Выбрать главу

Усе гэтыя размовы, думкі і чуткі невядома з якой прычыны больш за ўсё падзейнічалі на беднага пракурора. Яны падзейнічалі на яго да такой ступені, што ён, прышоўшы дамоў, пачаў думаць, думаць і раптам, як кажуць, ні з таго, ні з гэтага, памёр. Ці паралюшам яго, ці чым іншым прыхапіла, толькі ён як сядзеў, так і ляпнуўся з крэсла тварам дагары. Ускрыкнулі, як водзіцца, успляснуўшы рукамі: «ах, божа мой!», паслалі па доктара, каб пусціць кроў, але ўбачылі, што пракурор быў ужо адно бяздушнае цела. Тады толькі са спачуваннем даведаліся, што ў нябожчыка была сапраўды душа, хоць ён па скромнасці сваёй ніколі яе не паказваў. А між тым з’яўленне смерці гэтаксама было страшна ў малым, як страшна яно і ў вялікім чалавеку: той, хто яшчэ не так даўно хадзіў, рухаўся, гуляў у віст, падпісваў розныя паперы і быў так часта відзён сярод чыноўнікаў са сваімі густымі бровамі і міргаючым вокам, цяпер ляжаў на стале, левае вока не міргала ўжо зусім, але брыво адно ўсё яшчэ было прыўзнята з нейкім запытальным выразам. Аб чым нябожчык пытаўся, чаму ён памёр ці навошта ён жыў, пра гэта адзін бог ведае.

Але гэта аднак-жа недарэчна! гэта нязгодна ні з чым! гэта немагчыма, каб чыноўнікі так маглі самі напужаць сябе: стварыць такую лухту, так адыйсці ад сапраўднасці, калі нават дзіцяці відаць, у чым справа! Так скажуць многія чытачы і папракнуць аўтара ў недарэчнасцях, або назавуць бедных чыноўнікаў дурнямі, таму што шчодры чалавек на слова: дурань і гатоў прыслужыцца ім дваццаць разоў на дзень свайму бліжняму. Даволі з дзесяці бакоў мець адзін дурны, каб цябе прызналі дурнем, не зважаючы на дзевяць добрых. Чытачам лёгка разважаць, гледзячы з свайго спакойнага кутка і верхавінкі, адкуль адкрыты ўвесь кругагляд на ўсё, што робіцца ўнізе, дзе чалавеку відаць толькі блізкі прадмет. I ў сусветным летапісу чалавецтва шмат ёсць цэлых стагоддзяў, якія-б, здавалася, выкрасліў і знішчыў, як непатрэбныя. Многа зроблена ў свеце памылак, якіх-бы, здавалася, цяпер не зрабіла і дзіця. Якія крывыя, глухія, вузкія, непраходныя, заносячыя далёка ўбок дарогі выбрала чалавецтва, імкнучыся дасягнуць вечнай ісціны, у той час як перад ім быў адкрыты ўвесь просты шлях, падобны да шляху, што вядзе да цудоўнага будынка, прызначанага быць царскім палацам. За ўсе іншыя шляхі шырэйшы і прастарнейшы ён, абліты сонцам і асветлены ўсю ноч агнямі; але мінаючы яго ў глухой цемры ішлі людзі. I колькі разоў, ужо наведзеныя сыходзіўшым з нябёс розумам, яны і тут умелі адхіліцца і збіцца ўбок, умелі сярод белага дня трапіць зноў у непраходную глуш, умелі напусціць зноў сляпы туман адзін аднаму ў вочы і, цягнучыся ўслед за балотнымі агнямі, умелі ўсё-ж дабрацца да бяздоння, каб потым з жахам запытаць адзін другога: дзе выхад? дзе дарога? Бачыць цяпер усё ясна цяперашняе пакаленне, дзівіцца з памылковых думак, смяецца з неразумнасці сваіх продкаў, не бачачы, што нябесным агнём скрэслены гэты летапіс, што крычыць у ім кожная літара, што адусюль імкліва накірован пранізваючы перст, на яго-ж, на яго, на цяперашняе пакаленне, але смяецца цяперашняе пакаленне і самаўпэўнена, горда пачынае рад новых памылак, з якіх таксама потым пасмяюцца патомкі.