А Чычыкава ахоплівала тым часам поўнае неўразуменне, і ён не мог вырашыць, якая дама складала пісьмо. Паспрабаваўшы накіраваць позірк больш уважліва, ён убачыў, што з дамскага боку таксама выказвалася нешта такое, што пасылала разам і надзею і салодкія мукі ў сэрца беднага смяротнага, так што ён, нарэшце, сказаў: не, ніяк нельга ўгадаць! Гэта, аднак-жа, ніяк не зменшыла вясёлага настрою, у якім ён знаходзіўся. Ён развязна і спрытна абмяняўся прыемнымі словамі з некаторымі дамамі, падыходзіў да той ці іншай дробным крокам ці, як кажуць, тупацеў ножкамі, як звычайна робяць, ходзячы на высокіх абцасах маленькія дзядулі-фарсуны, якіх завуць мышынымі жарэбчыкамі, і якія забягаюць вельмі ўвішна каля дам. Патупацеўшы даволі спрытнымі паваротамі налева і направа, ён падшаркнуў тут-жа ножкай, зрабіўшы кароценькі хвосцік ці нешта накшталт коскі. Дамы былі вельмі задаволены і не толькі адшукалі ў ім кучу прыемных і ветлівых якасцей, але нават пачалі знаходзіць велічны выраз твару, штосьці нават марсаўскае і ваеннае, што, як вядома, надта падабаецца жанчынам. Нават праз яго пачыналі ўжо крыху сварыцца: заўважыўшы, што ён станавіўся звычайна каля дзвярэй, некаторыя навыперадкі спяшаліся заняць крэслы бліжэй да дзвярэй, і калі адной пашанцавала зрабіць гэта раней, дык ледзь не атрымалася вельмі непрыемная гісторыя, і многім, хто жадаў зрабіць тое самае, здалася ўжо занадта агіднай такая нагласць.
Чычыкаў так заняўся размовамі з дамамі, ці, лепш, дамы так занялі і закружылі яго сваімі размовамі, падсыпаючы кучу самых хітраскладзеных і тонкіх алегорый, якія ўсе трэба было разгадваць, ад чаго нават выступіў у яго на ілбе пот,—што ён забыўся выканаць абавязак прыстойнасці і падыйсці перш за ўсё да гаспадыні. Успомніў ён аб гэтым ужо тады, калі пачуў голас самой губернатаршы, якая стаяла перад ім ужо некалькі хвілін. Губернатарша сказала крыху ласкавым і хітрым голасам, прыемна ківаючы галавою: «А, Павел Іванавіч, дык вось як вы!..» дакладна не магу перадаць слоў губернатаршы, але было сказана нешта вельмі прыемнае і ветлівае ў тым духу, у якім размаўляюць дамы і кавалеры ў аповесцях нашых свецкіх пісьменнікаў, ахвотнікаў апісваць гасціныя і пахваліцца веданнем вышэйшага тону, у духу таго, што няўжо аўладалі так вашым сэрцам, што ў ім няма больш ні месца, ні самага цеснага куточка для бязлітасна забытых вамі. Герой наш павярнуўся ў тую-ж хвіліну да губернатаршы і ўжо гатоў быў адпусціць ёй адказ, мусібыць, нічым не горшы за тыя, якія адпускаюць у модных аповесцях Звонскія, Лінскія, Лідзіны, Грэміны і ўсякія спрытныя ваенныя людзі, як, знячэўку падняўшы вочы, спыніўся раптам, быццам аглушаны ўдарам.
Перад ім стаяла не адна губернатарша: яна трымала пад руку маладзенькую шаснаццацігадовую дзяўчыну, свежанькую бландзінку, з тоненькімі і стройнымі рысамі твару, з вострым падбародкам, з чароўна акругленым авалам твару, які мастак узяў-бы за ўзор для мадоны і які зрэдку трапляецца на Русі, дзе любіць усё аказацца шырокага памеру, усё, што ні ёсць: і горы і лясы і стэпы, і твары і губы і ногі; тую самую бландзінку, якую ён сустрэў на дарозе, ехаўшы ад Наздрова, калі праз глупства фурманоў, ці коней, іх экіпажы так дзіўна сутыкнуліся, пераблытаўшыся збруяй, і дзядзька Міцяй з дзядзькам Мінаем узяліся разблытваць справу. Чычыкаў так збянтэжыўся, што не мог вымавіць ніводнага трапнага слова і прамармытаў чорт ведае што такое, чаго-б ужо ніяк не сказаў ні Грэмін, ні Звонскі, ні Лідзін.
«Вы не ведаеце яшчэ маёй дачкі?» сказала губернатарша: «інстытутка, толькі што выпушчана».
Ён адказаў, што ўжо меў шчасце неспадзявана пазнаёміцца; паспрабаваў яшчэ тое-сёе дадаць, але тое-сёе зусім не вышла. Губернатарша, сказаўшы два-тры словы, нарэшце, адышла з дачкою ў другі канец залы да іншых гасцей, а Чычыкаў усё яшчэ стаяў нерухома на тым самым месцы, як чалавек, які весела вышаў на вуліцу з тым, каб прагуляцца, з вачамі, настроенымі глядзець на ўсё, і раптам нерухома спыніўся, успомніўшы, што ён забыў нешта, і ўжо тады нічога не можа быць смяшней за такога чалавека: умомант бесклапотны выраз злятае з твару яго; ён намагаецца прыпомніць, што забыў ён, можа хустачку, але хустачка ў кішэні, можа грошы, але грошы таксама ў кішэні, усё, здаецца, пры ім, а між тым нейкі невядомы дух шэпча яму ў вушы, што ён забыў нешта. I вось ужо глядзіць ён разгублена і смутна на натоўп, які рушыцца перад ім, на экіпажы, якія лётаюць па вуліцы, на ківеры і стрэльбы праходзячага палка, на шыльду, і нічога добра не бачыць. Так і Чычыкаў раптам зрабіўся чужым усяму, што ні адбывалася вакол яго. У гэты час з дамскіх водарных вуснаў да яго імкліва накіравалася мноства намёкаў і пытанняў, прасякнутых наскрозь тонкасцю і ветлівасцю. «Ці дазволена нам, бедным жыхарам зямлі, быць такімі дзёрзкімі, каб запытаць вас, аб чым вы марыце?» «Дзе знаходзяцца тыя шчаслівыя месцы, у якіх лунае ваша думка?» «Ці можна ведаць імя той, якая паглыбіла вас у гэту салодкую даліну задуменнасці?» Але ён адказваў на ўсё рашучай няўважлівасцю, і прыемныя фразы ніклі без следу.