Выбрать главу

Відаць так ужо бывае на свеце, відаць і Чычыкавы на некалькі хвілін у жыцці робяцца паэтамі, але слова паэт будзе ўжо занадта. Прынамсі ён адчуў сябе зусім нечым накшталт маладога чалавека, ледзь-ледзь не гусарам. Убачыўшы каля іх пустое крэсла, ён зараз-жа яго заняў. Гутарка спачатку не клеілася, але пасля справа пайшла, і нават пачала набываць форс, але... тут, на найвялікшы жаль, трэба заўважыць, што людзі сталыя, якія займаюць важныя пасады, неяк крыху цяжкаватыя ў размовах з дамамі, на гэта майстры паны паручыкі, і ніяк не далей капітанскіх чыноў. Як яны робяць, бог іх ведае: здаецца, і не вельмі хітрыя рэчы гавораць, а дзяўчына раз-по-разу качаецца на крэсле ад смеху; стацкі-ж саветнік бог ведае што раскажа: ці павядзе гутарку аб тым, што Расія вельмі прасторная дзяржава, ці адпусціць камплімент, які, вядома, выдуманы не без дасціпнасці, але ад яго страшна пахне кнігай; калі-ж скажа што-небудзь смешнае, дык сам куды больш смяецца, чым тая, якая яго слухае. Тут гэта заўважана для таго, каб чытачы бачылі, чаму бландзінка стала пазяхаць у часе апавяданняў нашага героя. Герой, аднак-жа, зусім гэтага не заўважаў, расказваючы мноства прыемных рэчаў, якія ўжо здаралася яму расказваць у падобных выпадках у розных месцах, іменна: у Сімбірскай губерні, у Сафрона Іванавіча Бяспечнага, дзе былі тады дачка яго Адэлаіда Сафронаўна з трыма залоўкамі Мар’яй Гаўрылаўнай, Аляксандрай Гаўрылаўнай і Адэльгейдай Гаўрылаўнай; у Фёдара Фёдаравіча Перакроева ў Разанскай губерні; у Флора Васільевіча Пабеданоснага ў Пензенскай губерні і ў брата яго Пятра Васільевіча, дзе была сваячка яго Кацярына Міхайлаўна і ўнучатныя сёстры яе Роза Фёдараўна і Эмілія Фёдараўна; у Вяцкай губерні ў Пятра Варсаноф’евіча, дзе была сястра нявесткі яго Пелагея Ягораўна з пляменніцай Соф’яй Расціслаўнай і двума зводнымі сёстрамі Соф’яй Аляксандраўнай і Маклатурай Аляксандраўнай.

Усім дамам зусім не падабаліся такія паводзіны Чычыкава. Адна з іх знарок прайшла паўз яго, каб даць яму гэта заўважыць, і нават зачапіла бландзінку даволі нядбайна тоўстым руло свае сукні, а шарфам, што пырхаў вакол яе плячэй, падладзіла так, што ён махнуў канцом сваім яе па самым твары; у той-жа самы час ззаду яго з адных дамскіх вуснаў вырвалася, разам з пахам фіялак, даволі колкая і едкая заўвага. Але, ці ён не пачуў сапраўды, ці прыкінуўся, што не пачуў, толькі гэта было нядобра; бо думкай дам трэба даражыць: у гэтым ён і раскаяўся, але пасля ўжо, значыць позна.

Абурэнне, ва ўсіх адносінах справядлівае, паказалася на многіх тварах. Якой вялікай ні была ў свецкіх колах вага Чычыкава, хоць ён і мільёншчык, і ў твары яго выяўлялася велічнасць і нават нешта марсаўскае і ваеннае, але ёсць рэчы, якіх дамы не выбачаць нікому, хто-б ён ні быў, і тады проста пішы прапала! Ёсць выпадкі, дзе жанчына, як ні слабая і бяссільная яна характарам у параўнанні з мужчынам, але робіцца раптам цвярдзей не толькі за мужчыну, але і за ўсё што ні ёсць на свеце. Пагардлівасць, выяўленая Чычыкавым, амаль ненаўмысная, аднавіла паміж дамамі нават згоду, якая была на краі пагібелі з выпадку завалодання крэслам. У сказаных ім выпадкова нейкіх сухіх і звычайных словах адшукалі колкія намёкі. На давяршэнне бяды нехта з маладых людзей склаў тут-жа сатырычны верш на танцаваўшую кампанію, без чаго, як вядома, амаль ніколі не абыходзіцца на губернскіх балах. Гэты верш быў прыпісаны тут-жа Чычыкаву. Абурэнне расло, і дамы пачалі гаварыць пра яго ў розных кутках самым неспрыяльным чынам, а бедная інстытутка была знішчана зусім, і прысуд ёй ужо быў падпісан.

А тым часам герою нашаму рыхтавалася страшэнна непрыемная нечаканасць: у той час, калі бландзінка пазяхала, а ён расказваў ёй такія-сякія гісторыйкі, якія здараліся ў розныя часы, і нават закрануў быў грэчаскага філосафа Дыягена, паказаўся з апошняга пакоя Наздроў. Ці ён вырваўся з буфета, ці з невялікай зялёнай гасцінай, дзе ішла гульня мацнейшая, чым звычайны віст, ці сваёй воляй, ці выпхнулі яго, толькі ён з’явіўся вясёлы, радасны, ухапіўшы пад руку пракурора, якога, мабыць, ужо цягаў некалькі часу, таму што бедны пракурор варочаў на ўсе бакі свае густыя бровы, як-бы прыдумваючы спосаб выбрацца з гэтага сяброўскага падручнага падарожжа. Сапраўды, яго нельга было стрымаць. Наздроў, сербануўшы куражу ў двух кубачках чаю, вядома, не без рому, хлусіў неміласэрна. Убачыўшы яшчэ здалёк яго, Чычыкаў рашыўся нават на ахвяру, г. зн. пакінуць сваё зайздроснае месца і як мага хутчэй адыйсці; нічога добрага не абяцала яму гэтая сустрэча. Але як на бяду, у гэты час падкруціўся губернатар, які выказаў надзвычайную радасць, што знайшоў Паўла Іванавіча, і спыніў яго, просячы быць суддзёй у спрэчцы яго з двума дамамі наконт таго, ці трывала жаночае каханне, ці не; а тым часам Наздроў ужо ўбачыў яго ды ішоў проста насустрач.