Выбрать главу

У стылі М. Стральцова ў адрозненне, скажам, ад І. Пташнікава мала знешняй маляўнічасці, хоць рытм яго апісанняў і разваг таксама трымаецца на дзеясловах, але яны не нагнятаюцца для характарыстыкі адной з'явы, а імкнуцца да адасаблення, да раз'яднання з'яў: «А ноччу быў дождж. Была навальніца. Я даўно не бачыў такой навальніцы. Раз'ятрана білася ў трубах вада, сінія маланкі паласавалі неба, на вуліцы нешта гуло, сіпела, булькала — водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта... Потым усё сціхла. Чуваць было, як капала з даху вада. Я лёг спаць. Я засынаў, а мне ўсё мроілася: сінія маланкі, дзядзька Ігнат, заўтрашняя наша касьба...» Часта і адзінкавы эпітэт у агульнай сістэме фразы ўяўляе эпітэт-дзеянне, які сам па сабе, без дадатковага ўдакладнення выяўляе ўнутраны рух: «парная трава», «асмужанае неба», «насцярожліва-чуйная ваколіца», «песня порсткая, як сонечны прамень», «шорсткае сена», «трапяткая нітка часу», «сакавіта-зялёная асака», «спакойна-рашучая краса».

Любімы колер у пісьменніка — сіні і блакітны: «узгорачак чысты, светлы, абсыпаны шыгаллем, праз якое прасвечвала сіняватая зямля»; «на сініх лугах маленства вырастаюць надзеі»; «сіні туман»; «сінія лапікі неба»; «сіняя тамлівая смуга вісіць над вадою»; «о, салодкая, лянотная бяздумнасць, о, жыццё душы, Дрымотнае, як звон вады, тамлівае, як сіняя намітка смугі»; «сонная сінь» і г. д. Тропы — эпітэты, параўнанні, «ніжэйшыя» элементы стылю — заўсёды ў таленавітага пісьменніка падпарадкаваны вышэйшым структурным паказчыкам стылю. Відаць, сіні колер адпавядае таму душэўнаму настрою, у якім часцей за ўсё бываюць героі М. Стральцова: настрою турботы, ціхага суму, чаканню цуду, імкненню да прыгажосці і самаўдасканалення. А прырода нібы дапамагае падтрымліваць у чалавеку надзеі, рамантычныя парывы, прагу гармоніі.

Жывая думка пісьменніка не ведае спакою, ірвецца далей, не толькі ўшырыню, як у эсэ «Дзень у шэсцьдзесят сутак», але і, так сказаць, углыбіню. І раней прарывалася ў аўтара і яго герояў няяснае спачатку пачуццё няспоўненага абавязку, віны і перад вёскай, і перад бацькамі, і перад мінулымі пакаленнямі. М. Стральцоў піша: «І як гэта так здараецца, ...што роднае, сваё мы неяк заўсёды пакідаем на потым, на пасля, саманадзейна ўпэўненыя, што не ўцячэ яно ад пас. І з роднымі мясцінамі так бывае, і з блізкімі людзьмі...»

Калі разглядаць творы М. Стральцова некалькі ў іншым фокусе, можна заўважыць, што праблема гарманічнага героя мае і другі аспект — пераадоленне бездухоўнасці як філасофска-сацыяльнай з'явы, якая ўсё больш пачынае хваляваць сучасных мастакоў. А ў пошуках высокай духоўнасці заканамерна звяртанне пісьменнікаў да ўласных вытокаў, да народа. Нездарма ж пісаў М. Стральцоў, што творы М. Багдановіча «...у ачышчаным скандэнсаваным выглядзе выяўляюць найвялікшую эстэтычную і этычную каштоўнасць народных поглядаў, выпрацаваных на працягу аж цэлых стагоддзяў».

У адным з вершаў са зборніка «Ядлоўцавы куст» М. Стральцоў вядзе «размову з часам»:

Спасцігнуць усё праз цябе я хачу, Табою маё ўсё няхай апякуецца. Знай пункты гульні. А паруш — закрычу. Аж голас у веку наступным пачуецца.