«Ну, што-ж!» сказаў Чычыкаў: «зачапіў, павалок, сарвалася, не пытайся. Плачам гору не паможаш, трэба справу рабіць». I вось вырашыў ён зноў пачаць кар’еру, зноў узброіцца цярплівасцю, зноў абмежаваць сябе ва ўсім, як ні прывольна і ні добра быў разгарнуўся ён раней. Трэба было пераехаць у іншы горад, там яшчэ ствараць сабе вядомасць. Усё неяк не клеілася. Дзве, тры пасады павінен ён быў змяніць за самы кароткі час. Пасады неяк былі брудныя, нізкія. Трэба ведаць, што Чычыкаў быў самы прыстойны чалавек, які калі-небудзь існаваў на свеце. Хоць ён і павінен быў спачатку церціся ў брудных колах, але ў душы заўсёды захоўваў чыстату, любіў, каб у канцылярыях былі сталы з лакіраванага дрэва і ўсё каб было высокародна. Ніколі не дазваляў ён сабе ў размове непрыстойнага слова і абражаўся заўсёды, калі ў словах іншых бачыў адсутнасць належнай павагі дачына або звання. Чытачу, я думаю, прыемна будзе даведацца, што ён кожныя два дні мяняў на сабе бялізну, а летам у часе спёкі нават і кожны дзень: усякі хоць крыху непрыемны пах ужо абражаў яго. З гэтай прычыны ён кожны раз, калі Пятрушка прыходзіў распранаць яго і скідаць боты, клаў сабе ў нос гваздзічку, і ў многіх выпадках нервы ў яго былі далікатныя, як у дзяўчыны; і таму цяжка яму было апынуцца зноў у тых радах, дзе ўсё тхнула сівухай і непрыстойнасцю ва ўчынках. Як ні трымаўся ён, аднак-жа схудаў і нават пазелянеў у часе такіх нягод. Ужо ён пачынаў паўнець і прыходзіць у тыя круглыя і прыстойныя формы, у якіх чытач застаў яго пры першым знаёмстве, і ўжо не раз, пазіраючы ў люстэрка, думаў ён пра мноства прыемнага: пра кабетку, пра дзіцячы пакой, і ўсмешка ішла следам за такімі думкамі: але цяпер, калі ён паглядзеў на сябе неяк незнарок у люстэрка, не мог не ўскрыкнуць: «маці ты мая прасвятая! які-ж я стаў брыдкі!» I пасля доўга не хацеў глядзецца. Але трываў усё наш герой, трываў моцна, цярпліва трываў, і — перайшоў нарэшце на службу ў мытніцы. Трэба сказаць, што гэтая служба даўно складала таемную мэту яго імкненняў. Ён бачыў, якія франтоўскія замежныя рэчы набывалі чыноўнікі з мытніц, якія фарфары і батысты перасылалі кумачкам, цётачкам і сёстрам. Ці раз даўно ўжо ён гаварыў, уздыхаючы: «вось-бы куды перабрацца: і граніца блізка, і асвечаныя людзі, а якія тонкія галандскія кашулі можна прыдбаць!» Трэба дадаць, што пры гэтым ён яшчэ думаў аб асаблівым гатунку французскага мыла, якое надавала незвычайную бялоту скуры і свежасць шчокам; як яно называлася, бог ведае, але па яго меркаваннях, абавязкова знаходзілася на граніцы. Такім чынам, ён даўно хацеў-бы ў мытніцу, але ўтрымлівалі розныя бягучыя выгоды па будаўнічай камісіі, і ён разважаў справядліва, што мытніца, як-бы там ні было, усё яшчэ не больш, як журавель у небе, а камісія ўжо была сініца ў руках. Цяпер-жа вырашыў ён, чаго-б гэта ні каштавала, дабрацца да мытніцы, і дабраўся. За службу сваю ўзяўся ён з стараннасцю незвычайнай. Здавалася, сам лёс прызначыў яму быць чыноўнікам у мытніцы. Такой спрытнасці, прадбачлівасці і праніклівасці не толькі не здаралася бачыць, але нават і чуць. За тры-чатыры тыдні ён ужо так злаўчыўся ў мытнай справе, што ведаў усё дарэшты: нават не важыў, не мераў, а па фактуры даведваўся, колькі ў якім скрутку аршынаў сукна або іншай тканіны; узяўшы ў рукі пакунак, ён мог сказаць адразу, колькі ў ім фунтаў. Што-ж датычыць абшуквання, дык тут, як казалі нават самі таварышы, у яго проста быў сабачы нюх: нельга было не здзівіцца, бачачы, як у яго хапала столькі цярплівасці, каб абмацаць кожны гузік, і ўсё гэта рабілася са страшэннай роўнавагаю, ветлівай да неверагоднасці. I ў той час, калі абшукваемыя шалелі, трацілі самаўладанне і адчувалі злоснае