Выбрать главу

«Ну, так, Манілаўка».

«Манілаўка! а як праедзеш яшчэ адну вярсту, дык вось табе, гэта значыць, так проста направа».

«Направа?» адазваўся фурман.

«Направа», сказаў мужык. «Гэта будзе табе дарога ў Манілаўку; а Заманілаўкі ніякай няма. Яна завецца так, значыцца, яе назва Манілаўка, а Заманілаўкі тут зусім няма. Там проста на гары ўбачыш дом, каменны на два паверхі, панскі дом, у якім, значыцца, жыве сам пан. Вось гэта табе і ёсць Манілаўка, а Заманілаўкі зусім няма ніякай тут, і не было».

Паехалі шукаць Манілаўку. Праехаўшы дзве вярсты, сустрэлі паваротку на прасёлачную дарогу, але ўжо і дзве, і тры, і чатыры вярсты, здаецца, зрабілі, а каменнага дома на два паверхі ўсё яшчэ не было відаць. Тут Чычыкаў успомніў, што калі прыяцель запрашае да сябе ў вёску за пятнаццаць вёрст, дык значыць, што да яе добрых трыццаць. Вёска Манілаўка мала каго магла прывабіць сваёй мясцовасцю. Дом панскі стаяў адзіночкай на юру, гэта значыць на ўзвышшы, адкрытым усім вятрам, якім толькі ўздумаецца падзьмуць; схіл гары, на якой ён стаяў, быў апранены падстрыжаным дзёрнам. На ёй былі раскіданы па-англійску дзве-тры клумбы з кустамі бэзу і жоўтых акацый; пяць-шэсць бяроз невялікімі купамі дзе-ні-дзе ўзнімалі свае дробналістыя рэдзенькія верхавіны. Пад двума з іх відаць была альтанка з плоскім зялёным купалам, драўлянымі блакітнымі калонамі і надпісам «Храм адзінотнага разважання», ніжэй ставок, ты зяленівам, што, зрэшты, не ў навіну ў агліцкіх садах рускіх памешчыкаў. Каля падэшвы гэтага ўзвышша, і часткова па самім спадзе, цямнелі ўдоўж і ўпоперак шэранькія бярвенчатыя хаты, якія герой наш, невядома з якіх прычын, у тую-ж хвіліну пачаў лічыць і налічыў больш за дзвесце; нідзе ні дрэўца, якое-б расло між іх, ці якой-небудзь зеляніны; усюды глядзела толькі адно бярвенне. Пейзаж ажыўлялі дзве бабы, якія, маляўніча падабраўшы спадніцы і падаткнуўшыся з усіх бакоў, брылі па калені ў стаўку, цягнучы за дзве драўляныя жэрдкі падраны браднік, дзе відаць былі два заблытаныя ракі і блішчэла трапіўшая туды плотка; бабы, здавалася, былі між сабою ў сварцы і за штосьці лаяліся. Воддаль убаку цямнеў нейкім сумна-сіняватым колерам сасновы лес. Нават самае надвор’е вельмі дарэчы прыслужылася: дзень быў не ясны і не хмурны, а нейкага светла-шэрага колеру, які бывае толькі на старых мундзірах гарнізонных салдатаў, гэтага, між іншым, мірнага войска, але часамі не зусім цвярозага ў святочныя дні. Для папаўнення малюнка не было недахопу ў пеўні, спавяшчальніку пераменнага надвор’я, які, не зважаючы на тое, што галава прадзёўбана была да самых мазгоў насамі іншых пеўняў праз невядомыя кавалерскія справы, гарланіў вельмі голасна і нават лопаў крыллямі, абсмыканымі, як старыя рагожкі. Пад’язджаючы да двара, Чычыкаў заўважыў на ганку самога гаспадара, які стаяў у зялёным шалонавым сурдуце, прыставіўшы руку да ілба ў выглядзе парасона над вачамі, каб разгледзець лепш пад’язджаўшы экіпаж. Па меры таго як брычка набліжалася да ганку, вочы яго рабіліся весялейшымі і ўсмешка пашыралася больш і больш.