«Спасцігнуць праз час» імкнецца пісьменнік і ўласныя вытокі, і ўласнае дзяцінства, якое прыпала на вайну. Невялікая аповесць яго «Адзін лапаць, адзін чунь» — пранікнёны твор аб чалавечай дабраце, аб духоўных багаццях, закладзеных у народзе, аб цеплыні, шчырасці, якія так неабходны дзіцяці, але і даросламу чалавеку таксама. У аповесці гучыць аўтарскі боль за цяжкасці чалавечага жыцця, за пакуты, выкліканыя вайной, а недзе глыбей жыве імкненне аўтара разабрацца і ў сабе, у сваёй душы. У агульным плане аповесць працягвае важнейшую тэму ўсёй творчасці пісьменніка — тэму гарманічнай, цэльнай асобы. Аповесць будуецца па прынцыпу вымярэння чалавечых эмоцый і якасцей па адной «мерцы» — па дабраце дзеда Міхалкі, а правяраецца на маленькім Іванку — яго ўнуку. Жыццёвы матэрыял, пакладзены ў аснову аповесці, вылучае і іншыя тэмы, галоўная з якіх — цяжкі лёс дзяцей, пазбаўленых дзяцінства з-за вайны. Тым больш важнай становіцца ў такіх умовах чалавечая дабрата, усё тое, што застаецца ў народзе вечным і нязменным, нягледзячы на пакуты і страты.
У аповесці, як піша П. Дзюбайла, «асоба аўтара бліжэй да героя. Тут пануе форма няўласна-простай мовы, у якой арганічна зліваецца голас аўтара і голас героя». Такая форма выконвае некалькі мастацкіх функцый: выяўляе пачуццёва-эмацыянальны стан маленькага Іванкі, дае аб'ектыўную карціну пасляваеннай рэчаіснасці, раскрывае характары іншых дзеючых асоб. Праўда, кампазіцыя аповесці пабудавана такім чынам, што Іванкава ўспрыняцце рэчаіснасці паступова як бы ўплятаецца ва ўспамін дарослага Івана пра тое добрае ў Іванку, што паспеў «укласці» ў яго дзед Міхалка, а ў канцы душэўныя перажыванні Міхалкі ўвогуле выступаюць на першы план. Такім чынам, унутраная структура аповесці вельмі складаная, што абумоўлена неабходнасцю ўвасаблення логікі лірычнага пачуцця, лірычнага пафасу аўтара. Асаблівасцю аповесці з'яўляюцца ўключаныя ў яе вершы, якія ўзмацняюць лірызм, эмацыянальную атмасферу твора. Прастата сюжэту пры складанасці кампазіцыі павялічвае накал аўтарскага пачуцця.
Маленькі Іванка думае пра ежу і пра абутак, без якога не можа выйсці на вуліцу, але думае ён і пра людзей, што акружаюць яго. Прычым нельга не здзіўляцца яго ўменню разбірацца ў душах дарослых людзей. Ён ведаў, што маці «не хацела, каб яго хто шкадаваў», нават родны дзед. Неаднаразова параўноўвае Іванка сваіх дзядоў — Міхалку і Трахіма, і не ў карысць Трахіма. «Багаты гэты дзед... Дзіва што такі чырвоны ды крэпкі,— і шкада яму робіцца дзеда Міхалку». Ацэнкі даюцца і іншым героям аповесці: «Нядобрая гэта бабуля,— падумаў ён.— Спала на печы, спала, нават не чула, як дзед Трахім прыйшоў. А мо і знарок не абазвалася. А цяпер і вячэраць не хоча: упрошвай яе. Не хоча, не хоча, а ноччу ўстане і пачне шукаць сабе чаго паесці. Быццам ёй не даюць. Дзед і той за гэта на яе сварыўся... Нічога не буду ніколі паказваць ёй».
Знешняга сюжэту, сюжэту падзейнага, у аповесці вельмі мала, гэта твор з лірычным сюжэтам. А. Яскевіч піша: «Гэтыя некалькі гадзін маленства, што склалі фабульную канву аповесці, паўстаюць у дзіўнай празрыстасці нейкага мудрага бачання, такога жыццёва натуральнага і гэтак, як у жыцці, натуральна запаволенага». Затоены сэнс, вызначаны вершаванай прадмовай, раскрываецца ў аповесці паступова: праз сон Іванкі, праз разважанні дзеда Міхалкі аб дабраце, праз перадсмяротныя яго клопаты. Галоўную ідэю аповесці раскрываюць словы дарослага Івана з яго ліста да сябра: «Няма інакшай мудрасці для нас, чалавекаў, акрамя той, што трэба быць па-чалавечы добрым і мудрым».
Дарослы Іван — гэта ў многім той жа Лагацкі, і Юневіч, і Марусаў, і Свет Іванавіч. Праўда, яны не здолелі, хоць марылі, так зазірнуць у краіну маленства, як Іван, і так пашкадаваць, як ён, што пагублялі на жыццёвай дарозе дабрату і цэльнасць маленькага Іванкі.
А ён сапраўды чулы, добры, спагадлівы да людзей: «...Жаль працяў Іванкава сэрца, падумаў ён, што нядужы ўжо дзед». З дзедам Міхалкам у малога ўзаемаразуменне і поўны кантакт. Калі Іванку здалося, што пакрыўдзіў ён дзеда, то збянтэжыўся ад дзедавага позірку: «Дзіўна так, здаецца Іванку, зірнуў. Бездапаможна, разгублена, а потым чамусьці вочы заплюшчыў: павекі ў дзеда дрыжалі, як быццам балюча дзеду было, як быццам перасільваў ён, стаіўшы дыханне, гэты боль». І маці Іванку шкада, хоць няма ў іх такой блізкасці, як з дзедам, можа, таму, што яна за вайну шмат перажыла і «стала зласлівым яе сэрца».
Міхалка на працягу ўсёй аповесці пакутліва разважае пра меру дабраты, пра дабрату і розум, пра ўсё тое, што асабліва хвалюе нас сёння. Можа, таму і разлад у душы маладых герояў М. Стральцова, што адчуваюць яны недастатковасць сваёй дабраты, свайго разумення людзей, усяго таго, што было закладзена ў іх такім вось Міхалкам ці падобным на яго, але страцілася ў будзённых дробязях і клопатах?