Брычка тым часам павярнула ў больш пустынныя вуліцы; хутка пацягнуліся адны доўгія драўляныя платы, якія прадвяшчалі канец горада. Вось ужо і брук скончыўся, і шлагбаум, і горад ззаду, і нічога няма, і зноў дарога. I зноў з абодвух бакоў гасцінца пайшлі пісаць вёрсты, станцыйныя даглядчыкі, студні, абозы, шэрыя вёскі з самаварамі, бабамі і спрытным, барадатым гаспадаром, які бяжыць з пастаялага двара з аўсом у руцэ, пешаход у стаптаных лапцях, які цягнецца за 800 вёрст, гарадкі, пабудаваныя жыўцом, з драўлянымі крамкамі, мучнымі бочкамі, лапцямі, калачамі і іншай дробяззю, рабы, я шлагбаумы, недапраўленыя масты, палі неаглядныя і па адзін бок, і па другі, памешчыцкія рыдваны, салдат вёрхам на кані, які вязе зялёную скрынку з свінцовым гарохам і подпісам: такой вось артылерыйскай батарэі, зялёныя, жоўтыя і свежа-ўзнятыя чорныя палосы, што мільгаюць па стэпах, зазвінеўшая ў далечыні песня, сасновыя верхавіны ў тумане, знікаючы ў далечыні царкоўны звон, вароны як мухі і гарызонт без канца... Русь! Русь! бачу цябе з маёй цудоўнай, прыгожай далечыні, цябе бачу: бедна, раскідана і непрытульна ў табе; не развесяляць, не спалохаюць позірку дзёрзкія цуды прыроды вянчаныя дзёрзкімі цудамі мастацтва, гарады з шматаконнымі высокімі палацамі, уросшымі ў скалы, маляўнічыя дрэвы і плюшчы, уросшыя ў дамы, у шуме і вечным пыле вадаспадаў; не закінецца назад галава паглядзець на каменныя глыбы, якія награмаджваюцца без канца над ёю і ў вышыні; не бліснуць праз накінутыя адна на другую цёмныя аркі, ахутаныя вінаграднымі галінамі, плюшчамі і незлічонымі мільёнамі дзікіх ружаў, не бліснуць праз іх у далечыні вечныя лініі ззяючых гор, якія нясуцца ў срэбранае, яенае неба. Адкрыта-пустынна і роўна ўсё ў табе; як кропкі, як значкі, непрыкметна тырчаць сярод раўнін невысокія твае гарады; нішто не спакусіць і не зачаруе позірку. Але якая-ж незразумелая, таемная сіла цягне; да цябе? Чаму чуецца і разлягаецца нямоўчна ў вушах твая тужлівая песня, якая нясецца па ўсёй даўжыні і шырыні тваёй, ад мора да мора? Што ў ёй, у гэтай песні? Што кліча, і рыдае, і хапае за сэрца? Якія гукі балюча цалуюць і імкнуцца ў душу і віюцца каля майго сэрца? Русь! чаго-ж ты хочаш ад мяне? якая непасцігальная сувязь тоіцца між намі? Што глядзіш ты так, і чаму ўсё, што ні ёсць у табе, звярнула на мяне поўныя чакання вочы?.. I яшчэ, поўны неўразумення, нерухома стаю я, а ўжо ахінула галаву грознае воблака, цяжкае надыходзячымі дажджамі, і анямела думка перад тваімі прасторамі. Што прарочыць гэты неабсяжны прастор? Ці тут, у табе хіба не нарадзіцца бязмежнай думцы, калі ты сама без канца? Ці не быць тут асілку, калі ёсць месца, дзе разгарнуцца і прайсціся яму. I грозна абдымае мяне магутная прастора, страшнай сілай адлюстраваўшыся ў глыбіні маёй; надзвычайнай уладай асвятліліся мае вочы: у! якая ззяючая, цудоўная, незнаёмая зямлі далечыня! Русь!..