РАЗДЗЕЛ XI
Нішто, аднак-жа, не здарылася так, як меркаваў Чычыкаў. Па-першае, прачнуўся ён пазней, чым думаў — гэта была першая непрыемнасць. Устаўшы, ён паслаў зараз-жа даведацца, ці запрэжана брычка і ці ўсё гатова; але далажылі, што брычка яшчэ была не запрэжана і нічога не было гатова. Гэта была другая непрыемнасць. Ён раззлаваўся, падрыхтаваўся задаць нешта накшталт лупцоўкі прыяцелю нашаму Селіфану і толькі нецярпліва чакаў, якую той са свайго боку знойдзе прычыну ў апраўданне. Хутка Селіфан з’явіўся ў дзвярах, і пан меў прыемнасць пачуць тыя-ж самыя размовы, якія звычайна чуюцца ад прыслугі ў такім выпадку, калі трэба хутка ехаць.
«Дык-жа, Павел Іванавіч, трэба будзе коней каваць».
«Ах ты, чушка! пень! а раней чаму аб гэтым не сказаў? Не было хіба часу?»
«Ды час-то быў... Ды вось і кола таксама, Павел Іванавіч, шыну трэба будзе зусім перацяшуць, бо цяпер дарога калдобістая, выбоіны такія ўсюды пайшлі... Ды калі дазволіце далажыць: перадок у брычцы зусім расхістаўся, так што яна, можа, і двух станцый не зробіць».
«Падлюга ты!» выгукнуў Чычыкаў, успляснуўшы рукамі, і падышоў да яго так блізка, што Селіфан, са страху, каб не атрымаць ад пана падарунка, падаўся крыху назад і адступіўся ўбок.
«Забіць ты мяне сабраўся? а? зарэзаць мяне хочаш? На вялікай дарозе мяне сабраўся зарэзаць, разбойнік, чушка ты праклятая, страшыдла марское! а? а? Тры тыдні сядзелі на месцы, а? Каб хоць заікнуўся, лайдачына, — а вось цяпер на апошнюю гадзіну і прыгнаў! калі ўжо амаль напагатове: сесці-б ды і ехаць, а? а ты вось тут-то і напаскудзіў, а? а? А ты-ж ведаў гэта раней? Ты-ж ведаў гэта, а? а? Адказвай. Ведаў? А?»
«Ведаў», адказаў Селіфан, панурыўшы галаву.
«Дык чаму-ж тады не сказаў, а?»
На гэтае пытанне Селіфан нічога не адказаў, але, панурыўшы галаву, гаварыў сам сабе: «Бач ты, як яно дзіўна здарылася: і ведаў-жа, ды не сказаў!»
«А вось цяпер ідзі, прывядзі каваля, ды каб за дзве гадзіны ўсё было зроблена. Чуеш! абавязкова за дзве гадзіны: а калі не будзе, дык я цябе, я цябе... у рог сагну і вузлом завяжу!» Герой наш быў моцна раззлаваны.
Селіфан павярнуўся быў да дзвярэй з тым, каб ісці выканаць загад, але спыніўся і сказаў: «Ды яшчэ, судар, пярэстага каня, дапраўды, хоць-бы прадаць, бо ён, Павел Іванавіч, зусім падлюга, ён такі конь, проста, яе дай бог, толькі перашкода».
«Так! вось пайду, пабягу на рынак прадаваць!»
«Дальбог, Павел Іванавіч, ён толькі на выгляд ніштаваты, а на справе самы хітры конь; такога каня нідзе...»
«Дурань! калі захачу прадаць, дык прадам. Яшчэ пусціўся ў разважанні! Вось пагляджу я: калі ты мне не прывядзеш зараз кавалёў, ды за дзве гадзіны яе будзе ўсё гатова, дык я табе такую дам лупцоўку... сам на сабе твару не ўбачыш! Пайшоў! ідзі!» Селіфан вышаў.