жаданне збіць пстрычкамі прыемнае яго аблічча, ён, не змяняючыся ні з твару, ні ў ветлівасці абыходжання, толькі прыгаварваў: ці не будзеце вы ласкавы крыху паклапаціцца і прыўстаць? або: ці не будзеце вы ласкавы, сударыня, прайсці ў другі пакой? там жонка аднаго з нашых чыноўнікаў пагутарыць з вамі. Ці: дазвольце, вось я ножычкам крыху распару падкладку вашага шыняля, і, кажучы гэта, ён выцягваў адтуль шалі, хусткі, спакойна, як з уласнай скрыні. Нават начальства гаварыла, што гэта быў чорт, а не чалавек: ён знаходзіў у колах, дышлах, конскіх вушах і невядома ў якіх месцах, куды-б ніякаму аўтару не прышло-б у думку залезці і куды дазваляецца залазіць толькі адным мытным чыноўнікам. Так што бедны падарожны, пераехаўшы цераз граніцу, усё яшчэ на працягу некалькіх хвілін не мог апамятацца, і, абціраючы пот, які выступіў дробненькімі кроплямі па ўсім целе, толькі хрысціўся ды прыгаварваў: ну, ну! Становішча яго вельмі падобна было да становішча вучня, які выбег з сакрэтнага пакоя, куды начальнік паклікаў яго з тым, каб даць сякое-такое настаўленне, але замест таго высек зусім нечаканым чынам. Праз кароткі час не было ад яго ніякага жыцця кантрабандыстам. Гэта быў страх і адчай усяго польскага жыдоўства. Сумленнасць і непадкупнасць яго былі непераможныя, амаль ненатуральныя. Ён нават не сабраў сабе невялічкага капітальца з розных канфіскаваных тавараў і сякіх-такіх рэчаў, якія адбіраліся, але не паступалі ў казну для ўнікнення лішняй перапіскі. Такая старанна-бескарыслівая служба не магла не зрабіцца прадметам агульнага здзіўлення і не дайсці, нарэшце, да ведама начальства. Ён атрымаў чын і павышэнне і следам за гэтым прадставіў праект злавіць усіх кантрабандыстаў, просячы толькі сродкаў выканаць яго самому. Яму зараз-жа даручана была каманда і неабмежаванае права рабіць усякія пошукі. Гэтага толькі яму і хацелася. У той час утварылася моцнае таварыства кантрабандыстаў абдумана-правільным чынам; на мільёны абяцала выгод дзёрзкае пачынанне. Ён даўно меў ужо весткі аб ім і нават адмовіў падасланым падкупіць, сказаўшы суха: яшчэ не час. Атрымаўшы-ж пад свой загад усё, у тую-ж хвіліну паведаміў таварыства, сказаўшы: цяпер пара. Разлік быў занадта пэўны. Тут за адзін год ён мог атрымаць тое, чаго не выйграў-бы за дваццаць гадоў самай стараннай службы. Раней ён не хацеў уваходзіць ні ў якія зносіны з імі; таму што быў не больш, як простай пешкай, значыцца, не шмат атрымаў-бы, але цяпер... цяпер зусім іншая справа: ён мог прапанаваць якія хацеў умовы. Каб справа ішла больш бесперашкодна, ён падгаварыў і другога чыноўніка, свайго таварыша, які не ўстояў супроць спакусы, не гледзячы на тое, што меў сівы волас. Умовы былі заключаны, і таварыства пачало дзейнічаць. Дзеянні пачаліся бліскуча: чытач, без сумнення, чуў так часта перадаваную гісторыю аб дасціпным падарожжы іспанскіх бараноў, якія, зрабіўшы пераход цераз граніцу ў падвойных кажушках, пранеслі пад кажушкамі на мільён брабантскіх карункаў. Гэта здарэнне адбылося іменна тады, калі Чычыкаў служыў пры мытніцы. Калі-б ён сам не ўдзельнічаў у гэтай справе, ніякім жыдам у свеце не ўдалося-б ажыццявіць падобнай справы. Пасля трох ці чатырох барановых паходаў цераз граніцу, у абодвух чыноўнікаў апынулася па чатырыста тысяч капіталу. У Чычыкава, кажуць, нават пераваліла за пяцьсот, бо ён быў спрытнейшы. Бог ведае, да якой-бы велізарнай лічбы ні ўзраслі-б благадатныя сумы, калі-б нейкі нялёгкі звер не перабег упоперак усяго. Чорт збіў з толку абодвух чыноўнікаў: чыноўнікі, проста кажучы, пашалелі і пасварыліся ні за што. Неяк у гарачай размове, а магчыма крыху і выпіўшы, Чычыкаў абазваў другога чыноўніка паповічам, а той, хоць сап