Выбрать главу

Чычыкаў адразу прадаў старэнькі дварок з мізэрнай зямелькай за тысячу рублёў, а сям’ю людзей перавёў у горад, думаючы асталявацца ў ім і заняцца службай. У гэты час выгналі са школы за дурнату або іншую віну беднага настаўніка, аматара цішыні і пахвальных паводзін. Настаўнік з гора пачаў піць, нарэшце і піць яму ўжо не было за што; хворы, без кавалка хлеба і дапамогі, прападаў ён недзе ў няпаленай забытай каморцы. Былыя вучні яго, разумнікі і вострасловы, у якіх ён бачыў заўсёды непакорнасць і задзірлівыя паводзіны, даведаўшыся аб кепскім яго становішчы, сабралі зараз-жа для яго грошы, прадаўшы нават шмат чаго патрэбнага; адзін толькі Паўлуша Чычыкаў сказаў, што не мае, і даў нейкі срэбны пятак, які зараз-жа таварышы кінулі яму, сказаўшы: эх ты, жыла! Затуліў твар рукамі бедны настаўнік, калі пачуў пра такі ўчынак былых сваіх вучняў: слёзы паліліся градам з патухаўшых вачэй, як у слабога дзіцяці. «На смяротнай пасцелі прывёў бог заплакаць», прамовіў ён слабым голасам, і цяжка ўздыхнуў, пачуўшы пра Чычыкава, ды тут-жа дадаў: «Эх, Паўлуша! вось як змяняецца чалавек! а які-ж быў добранраўны, ніякага буянства, шоўк! — Ашукаў, моцна ашукаў...».

Аднак-жа нельга сказаць, каб прырода нашага героя была такая суровая и чорствая, і пачуцці яго былі да таго прытуплены, каб ён не ведаў ні жаласці, ні спагады; ён адчуваў і тое, і другое, ён-бы нават хацеў дапамагчы, але толькі, каб гэта не складала значнай сумы, каб не чапаць ужо тых грошай, якія вырашана было не чапаць, словам, бацькоўскае настаўленне: ашчаджай і збірай капейку, пайшло на карысць. Але ў ім не было прывязанасці ўласна да грошай для грошай; ім не ўладалі скнарлівасць і скупасць. Не, не яны рухалі ім, яму здавалася наперадзе жыццё ва ўсіх выгадах, з усялякім дастаткам, экіпажы, дом, выдатна ўпарадкаваны, смачныя абеды, вось што безупынна насілася ў галаве яго. Каб нарэшце, потым, з часам, пакаштаваць абавязкова ўсяго гэтага, вось для чаго збіралася капейка, у якой скупа адмаўлялася сабе і другому. Калі пралятаў паўз яго багацей на пралётных прыгожых дрожках, на рысаках у багатай збруі, ён як укопаны спыняўся на месцы, і потым, абудзіўшыся, як пасля доўгага сну, гаварыў: а быў-жа канторшчык, валасы насіў у кружок! I ўсё, што ні павявала багаццем і дастаткам, рабіла на яго ўражанне, непасцігальнае яму самому. Вышаўшы з вучылішча, ён не хацеў нават адпачыць: такое моцнае было ў яго жаданне хутчэй узяцца за справу і службу. Аднак-жа, не гледзячы на пахвальныя атэстаты, з вялікай цяжкасцю паступіў ён у казённую палату. I ў далёкай глушы патрэбна пратэкцыя! Месца трапілася яму нязначнае, пенсія трыццаць або сорак рублёў у год. Але ён вырашыў горача заняцца службай, усё перамагчы і пераадолець. I сапраўды, самаафярнасць, цярплівасць і абмежаванне патрэб выявіў ён нечуваныя. З раніцы да позняга вечара, не стамляючыся ні душэўнымі, ні цялеснымі сіламі, пісаў ён, угрузнуўшы ўвесь у канцылярскія паперы, не хадзіў дамоў, спаў у канцылярскіх пакоях на сталах, абедаў часам з вартаўнікамі і пры ўсім гэтым умеў захаваць ахайнасць, прыстойна апрануцца, надаць твару прыемны выраз і нават нешта высокароднае ў рухах. Трэба сказаць, што чыноўнікі палаты асабліва адзначаліся мізэрнасцю і мелі кепскі выгляд. У некаторых былі твары быццам дрэнна выпечаны хлеб: шчаку разнесла ў адзін бок, падбародак скасіла ў другі, верхнюю губу падняло пухіром, ды яна ў дадатак да гэтага яшчэ і парэпалася; словам, зусім непрыгожа. Гаварылі ўсе яны неяк сурова, такім голасам, як-бы збіраліся некага прыбіць; прыносілі частыя ахвяры Вакху, паказаўшы такім чынам, што ў славянскай прыродзе ёсць яшчэ многа рэшткаў язычаства; прыходзілі нават часам у прысуцтвіе, як кажуць, налізаўшыся, ад чаго ў прысуцтвіі было нядобра, і паветра было зусім не араматычнае. Паміж такімі чыноўнікамі не мог не быць заўважаны і адзначаны Чычыкаў, які з’яўляўся ва ўсім поўнай процілегласцю і выглядам твару, і прыветнасцю голасу, і тым, што зусім не ўжываў ніякага моцнага пітва. Але пры ўсім гэтым цяжкі быў яго шлях: ён трапіў пад начальніцтва вельмі старога павытчыка [