Усе адказалі, што ніяк не ведаюць, хто такі капітан Капейкін.
«Капітан Капейкін», сказаў паштмейстар, адкрыўшы сваю табакерку толькі напалавіну, з боязні, каб хто-небудзь з суседзяў не запусціў туды сваіх пальцаў, у чыстату якіх ён кепска верыў і нават меў звычай прыгаварваць: «Ведаем, бацюхна: вы пальцамі сваімі, можа, невядома ў якія месцы наведваецеся, а табака рэч, якая патрабуе чыстаты». — «Капітан Капейкін», паўтарыў ён, панюхаўшы ўжо табакі: «ды гэта-ж, між іншым, калі расказаць, атрымаецца найцікавейшая для якога-небудзь пісьменніка ў некаторым родзе цэлая паэма».
Усе прысутныя выказалі жаданне даведацца пра гэтую гісторыю, ці, як сказаў паштмейстар, найцікавейшую для пісьменніка ў некаторым родзе цэлую паэму, і ён пачаў так:
АПОВЕСЦЬ ПРА КАПІТАНА КАПЕЙКІНА
«Пасля кампаніі дванаццатага года, судар ты мой», — так пачаў паштмейстар, не гледзячы на тое, што ў пакоі сядзеў не адзін судар, а цэлых шасцёра, — «пасля кампаніі дванаццатага года, разам з раненымі быў прыслан і капітан Капейкін. Ці пад Красным, ці пад Лейпцыгам, толькі можаце ўявіць, яму адарвала руку і нагу. Ну, тады яшчэ не было зроблена наконт раненых ніякіх, ведаеце, гэдакіх распараджэнняў; гэты які-небудзь інвалідны капітал быў ужо заведзены, можаце ўявіць сабе, у некаторым родзе, значна пазней. Капітан Капейкін бачыць: трэба-б працаваць, толькі рука вось у яго, разумееце, левая. Паведаўся быў дамоў да бацькі; бацька кажа: «Мне няма чым цябе карміць, я», можаце ўявіць сабе, «сам ледзь дастаю хлеб». Вось мой капітан Капейкін вырашыў падацца, судар мой, у Пецербург, каб запытаць гасудара, ці не будзе якой манаршай міласці: «што, вось, так і так, у некаторым родзе, так сказаць, жыццём ахвяраваў, праліваў кроў...» Ну, неяк там, ведаеце, з абозамі ці фурамі казённымі, словам, судар мой, дацягнуўся ён так-сяк да Пецербурга. Ну, можаце ўявіць сабе, гэдакі які-небудзь, значыць, капітан Капейкін і апынуўся раптам у сталіцы, падобнай да якое, так сказаць, няма ў свеце! Раптам перад ім свет, так сказаць, некаторае поле жыцця, казачная Шэхерэзада. Раптам які-небудзь гэдакі, можаце ўявіць сабе, Неўскі праспект, ці там, ведаеце, якая-небудзь Гарохавая, чорт вазьмі! або там гэдакая якая-небудзь Ліцейная; там шпіц гэдакі які-небудзь у павстры; масты там вісяць гэдакім чортам, можаце ўявіць сабе, без усякага, гэта значыць, дотыку — словам, Семіраміда, судар, ды і годзе! Паткнуўся быў наняць кватэру толькі ўсё гэта кусаецца страшэнна: гардзіны, шторы, чартоўшчына такая, разумееце, дываны — Персія цалкам: нагой, як кажуць, топчаш капіталы. Ну, проста, значыцца, ідзеш па вуліцы, а ўжо нос твой так і чуе, што пахне тысячамі; а ў майго капітана Капейкіна ўвесь асігнацыйны банк, разумееце, складаецца з якіх-небудзь дзесяці сінюх. Ну, неяк там прытуліўся ў рэвельскім тракціры, за рубель у суткі: абед — капуста, кавалак бітай ялавічыны. Бачыць, зажывацца няма чаго. Распытаўся, куды звярнуцца. Кажуць, ёсць у некаторым родзе, вышэйшая камісія, праўленне, разумееце, гэдакае, і начальнікам генерал-аншэф такі вось. А гасудара, трэба вам ведаць, у той час не было яшчэ ў сталіцы; войскі, можаце сабе ўявіць, яшчэ не вярталіся з Парыжа, усё было за граніцай. Капейкін мой, устаўшы раней, паскроб сабе левай рукой бараду, — таму што плаціць цырульніку — гэта складзе, у некаторым родзе, рахунак, — нацягнуў на сябе мундзірчык і на дзеравяшцы сваёй, можаце сабе ўявіць, пайшоў да самога начальніка, да вяльможы. Распытаў кватэру. «Вунь», кажуць, паказаўшы яму дом на Дварцовай на наберажнай. Халупа, разумееце, мужыцкая: шкельцы ў вокнах, можаце сабе ўявіць, паўтарасажнёвыя люстры, так што вазы і ўсё, што там ні ёсць у пакоях, здаюцца як-бы знадворку: мог-бы, у некаторым родзе, дастаць з вуліцы рукой; дарагія мрамары на сценках, металічныя галантарэі, якая-небудзь ручка ў дзвярах, так што трэба, ведаеце, забегчы перш у крамку, ды купіць на грош мыла, ды раней гадзіны дзве церці ім рукі, ды потым ужо адважышся ўхапіцца за яе — словам: лакі на ўсім такія — у некаторым родзе розуму замарока. Адзін швейцар ужо глядзіць генералісімусам: вызалачаная булава, графская фізіяномія, як адкормлены тлусты мопс які-небудзь; батыставыя каўнерыкі, канальства!.. Капейкін мой усцягнуўся так-сяк са сваёй дзеравяшкай у прыёмную, прыціснуўся там сабе ў куточку, каб не штурхнуць локцем, можаце сабе ўявіць, якую-небудзь Амерыку або Індыю — раззалочаную, разумееце, фарфаравую вазу гэдакую. Ну, вядома, што ён настаяўся там уволю, таму што, можаце ўявіць сабе, прышоў яшчэ ў такі час, калі генерал, у некаторым родзе, ледзь падняўся з пасцелі, і камердынер, можа, паднёс яму які-небудзь срэбраны цабэрак для розных, разумееце, умыванняў гэдакіх. Чакае мой Капейкін гадзіны чатыры, як вось уваходзіць, нарэшце, ад’ютант ці іншы дзяжурны чыноўнік. «Генерал», кажа, «зараз выйдзе ў прыёмную». А ў прыёмнай ужо народу, як бобу на талерцы! Усё гэта не тое, што наш брат халоп, усе чацвертага ці пятага класа, палкоўнікі, а дзе-ні-дзе і тоўсты макарон блішчыць на эпалеце — генералітэт, словам, такі. Раптам у пакоі, разумееце, пранеслася ледзь прыкметная мітусня, як эфір які-небудзь тонкі. Пачулася там і там: «шу, шу», і нарэшце цішыня надышла страшэнная: вяльможа ўваходзіць. Ну... можаце ўявіць сабе: дзяржаўны чалавек! У твары, так сказаць... ну, адпаведна са званнем, разумееце... з высокім чынам... такі выраз, разумееце. Усё, што ні было ў пярэдняй, зразумела, у тую-ж хвіліну ў струнку, дрыжыць, чакае рашэння, у некаторым родзе, лёсу. Міністр, ці вяльможа падыходзіць да аднаго, да другога: «Чаго вы? чаго вы? што вы хочаце? якая ваша справа?» Нарэшце, судар мой, да Капейкіна. Капейкін, сабраўшыся з духам: «Так і так, ваша прэвасхадзіцельства: праліваў кроў, страціў, у некаторым родзе, руку і нагу, працаваць не магу, асмельваюся прасіць манаршай літасці». Міністр бачыць: чалавек на дзеравяшцы і правы рукаў пусты прышпілен да мундзіра. «Добра», кажа: «наведайцеся днямі». Капейкін мой выходзіць ледзь не ў захапленні: адно тое, што ўдастоіўся аудыенцыі, так сказаць, у першастацейнага вяльможы; а другое тое, што вось цяпер, нарэшце, вырашыцца, у некаторым родзе, наконт пансіёна. У настроі, разумееце, такім, падскаквае па тратуару. Зайшоў у Палкінскі тракцір выпіць чарку гарэлкі, паабедаў, судар мой, у Лондане [