Выбрать главу

РАЗДЗЕЛ Х

Сабраўшыся ў паліцэймейстара, ужо вядомага чытачам бацькі і дабрадзея горада, чыноўнікі мелі выпадак заўважыць адзін другому, што яны нават схудалі ад гэтага клопату і трывог. Сапраўды, прызначэнне новага генерал-губернатара і гэтыя атрыманыя паперы такога сур’ёзнага зместу і гэтыя бог ведае якія чуткі, усё гэта пакінула прыкметныя сляды на іх тварах, і фракі на многіх зрабіліся прыкметна прастарнейшымі. Усё падалося: і старшыня схудаў, і інспектар урачэбнай управы схудаў, і пракурор схудаў, і нейкі Сямён Іванавіч, што ніколі не называўся па прозвішчу і насіў на ўказальным пальцы пярсцёнак, які даваў разглядаць дамам, нават і той схудаў. Вядома, знайшліся, як і ўсюды бывае, той-сёй небаязлівага дзесятка, якія не трацілі прысутнасці духу, але іх было надта няшмат. Паштмейстар адзін толькі. Ён адзін не змяняўся ў сталым роўным характары і заўсёды ў падобных выпадках меў звычай гаварыць: «Ведаем мы вас, генерал-губернатараў! Вас, можа, тры-чатыры пераменіцца, а я вось ужо трыццаць год, судар мой, сяджу на адным месцы». На гэта звычайна зазначалі іншыя чыноўнікі: «Добра табе, шпрэхен зі дэйч Іван Андрэйч; у цябе справа паштовая: прыняць ды адправіць экспедыцыю, хіба толькі ашукаеш, зачыніўшы прысуцтвіе на гадзіну раней, ды возьмеш з позна прышоўшага купца за прыём пісьма ў нявызначаны час, ці перашлеш такую пасылку, якую не трэба перасылаць, тут, вядома, кожны будзе святы. А вось няхай да цябе ўнадзіцца чорт падкручвацца кожны дзень пад руку, так што вось і не хочаш браць, а ён сам суне. Табе, вядома, поўбяды, у цябе адзін сынок, а тут, брат, Праскоўю Фёдараўну надзяліў бог такой шчодрасцю, што год, то нясе: або Праскушку, або Пятрушку; тут, брат, іншае запяеш». Так гаварылі чыноўнікі, а ці можна сапраўды ўстояць супроць чорта, аб гэтым меркаваць не аўтарская справа. У нарадзе, якая сабралася на гэты раз, вельмі прыкметна была адсутнасць той неабходнай рэчы, якую ў простанароддзі называюць толкам. Наогул мы неяк не створаны для прадстаўнічых паседжанняў. Ва ўсіх нашых сходах, начынаючы ад сялянскай мірской сходкі да рознастайных вучоных і іншых камітэтаў, калі ў іх няма адной галавы, якая-б кіравала ўсім, пануе вялікая блытаніна. Цяжка нават і сказаць, чаму гэта, відаць, ужо такі народ, толькі і ўдаюцца тыя нарады, якія збіраюцца для таго, каб пакуціць ці паабедаць, як клубы і розныя ваксалы на нямецкі манер. А гатоўнасць кожную хвіліну ёсць, бадай, на ўсё. Мы раптам, як вецер павее, завядзем таварыствы добрачынныя, заахвочвальныя і невядома якія. Мэта будзе прыгожая, а пры ўсім гэтым нічога не выйдзе. Можа, гэта адбываецца таму, што мы раптам здавальняемся ў самым пачатку і ўжо лічым, што ўсё зроблена. Напрыклад, задумаўшы якое-небудзь добрачыннае таварыства для бедных і ахвяраваўшы значныя сумы, мы зараз-жа для адзначэння такога пахвальнага ўчынку задаём абед усім першым саноўнікам горада, зразумела, на палавіну ўсіх ахвяраваных сум; на астатнія наймаецца тут-жа для камітэта раскошная кватэра, з ацяпленнем і вартаўнікамі, а потым і застаецца ўсёй сумы для бедных пяць рублёў з палавінай, ды і тут у размеркаванні гэтай сумы яшчэ не ўсе члены згодны між сабой, і кожны суне якую-небудзь сваю куму. Аднак наладжаная зараз нарада была зусім іншага роду: яна сабралася з прычыны неабходнасці. Не аб якіх-небудзь бедных ці старонніх ішла справа, справа датычылася кожнага чыноўніка асабіста, справа датычылася бяды, усім аднолькава пагражаўшай, значыцца, мімаволі тут трэба было трымацца больш аднадушна і цесна. Але пры ўсім тым вышла чорт ведае што такое. Не гаворачы пра рознагалоссі, уласцівыя ўсім нарадам, у поглядзе прысутных выявілася нейкая нават незразумелая нерашучасць: адзін казаў, што Чычыкаў вырабшчык дзяржаўных асігнацый, і потым сам дадаваў: а можа і не вырабшчык; другі сцвярджаў, што ён чыноўнік генерал-губернатарскай канцылярыі, і тут-жа дадаваў: а зрэшты чорт яго ведае, на ілбе-ж не прачытаеш. Супроць здагадкі, ці не пераапрануты разбойнік, узброіліся ўсе; знайшлі, што акрамя выгляду, які сам па сабе быў ужо добранадзейным, у размовах яго не было нічога такога, што паказвала-б чалавека з буйнымі ўчынкамі. Раптам паштмейстар, які заставаўся некалькі хвілін паглыбленым у нейкае разважанне, ці з прычыны раптоўнага натхнення, ахапіўшага яго, ці чаго іншага, ускрыкнуў нечакана: ці ведаеце, панове, хто гэта? Голас, якім ён сказаў гэта, змяшчаў у сабе нешта выключна ўражаючае, так што прымусіў ускрыкнуць усіх у адзін час: «а хто?» — «Гэта, панове, судар мой, не хто іншы, як капітан Капейкін?» А калі ўсе тут-жа ў адзін голас запыталі: хто такі гэты капітан Капейкін? — паштмейстар сказаў: дык вы не ведаеце, хто такі капітан Капейкін?