«Мёртвыя душы...» прамовіла ва ўсіх адносінах прыемная дама.
«Што, што?» падхапіла госця, уся хвалюючыся.
«Мёртвыя душы!..»
«Ах, гаварыце, на ласку божую!»
«Гэта проста выдумана толькі для адводу вачэй, а справа вось у чым: ён хоча звезці губернатарскую дачку».
Гэты вывад, сапраўды, быў ніяк нечаканы, і ва ўсіх адносінах незвычайны. Прыемная дама, пачуўшы гэта, так і скамянела на месцы, пабляднела, пабляднела, як смерць, і, сапраўды, ператрывожылася не на жарты. «Ах, божа мой!» ускрыкнула яна, успляснуўшы рукамі. «Ужо гэтага я ніяк не магла-б меркаваць».
«А я, прызнаюся, як толькі вы адкрылі рот, я ўжо скеміла ў чым справа», адказала дама прыемная ва ўсіх адносінах.
«Ну, якое-ж пасля гэтага, Анна Грыгор’еўна, інстытуцкае выхаванне! вось табе нявіннасць!»
«Якая нявіннасць! Я чула, як яна гаварыла такія словы, што, прызнаюся, у мяне не хопіць духу вымавіць іх».
«Ведаеце, Анна Грыгор’еўна, гэта-ж, проста, раздзірае сэрца, калі бачыш, да чаго дайшла нарэшце амаральнасць».
«А мужчыны ад яе трацяць розум. А на маю думку, я, прызнаюся, нічога не знаходжу ў ёй...»
«Манерная нясцерпна».
«Ах, жыццё маё, Анна Грыгор’еўна: яна статуя і хоць-бы які-небудзь выраз у твары».
«Ах, якая манерная! ах, якая манерная! Божа, якая манерная! Хто вывучыў яе, я не ведаю, але я яшчэ не бачыла жанчыны, у якой было-б столькі манернасці».
«Душачка! яна статуя і бледная, як смерць».
«Ах, не кажыце, Соф’я Іванаўна: румяніцца бязбожна».
«Ах, што гэта вы, Анна Грыгор’еўна, яна крэйда, крэйда, сапраўдная крэйда».
«Мілая, я сядзела каля яе: румянец на палец таўшчынёй і адвальваецца як атынкоўка кавалкамі. Маці вывучыла, сама какетка, а дачка яшчэ перавысіць матулю».
«Ну дазвольце, ну палажыце самі клятву якую хочаце, я гатова зараз-жа страціць дзяцей, мужа, увесь маёнтак, калі ў яе ёсць хоць адна кропелька, хоць частачка, хоць цень якога-небудзь румянца!»
«Ах, што вы гэта кажаце, Соф’я Іванаўна», сказала дама прыемная ва ўсіх адносінах і ўспляснула рукамі.
«Ах, якія-ж вы, дапраўды, Анна Грыгор’еўна! я са здзіўленнем на вас гляджу!» сказала прыемная дама і ўспляснула таксама рукамі.
Хай чытачу не здаецца дзіўным, што абедзве дамы былі нязгодны паміж сабою ў тым, што бачылі амаль у той-жа самы час. Ёсць, сапраўды, на свеце многа такіх рэчаў, якія маюць ужо такую ўласцівасць: калі на іх гляне адна дама, яны выйдуць зусім белыя, а гляне другая, выйдуць чырвоныя, чырвоныя, як брусніцы.
«Ну, вось вам яшчэ доказ, што яна бледная», працягвала прыемная дама: «я памятаю, як цяпер, што я сяджу каля Манілава і кажу яму: паглядзіце, якая яна бледная!.. Дапраўды, трэба быць да такой ступені бязладнымі, як нашы мужчыны, каб захапляцца ёю. А наш вось прыгажун... Ах, якім ён мне здаўся агідным! Вы не можаце сабе ўявіць, Анна Грыгор’еўна, да якой ступені ён здаўся мне агідным».
«Ды, аднак-жа, знайшліся некаторыя дамы, якія былі няроўнадушны да яго».
«Я, Анна Грыгор’еўна? Вось ужо ніколі вы не можаце сказаць гэтага, ніколі, ніколі!»
«Ды я не кажу пра вас, як быццам акрамя вас нікога няма».
«Ніколі, ніколі, Анна Грыгор’еўна! Дазвольце мне вам заўважыць, што я вельмі добра сябе ведаю, а хіба з боку якіх-небудзь іншых дам, якія іграюць ролю недаступных».
«Выбачайце ўжо, Соф’я Іванаўна! Дазвольце ўжо вам сказаць, што за мной гэтакіх скандалёзнасцей ніколі яшчэ не заўважалася. Хіба за кім другім, а ўжо за мной не, ужо дазвольце мне вам гэта заўважыць».
«Чаго-ж вы пакрыўдзіліся? там-жа былі і другія дамы, былі нават такія, якія першыя захапілі крэсла каля дзвярэй, каб сядзець да яго бліжэй».
Ну, пасля такіх слоў, сказаных прыемнай дамай, павінна была немінуча надыйсці бура, але, на найвялікшае здзіўленне, абедзве дамы раптам прыціхлі і зусім нічога не адбылося. Ва ўсіх адносінах прыемная дама ўспомніла, што выкрайка для моднай сукні яшчэ не знаходзіцца ў яе руках, а проста прыемная дама сцяміла, што яна яшчэ не паспела даведацца ніякіх падрабязнасцей наконт вынаходкі, зробленай яе шчырай прыяцельніцай, і таму мір надышоў вельмі хутка. Між іншым, абедзве дамы, нельга сказаць, каб мелі ў сваёй натуры патрэбу рабіць непрыемнасці наогул, і ў характарах іх нічога не было злога, а так непрыкметна ў гутарцы нараджалася само сабой маленькае жаданне кальнуць адна другую; проста адна другой з некаторай прыемнасці пры выпадку падсуне жывое слоўца: вось як табе! на, вазьмі, з’еш! Рознага роду бываюць патрэбы ў сэрцах як мужчынскага, так і жаночага полу.