«Вось яно! пайшла пісаць губерня!» прагаварыў Чычыкаў, падаўшыся назад, і як толькі дамы паселі на месцы, ён зноў пачаў выглядаць, ці нельга па выразу твару і вачэй даведацца, каторая складала пісьмо, але ніяк нельга было пазнаць ні з выразу твару, ні з выгляду вачэй, каторая сапраўды яго складала. Усюды было прыкметна такое ледзь-ледзь выяўленае, такое няўлоўна-тонкае, ух! якое тонкае!.. «Не», сказаў сам сабе Чычыкаў: «жанчыны, гэта такі прадмет...» Тут ён і рукой махнуў: «проста і гаварыць няма чаго! Паспрабуй вось расказаць ці перадаць усё тое, што бегае на іх тварах, усе тыя завілінкі, намёкі, а вось проста нічога не перадасі. Адны вочы іх такая безмежная дзяржава, у якую заехаў чалавек — і памінай як звалі! Адтуль яго ўжо ні кручком, нічым не выцягнеш. Ну, паспрабуй, напрыклад, расказаць пра адзін бляск іх: вільготны, аксамітны, цукровы. Бог іх ведае, якога няма яшчэ! I жорсткі, і мяккі, і нават зусім томны, або, як іншыя кажуць, з пяшчотай або без пяшчоты, але мацней як з пяшчотай, так вось зачэпіць за сэрца ды і павядзе па ўсёй душы, як быццам смыком. Не, проста не падбярэш слова: галанцёрная палавіна чалавечага роду, ды нічога больш».
Выбачайце! Здаецца, з вуснаў нашага героя вылецела слоўца, падмечанае на вуліцы. Што-ж рабіць? такое ўжо на Русі становішча пісьменніка! Між іншым, калі слова з вуліцы трапіла ў кнігу, не пісьменнік вінават, вінаваты чытачы, і перш за ўсё чытачы вышэйшага свету: ад іх першых не пачуеш ніводнага прыстойнага рускага слова, а французскімі, нямецкімі і англійскімі яны, бадай, надзеляць у такой колькасці, што і не захочаш і надзеляць нават з захаваннем усіх магчымых вымаўленняў: па-французску ў нос і картавячы, па-англійску прамовяць як належыць птушцы і нават фізіяномію зробяць птушыную і нават пасмяюцца з таго, хто не зможа зрабіць птушынай фізіяноміі; вось толькі рускім нічым не надзеляць, хіба з патрыятызма пабудуюць для сябе на дачы хату ў рускім гусце. Вось якія чытачы вышэйшага саслоўя, а за імі і ўсе, хто прылічае сябе да вышэйшага саслоўя! А між тым, якая патрабавальнасць! Хочуць абавязкова, каб усё было напісана мовай самай строгай, ачышчанай і высокароднай, словам, хочуць, каб руская мова сама сабой спусцілася раптам з воблакаў, апрацаваная як след, і села-б ім проста на язык, а ім больш-бы нічога, як толькі разявіць раты ды выставіць яго. Вядома, дзіўная жаночая палова чалавечага роду; але шаноўныя чытачы, трэба прызнацца, бываюць яшчэ дзіўней.