Чычыкаў зусім страціў настрой і шпурнуў на падлогу шаблю, якая ездзіла з ім у дарозе, каб належным чынам падстрашваць каго след. Каля чвэрці гадзіны з нечым правалаводзіўся ён з кавалямі, пакуль зладзіў, бо кавалі, як водзіцца, былі заўзятымі падлюгамі і, сцяміўшы, што рабіць трэба хутка, заламалі роўна ў шэсць разоў. Як ён ні гарачыўся, называў іх шэльмамі, разбойнікамі, грабежнікамі праязджаючых, намякнуў нават на страшны суд, але кавалёў нічым не праняў: яны поўнасцю вытрымалі характар: не толькі не адступіліся ад цаны, але нават пракорпаліся за работай замест двух гадзін, цэлых пяць з палавінай. На працягу гэтага часу ён меў шчасце перажыць прыемныя хвіліны, вядомыя кожнаму падарожніку, калі ў чамадане ўсё зложана і ў пакоі валяюцца толькі вяровачкі, паперкі ды рознае смецце, калі чалавек не належыць ні дарозе, ні сядзенню на месцы, бачыць з акна прахожых людзей, якія цягнуцца, гутараць пра свае грыўні і з нейкай неразумнай дапытлівасцю ўзнімаюць вочы, каб, глянуўшы на яго, зноў ісці сваёй дарогай, што яшчэ больш раздражняе дрэнны настрой беднага падарожніка, што сабраўся ды не едзе. Усё што ні ёсць, усё, што ні бачыць ён: і крамка супроць яго акон, і галава старой, якая жыве ў процілеглым доме і падыходзіць да акна з кароценькімі фіранкамі, — усё яму агідна, аднак-жа, ён не адыходзіць ад акна. Стаіць, то забываючыся, то звяртаючы зноў нейкую прытупленую ўвагу на ўсё, што перад ім рушыцца і не рушыцца, і душыць ад прыкрасці якую-небудзь муху, што ў гэты час гудзе і б’ецца аб шкло пад яго пальцам. Але ўсяму бывае канец, і жаданая хвіліна надышла: усё было гатова, перадок брычкі як след быў наладжаны, кола было абцягнута новай шынай, коні прыведзены з вадапою, і разбойнікі-кавалі пайшлі, пералічыўшы атрыманыя рублёўкі і пажадаўшы ўсяго добрага. Нарэшце, і брычка была запрэжана, і два гарачыя калачы, толькі што купленыя, пакладзены туды, і Селіфан ужо засунуў тое-сёе для сябе ў кішэню, што была каля фурмановых козлаў, і сам герой, нарэшце, пры ўзмахванні шапкаю палавога ў тым-жа дэмікатонавым сурдуце, пры тракцірных і чужых лакеях і фурманах, якія сабраліся падзівіцца, як выязджае чужы пан, і пры ўсіх іншых акалічнасцях, што суправаджаюць выезд, сеў у экіпаж, — і брычка, у якой ездзяць халасцякі і якая так доўга застаялася ў горадзе і так, магчыма, надакучыла чытачу, нарэшце, выехала з варот гасцініцы. «Дзякуй табе, божа!» падумаў Чычыкаў і перахрысціўся. Селіфан сцебануў пугай; да яго падсеў спярша павісеўшы некаторы час на падножцы Пятрушка, і герой наш, умайстраваўшыся зручней на грузінскім дыванку, заклаў за спіну сабе скураную падушку, прыціснуў два гарачыя калачы, і экіпаж пайшоў зноў падскокваць і пагойдвацца, дзякуючы бруку, што, як вядома, меў падкідальную сілу. З нейкім невыразным пачуццём глядзеў ён на дамы, сцены, парканы і вуліцы, якія таксама з свайго боку, быццам падскокваючы, павольна адыходзілі назад, і якія, бог ведае, ці дасць яму лёс убачыць яшчэ калі-небудзь на працягу свайго жыцця. Пры павароце ў адну з вуліц брычка павінна была спыніцца, бо ва ўсю даўжыню яе праходзіла бясконцая пахавальная працэсія. Чычыкаў, высунуўшыся, загадаў Пятрушку запытаць, каго хаваюць, і даведаўся, што хаваюць пракурора. Поўны непрыемных адчуванняў, ён зараз-жа схаваўся ў кут, закрыў сябе скураю і зашмаргнуў фіранкі. У гэты час, калі экіпаж быў такім чынам спынены, Селіфан і Пятрушка, набожна зняўшы капялюш, разглядалі, хто як, у чым і на чым ехаў, лічачы, колькі было ўсіх і пешых, і ехаўшых, а пан, загадаўшы ім не прызнавацца і не кланяцца нікому са знаёмых лакеяў, таксама пачаў нясмела разглядаць праз шкельцы, якія былі ў скураных фіранках: за труною ішлі, зняўшы капелюшы, усе чыноўнікі. Ён пачаў быў крыху баяцца, каб не пазналі яго экіпажа, але ім было не да таго. Яны нават не заняліся рознымі жыццёвымі размовамі, якія звычайна вядуць паміж сабой праводзячыя нябожчыка. Усе думкі іх былі сабраны ў гэты час у саміх сабе: яны думалі, якім вось будзе новы генерал-губернатар, як возьмецца за справу і як прыме іх. За чыноўнікамі, якія ішлі пехатою, ехалі карэты, з якіх выглядалі дамы ў жалобных каптурах. Па руху губ і рук іх відаць было, што яны былі заняты жвавай размовай; можа, яны таксама гаварылі аб прыездзе новага генерал-губернатара і рабілі здагадкі наконт балаў, якія ён дасць, і клапаціліся аб вечных сваіх фестончыках і нашывачках. Нарэшце, за карэтамі ішло некалькі пустых дрожак, якія выцягнуліся гужом, нарэшце, і нічога ўжо не засталося, і герой наш мог ехаць. Адкрыўшы скураныя фіранкі, ён уздыхнуў, сказаўшы ад душы: «Вось пракурор! жыў, жыў, а потым і памёр! I вось надрукуюць у газетах, што памёр, на жаль падначаленых і ўсяго чалавецтва, паважаны грамадзянін, рэдкі бацька, прыкладны муж, і шмат напішуць усякай усячыны; дададуць, бадай, што суправаджаў яго плач удоў і сірот; а калі-ж разабраць добра справу, дык на паверку, у цябе ўсяго толькі і было, што густыя бровы». Тут ён загадаў Селіфану ехаць хутчэй і між тым падумаў сам сабе: гэта аднак-жа добра, што спаткалі пахаванне; кажуць, значыць шчасце, калі спаткаеш нябожчыка.