Выбрать главу

«Трымай, трымай, дурань!» крычаў Чычыкаў Селіфану.

«Вось я цябе палашом!» крычаў фельд’егер з вусамі на аршын, які імчаўся насустрач. Не бачыш, чорт дзяры тваю душу: казённы экіпаж!» I, як здань, знікла з громам і пылам тройка.

Якое дзіўнае і прывабнае, і імклівае, і цудоўнае ў слове: дарога! і якая цудоўная яна сама, гэтая дарога: ясны дзень, асенняе лісце, халоднае паветра... шчыльней у дарожны шынель, шапку на вушы, цясней і ўтульней прыціснемся ў куток! У апошні раз прабегшыя ўздрыгі прахапілі члены, і ўжо змяніла іх прыемная цеплыня. Коні імчацца... Як спакусліва крадзецца дрымота і заплюшчваюцца вочы, і праз сон ужо чуюцца: I «Не белы снегі», і сап коней, і шум колаў, і ўжо храпеш, прыціснуўшы ў куток свайго суседа. Прачнуўся: пяць станцый адбеглася назад; месяц; невядомы горад, цэрквы са старадаўнімі драўлянымі купаламі і чарнеючымі востраканцоўямі; цёмныя драўляныя і белыя каменныя дамы. Ззянне месяца там і там: быццам белыя палатняныя хусткі паразвешваліся па сценах, па бруку, па вуліцах; касякамі перасякаюць іх чорныя, як вугаль, цені; падобна ззяючаму металу зіхацяць наўскос асветленыя драўляныя стрэхі, і нідзе ні душы — усё спіць. Адзін-адзінюткі, хіба дзе-небудзь у аконцы мігціць агеньчык; ці мешчанін гарадскі шые сваю пару ботаў, ці пекар корпаецца ў печы — што да іх? А ноч! нябесныя сілы! якая ноч здзяйсняецца ў вышыні! А паветра, а неба, далёкае, высокае, што там, у недаступнай глыбіні сваёй, так неабсяжна, гучна і ясна раскінулася!.. але дыхае свежа ў самыя вочы халоднае начное дыханне і закалыхвае цябе, і вось ужо дрэмлеш і забываешся і храпеш, і варочаецца злосна, адчуўшы на сабе цяжар, бедны, прыціснуты ў кутку сусед. Прачнуўся — і ўжо зноў перад табой палі і стэпы, нідзе нічога — усюды пустка, усё адкрыта. Вярста з лічбай ляціць табе ў вочы; займаецца раніца; на пабялеўшым халодным небасхіле залатая бледная палоска; больш свежым і жорсткім робіцца вецер: шчыльней у цёплы шынель! які слаўны холад! які цудоўны сон зноў абдымае цябе! Штуршок — і зноў прачнуўся. На вяршыні неба сонца; лягчэй! лягчэй! чуецца голас, воз спускаецца з круцізны: унізе грэбля шырокая і шырокі ясны ставок, ззяючы як меднае дно перад сонцам; вёска, хаты рассыпаліся па схіле гары; як зорка блішчыць у баку крыж вясковай царквы; гамонка мужыкоў і нясцерпны апетыт у жываце... Божа! якая ты прыгожая часам, далёкая, далёкая дарога! Колькі разоў, гінучы і топячыся, я хапаўся за цябе,і ты кожны раз велікадушна выносіла і ратавала! А колькі нарадзілася ў табе цудоўных задум, паэтычных мар, колькі адчулася дзіўных уражанняў!.. Але і наш друг Чычыкаў адчуваў у гэты час не зусім празаічныя мары. А паглядзім, што ён адчуваў. Спачатку ён не адчуваў нічога і паглядаў толькі назад, жадаючы ўпэўніцца, ці сапраўды выехалі з горада; але калі ўбачыў, што горад ужо даўно знік, ні кузняў, «і млыноў, ні ўсяго таго, што знаходзіцца навокал гарадоў, не было відаць, і нават белыя верхавіны каменных цэркваў даўно ўвайшлі ў зямлю, ён заняўся толькі адной дарогай, паглядаў толькі направа і налева, і горад N як быццам не быў у яго памяці, як быццам праязджаў ён яго даўно, у маленстве. Нарэшце, і дарога перастала цікавіць яго, і ён пачаў злёгку заплюшчваць вочы і схіліў галаву да падушкі. Аўтар, прызнацца, гэтаму нават рады, знаходзячы такім чынам выпадак пагаварыць аб сваім героі; бо дагэтуль, як чытач бачыў, яму безупынна перашкаджалі то Наздроў, то балы, то дамы, то гарадскія плёткі, то, нарэшце, тысячы тых дробязей, якія здаюцца толькі тады дробязямі, калі занесены ў кнігу, а пакуль бытуюць у свеце, лічацца за вельмі важныя справы. Але цяпер адкладзем зусім усё ўбок і проста зоймемся справай.