Зрабіўшы сваю справу адносна губернатаршы, дамы населі былі на мужчынскую партыю, прабуючы схіліць іх на свой бок і сцвярджаючы, што мёртвыя душы выдумка і ўжыта толькі для таго, каб адхіліць усякае падазрэнне і больш паспяхова зрабіць выкраданне. Многія нават з мужчын былі збіты з тропу і прысталі да іх партыі, не гледзячы на тое, што падвяргаліся. моцным нараканням з боку сваіх-жа таварышоў, якія аблаялі іх бабамі і спадніцамі, імёнамі, як вядома, надта крыўднымі для мужчынскага полу.
Але як ні ўзбройваліся і ні ўпарціліся мужчыны, а ў іх партыі зусім не было такога парадку, як у жаночай. Усё ў іх было неяк чорства, нягладка, бязладна, нягожа, нястройна, нядобра, у галаве сумятня, бязладдзе, збіўчывасць, неахайнасць у думках, — адным словам, так і вызначылася ва ўсім пустая прырода мужчын, прырода грубая, цяжкая, няздольная ні да домабудавання, ні да сардэчных перакананняў, малаверная, лянівая, поўная безупынных сумненняў і вечнай боязні. Яны казалі, што ўсё гэта лухта, што выкраданне губернатарскай дачкі больш справа гусарская, чым цывільная, што Чычыкаў не зробіць гэтага, што бабы хлусяць, што баба як мех, што пакладуць, тое нясе, што галоўны прадмет, на які трэба звярнуць увагу, ёсць мёртвыя душы, якія зрэшты чорт яго ведае, што азначаюць, але ў іх змешчана, аднак-жа, вельмі дрэннае, нядобрае. Чаму здавалася мужчынам, што ў іх змешчана дрэннае і нядобрае, зараз-жа даведаемся; у губерню прызначаны быў новы генерал-губернатар, падзея, якая, як вядома, прыводзіць чыноўнікаў у трывожны стан: пойдуць пераборкі, распяканні, узбучкі і ўсякія службовыя пахлёбкі, якімі частуе начальнік сваіх падначаленых! Ну што, думалі чыноўнікі: калі ён даведаецца толькі, проста, што ў горадзе іх вось якія дурныя чуткі, ды за гэта адно можа ўскіпяціць не на жыццё, а на самую смерць. Інспектар урачэбнай управы раптам збялеў: яму здалося бог ведае што, пад словам мёртвыя душы ці не разумеюцца хворыя, якія памерлі ў значнай колькасці ў больніцах і ў іншых месцах ад пошаснай гарачкі, супроць якой не было зроблена належных захадаў, і што Чычыкаў ці не ёсць падасланы чыноўнік з канцылярыі генерал-губернатара для правядзення патайнага следства. Ён паведаміў пра гэта старшыні. Старшыня адказаў, што гэта лухта, і потым раптам збялеў сам, задаўшы сабе пытанне: а што калі душы, купленыя Чычыкавым, сапраўды мёртвыя? а ён дапусціў скласці на іх крэпасць, ды яшчэ сам адыграў ролю паверанага Плюшкіна, і дойдзе гэта да ведама генерал-губернатара, што тады? Ён пра гэта больш нічога, як толькі сказаў таму і другому, і раптам збялелі і той і другі; страх ліпчэйшы за чуму, і перадаецца ўмомант. Усе раптам адшукалі ў сабе такія грахі, якіх нават не было. Слова мёртвыя душы мела такі невыразны сэнс, што пачалі падазраваць нават, ці няма тут якога намёку на раптоўна пахаваныя целы, у выніку двух здарэнняў, якія не так даўно адбыліся. Першае здарэнне было з нейкімі сольвычэгодскімі купцамі, якія прыехалі ў горад на кірмаш і задалі пасля торгу пагулянку прыяцелям сваім усцьсысольскім купцам, пагулянку на рускую нагу з нямецкімі вымудрамі: аршадамі, пуншамі, бальзамамі і інш. Пагулянка, як вядзецца, скончылася бойкай. Сольвычэгодскія ўходалі на смерць усцьсысольскіх, хоць і ад іх панеслі моцныя сінякі на баках, падмікіткі і ў жывот, сведчыўшыя аб непамернай велічыні кулакоў, якімі былі надзелены нябожчыкі. У аднаго з перамогшых нават быў зусім сколаты насос, паводле выразу байцоў, г. зн. растоўчаны ўвесь нос, так што не заставалася яго на твары і на поўпальца. У сваёй справе купцы прызналіся, тлумачачы, што крыху пасваволілі, хадзілі чуткі, быццам пры павіннай галаве яны прылажылі па чатыры дзяржаўныя кожны; аднак, справа надта цёмная; з учыненых даведак і следстваў выявілася, што усцьсысольскія хлопцы памерлі ад чаду, а таму так іх і пахавалі, як учадзеўшых. Другое здарэнне адбылося нядаўна і было наступнае: казённыя сяляне сяльца Вашывая-спесь, злучыўшыся з такімі-ж сялянамі сяльца Бараўкі, яно-ж і Задзірайлава, быццам змялі з твару зямлі земскую паліцыю ў асобе засядацеля, нейкага Драбяжкіна; што быццам земская паліцыя, г. зн. засядацель Драбяжкін, унадзіўся занадта ўжо часта ездзіць у іх вёску, што ў некаторых выпадках горш за пошасную гарачку, а прычына, бач, тая, што земская паліцыя, маючы такія-сякія слабасці з боку сардэчнага, прыглядаўся да баб і вясковых дзевак. Напэўна, аднак, невядома, хоць у паказаннях сяляне выказаліся проста, што земская паліцыя быў, бач, блудлівы як кот і што ўжо ці раз яны яго аберагалі і аднойчы нават выгналі голага з нейкай хаты, куды ён улез. Вядома, земская паліцыя быў варты пакарання за сардэчныя слабасці, але мужыкоў як Вашывай-спесі, так і Задзірайлава, нельга было таксама апраўдаць за самаўпраўства, калі толькі яны сапраўды прымалі ўдзел у забойстве. Але справа была цёмная, земскую паліцыю знайшлі на дарозе, мундзір ці сурдут на земскай паліцыі быў горшы за анучу, а ўжо фізіяноміі і пазнаць нельга было. Справа хадзіла па судах і паступіла нарэшце ў палату, дзе была спярша ў закрытым парадку абмеркавана ў такім сэнсе: паколькі невядома, хто з сялян іменна ўдзельнічаў, а ўсіх іх многа, Драбяжкін-жа чалавек мёртвы, значыцца, яму мала з таго карысці, калі-б нават ён і выйграў справу, а мужыкі былі яшчэ жывыя, значыцца, для іх вельмі важна рашэнне ў іхнюю карысць; дык з прычыны гэтага пастаноўлена было так, што засядацель Драбяжкін быў сам прычынай, несправядліва прыгнятаючы мужыкоў Вашывай-спесі і Задзірайлава, а памёр, бач, ён, вяртаючыся ў санях, ад апаплексічнага ўдару. Справа, здавалася-б, зроблена была кругла, але чыноўнікі, невядома чаму, пачалі думаць, што, мабыць, пра гэтыя мёртвыя душы ідзе цяпер справа. Здарылася так, што, як незнарок, у той час, калі паны чыноўнікі і без таго знаходзіліся ў цяжкім становішчы, прышлі да губернатара разам дзве паперы. У адной з іх пісалася, што згодна дайшоўшых паказанняў і данясенняў у іх губерні знаходзіцца вырабшчык фальшывых асігнацый, які хаваецца пад рознымі імёнамі, і каб неадкладна былі ўчынены стражэйшыя пошукі. Другая паперка змяшчала ў сабе паведамленне губернатара суседняй губерні пра ўцёкшага ад законнага праследавання разбойніка, і што калі акажацца ў іх губерні падазроны чалавек, які не пакажа ніякіх пасведчанняў і пашпартаў, дык затрымаць яго неадкладна. Гэтыя дзве паперы так і ашаламанілі ўсіх. Ранейшыя вывады і здагадкі зусім былі збіты з тропу. Вядома, ніяк нельга было меркаваць, каб тут адносілася што-небудзь да Чычыкава, аднак-жа ўсе, як разважылі кожны з свайго боку, як прыпомнілі, што яны яшчэ не ведаюць, хто такі сапраўды Чычыкаў, што ён сам вельмі цьмяна адгукаўся наконт уласнай асобы, гаварыў, праўда, што пацярпеў па службе за праўду, але ўсё гэта неяк цьмяна, і калі ўспомнілі пры гэтым, што ён нават выказаўся, быццам меў многа непрыяцеляў, якія рабілі замах на жыццё яго, дык задумаліся яшчэ больш: значыць жыццё яго было ў небяспецы, значыць яго праследавалі, значыць ён зрабіў што-небудзь такое... ды хто-ж ён сапраўды такі? Вядома, нельга думаць, каб ён мог рабіць фальшывыя асігнацыі, а тым больш быць разбойнікам, выгляд добрапрыстойны, але пры ўсім гэтым, хто-ж бы аднак ён быў такі сапраўды? I вось паны чыноўнікі задалі сабе цяпер пытанне, якое павінны былі задаць сабе спачатку, гэта значыць у першым раздзеле нашай паэмы. Было вырашана крыху распытацца тых, у каго былі куплены душы, каб, прынамсі, даведацца, што за купля і што іменна трэба разумець пад гэтымі мёртвымі душамі, і ці не растлумачыў ён каму, хоць можа выпадкам, хоць мімаходзь як-небудзь, сапраўдных сваіх намераў, і ці не сказаў ён каму-небудзь аб тым, хто ён такі. Перш за ўсё звярнуліся да Каробачкі, але тут даведаліся няшмат: купіў, бач, за пятнаццаць рублёў, і птушынае пер’е таксама купляе і шмат чаго абяцаў купіць, у казну сала таксама пастаўляе, і таму, напэўна, круцель, бо ўжо быў адзін такі, які купляў птушынае пер’е і ў казну сала пастаўляў, ды ашукаў усіх і пратапопшу ашукаў больш чым на сто рублёў. Усё, што ні гаварыла яна далей, было паўтарэннем амаль аднаго і таго-ж, і чыноўнікі ўбачылі толькі, што Каробачка была проста дурная баба. Манілаў адказаў, што за Паўла Іванавіча заўсёды гатоў ён ручацца, як за самога сябе, што ён-бы ахвяраваў усім сваім маёнткам, каб мець сотую долю якасцей Паўла Іванавіча, і адгукнуўся аб ім наогул у самых пахвальных выразах, дадаўшы некал