык, вядома, выявіцца шмат іншых рэчаў; але вельмі небяспечна заглядаць глыбей у дамскія сэрцы. Такім чынам, абмежаваўшыся паверхняй, будзем гаварыць далей. Да гэтага часу ўсе дамы неяк мала гаварылі пра Чычыкава, аддаючы, зрэшты, яму поўную справядлівасць у прыемнасці свецкага абыходжання; але з таго часу, як пранесліся чуткі аб яго мільёнстве, знайшліся і іншыя якасці. Зрэшты, дамы былі зусім не цікаўныя; вінавата ва ўсім слова: мільёншчык, не сам мільёншчык, а іменна адно слова, бо ў адным гуку гэтага слова, апрача ўсякага грашовага мяшка, змяшчаецца нешта такое, што дзейнічае і на людзей падлюг, і на людзей ні сёе ні тое, і на людзей добрых словам, на ўсіх дзейнічае. Мільёншчык мае тую выгаду, што можа бачыць подласць зусім бескарыслівую, чыстую подласць, не абгрунтаваную ні на якіх разліках: многія вельмі добра ведаюць, што нічога не атрымаюць ад яго і не маюць ніякага права атрымаць, але абавязкова хоць забягуць яму наперад, хоць усміхнуцца, хоць знімуць капялюш, хоць напросяцца сілком на абед, калі даведаюцца, што туды запрошаны мільёншчык. Нельга сказаць, каб гэтая пяшчотная прыхільнасць да подласці была адчута дамамі; аднак-жа ў шмат якіх гасціных пачалі гаварыць, што, вядома, Чычыкаў не першы прыгажун, але затое такі, якім трэба быць мужчыне, што калі-б ён быў крыху таўсцей або паўней, гэта ўжо было-б нядобра. Пры гэтым было сказана неяк нават крыху зняважліва наконт тоненькага мужчыны, што ён нішто іншае, як нешта накшталт зубачысткі, а не чалавека. У дамскіх убраннях з’явілася шмат розных дадаткаў. У гасціным двары пачалася штурханіна, ледзь не цісканіна; стварылася нават гулянне, да такой ступені наехала экіпажаў. Купцы здзіўляліся, убачыўшы, як некалькі кавалкаў тканіны, прывезеных імі з кірмаша і не праданых з прычыны высокай цаны, пайшлі раптам у ход і былі адразу-ж расхоплены. Пад час абедні ў адной з дам заўважылі ўнізе сукні такое руло, якое растапырыла яе на поўцарквы, так што часны прыстаў, які тут знаходзіўся, даў загад пасунуцца народу далей, гэта значыць бліжэй да паперці, каб як-небудзь не пакамячыўся туалет яе высокаблагароддзя. Сам нават Чычыкаў не мог часткова не прыкмеціць такой незвычайнай увагі. Аднаго разу, вярнуўшыся да сябе дамоў, ён знайшоў на сваім стале пісьмо: адкуль і хто прынёс яго, нічога нельга было даведацца, тракцірны слуга заявіў, што прынеслі вось і загадалі не гаварыць ад каго. Пісьмо пачыналася вельмі рашуча, іменна так: «Не, я павінна да цябе пісаць!» Потым гаварылася пра тое, што ёсць таемная сімпатыя паміж душамі; гэтая ісціна змацавана была некалькімі кропкамі, якія займалі амаль поўрадка; потым ішло некалькі думак, вельмі выдатных па сваёй справядлівасці, так што лічым амаль неабходным іх выпісаць: «Што жыццё наша? Даліна, дзе пасяліліся смуткі. Што свет? Натоўп людзей, які пазбаўлен пачуцця». Пасля пісаўшая зазначала, што аблівае слязамі радкі пяшчотнай маці, якая ўжо дваццаць пяць год не існуе на свеце; запрашалі Чычыкава ў пустыню, пакінуць назаўсёды горад, дзе людзі ў душных агарожах не карыстаюцца паветрам; канец пісьма быў прасякнуты нават выключным адчаем і канчаўся такім вершам: