Выбрать главу
дзяржаўныя кожны; аднак, справа надта цёмная; з учыненых даведак і следстваў выявілася, што усцьсысольскія хлопцы памерлі ад чаду, а таму так іх і пахавалі, як учадзеўшых. Другое здарэнне адбылося нядаўна і было наступнае: казённыя сяляне сяльца Вашывая-спесь, злучыўшыся з такімі-ж сялянамі сяльца Бараўкі, яно-ж і Задзірайлава, быццам змялі з твару зямлі земскую паліцыю ў асобе засядацеля, нейкага Драбяжкіна; што быццам земская паліцыя, г. зн. засядацель Драбяжкін, унадзіўся занадта ўжо часта ездзіць у іх вёску, што ў некаторых выпадках горш за пошасную гарачку, а прычына, бач, тая, што земская паліцыя, маючы такія-сякія слабасці з боку сардэчнага, прыглядаўся да баб і вясковых дзевак. Напэўна, аднак, невядома, хоць у паказаннях сяляне выказаліся проста, што земская паліцыя быў, бач, блудлівы як кот і што ўжо ці раз яны яго аберагалі і аднойчы нават выгналі голага з нейкай хаты, куды ён улез. Вядома, земская паліцыя быў варты пакарання за сардэчныя слабасці, але мужыкоў як Вашывай-спесі, так і Задзірайлава, нельга было таксама апраўдаць за самаўпраўства, калі толькі яны сапраўды прымалі ўдзел у забойстве. Але справа была цёмная, земскую паліцыю знайшлі на дарозе, мундзір ці сурдут на земскай паліцыі быў горшы за анучу, а ўжо фізіяноміі і пазнаць нельга было. Справа хадзіла па судах і паступіла нарэшце ў палату, дзе была спярша ў закрытым парадку абмеркавана ў такім сэнсе: паколькі невядома, хто з сялян іменна ўдзельнічаў, а ўсіх іх многа, Драбяжкін-жа чалавек мёртвы, значыцца, яму мала з таго карысці, калі-б нават ён і выйграў справу, а мужыкі былі яшчэ жывыя, значыцца, для іх вельмі важна рашэнне ў іхнюю карысць; дык з прычыны гэтага пастаноўлена было так, што засядацель Драбяжкін быў сам прычынай, несправядліва прыгнятаючы мужыкоў Вашывай-спесі і Задзірайлава, а памёр, бач, ён, вяртаючыся ў санях, ад апаплексічнага ўдару. Справа, здавалася-б, зроблена была кругла, але чыноўнікі, невядома чаму, пачалі думаць, што, мабыць, пра гэтыя мёртвыя душы ідзе цяпер справа. Здарылася так, што, як незнарок, у той час, калі паны чыноўнікі і без таго знаходзіліся ў цяжкім становішчы, прышлі да губернатара разам дзве паперы. У адной з іх пісалася, што згодна дайшоўшых паказанняў і данясенняў у іх губерні знаходзіцца вырабшчык фальшывых асігнацый, які хаваецца пад рознымі імёнамі, і каб неадкладна былі ўчынены стражэйшыя пошукі. Другая паперка змяшчала ў сабе паведамленне губернатара суседняй губерні пра ўцёкшага ад законнага праследавання разбойніка, і што калі акажацца ў іх губерні падазроны чалавек, які не пакажа ніякіх пасведчанняў і пашпартаў, дык затрымаць яго неадкладна. Гэтыя дзве паперы так і ашаламанілі ўсіх. Ранейшыя вывады і здагадкі зусім былі збіты з тропу. Вядома, ніяк нельга было меркаваць, каб тут адносілася што-небудзь да Чычыкава, аднак-жа ўсе, як разважылі кожны з свайго боку, як прыпомнілі, што яны яшчэ не ведаюць, хто такі сапраўды Чычыкаў, што ён сам вельмі цьмяна адгукаўся наконт уласнай асобы, гаварыў, праўда, што пацярпеў па службе за праўду, але ўсё гэта неяк цьмяна, і калі ўспомнілі пры гэтым, што ён нават выказаўся, быццам меў многа непрыяцеляў, якія рабілі замах на жыццё яго, дык задумаліся яшчэ больш: значыць жыццё яго было ў небяспецы, значыць яго праследавалі, значыць ён зрабіў што-небудзь такое... ды хто-ж ён сапраўды такі? Вядома, нельга думаць, каб ён мог рабіць фальшывыя асігнацыі, а тым больш быць разбойнікам, выгляд добрапрыстойны, але пры ўсім гэтым, хто-ж бы аднак ён быў такі сапраўды? I вось паны чыноўнікі задалі сабе цяпер пытанне, якое павінны былі задаць сабе спачатку, гэта значыць у першым раздзеле нашай паэмы. Было вырашана крыху распытацца тых, у каго былі куплены душы, каб, прынамсі, даведацца, што за купля і што іменна трэба разумець пад гэтымі мёртвымі душамі, і ці не растлумачыў ён каму, хоць можа выпадкам, хоць мімаходзь як-небудзь, сапраўдных сваіх намераў, і ці не сказаў ён каму-небудзь аб тым, хто ён такі. Перш за ўсё звярнуліся да Каробачкі, але тут даведаліся няшмат: купіў, бач, за пятнаццаць рублёў, і птушынае пер’е таксама купляе і шмат чаго абяцаў купіць, у казну сала таксама пастаўляе, і таму, напэўна, круцель, бо ўжо быў адзін такі, які купляў птушынае пер’е і ў казну сала пастаўляў, ды ашукаў усіх і пратапопшу ашукаў больш чым на сто рублёў. Усё, што ні гаварыла яна далей, было паўтарэннем амаль аднаго і таго-ж, і чыноўнікі ўбачылі толькі, што Каробачка была проста дурная баба. Манілаў адказаў, што за Паўла Іванавіча заўсёды гатоў ён ручацца, як за самога сябе, што ён-бы ахвяраваў усім сваім маёнткам, каб мець сотую долю якасцей Паўла Іванавіча, і адгукнуўся аб ім наогул у самых пахвальных выразах, дадаўшы некалькі думак наконт дружбы ўжо з зажмуранымі вачамі. Гэтыя думкі, вядома, здавальняюча вытлумачылі пяшчотны рух яго сэрца, але не растлумачылі чыноўнікам сапраўднай справы. Сабакевіч адказаў, што Чычыкаў, на яго думку, чалавек добры, а што сялян ён яму прадаў на выбар і народ ва ўсіх адносінах жывы; але што ён не ручаецца за тое, што здарыцца наперадзе, што калі яны перамруць у часе цяжкасцей перасялення ў дарозе, дык не яго віна, і ў тым воля божая, а гарачак і розных смяротных хвароб ёсць на свеце нямала, і бываюць прыклады, што выміраюць, бач, цэлыя вёскі. Паны чыноўнікі звярнуліся яшчэ да аднаго сродку, не вельмі высокароднага, але які, аднак-жа, часамі ўжываецца, г. зн. пабочна, пры дапамозе розных лакейскіх знаёмстваў, распыталі людзей Чычыкава, ці не ведаюць яны якіх падрабязнасцей наконт ранейшага жыцця і спраў пана, але пачулі таксама няшмат. Ад Пятрушкі пачулі толькі пах жылога пакоя, а ад Селіфана, што спаўняў службу гасударскую, ды служыў раней на мытніцы — і нічога больш. У гэтага класа людзей ёсць вельмі дзіўны звычай. Калі яго запытаць проста аб чым-небудзь, ён ніколі не ўспомніць, не прыбярэ ўсяго ў галаву і нават проста адкажа, што не ведае, а калі запытаць аб чым іншым, тут вось ён і прыпляце яго, і раскажа з такімі падрабязнасцямі, якіх і ведаць не захочаш. Усе пошукі, зробленыя чыноўнікамі, адкрылі ім толькі тое, што яны напэўна ніяк не ведаюць, што такое Чычыкаў, а што, аднак-жа, Чычыкаў чым-небудзь ды павінен быць абавязкова. Яны пастанавілі нарэшце памеркаваць канчаткова пра гэты прадмет і вырашыць, прынамсі, што і як ім рабіць, і якія захады ўжыць, і што такое ён іменна: ці такі чалавек, якога трэба затрымаць і схапіць, як нядобранадзейнага, ці ён такі чалавек, які можа сам схапіць і затрымаць іх усіх, як нядобранадзейных. Для ўсяго гэтага вырашана было сабрацца знарок у паліцэймейстара, ужо вядомага чытачам бацькі і дабрадзея горада.