Васілец змаўчаў.
— Вось іменна. Тваё гэтае маўчанне красамоўней за ўсякія словы! — падняў палец Рыжоў.— Не асмельвацца нават думаць, каб уцячы ад трывог, працы, барацьбы, нягод! «Спокойствие — душевная подлость». А мы... Ці не зачаста той-сёй з нас спакойны, абачлівы, ухіляецца ад перажыванняў, змагання за справядлівасць, баіцца нягод; ці не зашмат той-сёй дбае пра свой дабрабыт?! Га, дарагі?
Васілец зноў нічога не адказаў.
— На сваю заяву,— падаў Рыжоў.— Сам парві! Ці пакінь яе ў сваім архіве для сябе, для нашчадкаў, каб ведалі: і ты паддаваўся слабасці... А сёння скончым гэтую непрыемную размову. Так?
Васілец згарнуў заяву, засунуў яе ў кішэню. Настрой яго быў паганы. Было прыкра. Сапраўды, павёўся, як хлапчук. І з Маяю Сцяпанаўнаю, і з Рыжовым. Трапіў нібы ў нейкі кут і не ведае, куды далей ісці.
— Не маркоцься,— лагодна прамовіў Рыжоў.— Не ты адзін вытрымліваеш выпрабаванні, робіш выбар. Мы ўсе праходзілі і праходзім праз гэта. Рана ці позна, як ні ўхіляйся, мусіш сам адказаць сабе на свае ж пытанні... Калі хочаш, лічы: сённяшняй нашай размовы ні для нікога не было... Можа, толькі была яна для нас з табою... Ну, будзь! У мяне яшчэ шмат працы, братачка,— падняўся, падаў руку.— Вышэй галаву. Не абцяжарвай душу пакутаю. Душу заўсёды беражы, сэрца суцяшай, як казалі мудрыя, заўсёды гані прэч журбу ды маркоту, бо яны многіх загубілі, а толку ад іх ніякага... Сумуй, маркоцься часамі, але не шмат... Будзь вясёлы, на тое-сёе глядзі і праз жарт... Тады не будзеш хутка старэць. Будзеш доўга малады. Маладосць жа — найвялікшы дар для чалавека...
Васілец, моўчкі паціснуўшы Рыжову руку, выйшаў з кабінета.
Падаўся на двор. Запыніўся на шырокім ганку, зірнуў угору. Там ззяла яркае сонца, маладым блакітам сінелася высокае, з лёгкімі белымі аблачынкамі неба. І тут, у зацішку, мірна падалі з даху пасмялелыя ўжо кроплі талай вады.
Вясна. Жывы рух, абнаўленне, новае жыццё. У паветры ўжо чуецца новы, жыццядайны, пах. Не толькі з водарам веснавой вады, але і з духам цёплай пладаноснай зямлі, з араматам першай клейкай пяшчотнай зеляноты. Можа, праўда, яшчэ не было гэтых пахаў, можа, яны былі яшчэ схаваныя, але яму здавалася, што яны ўжо ёсць.
Пастаяўшы з хвіліну на высокім ганку, Васілец саступіў з яго. Паспяшаўся зноў у дарогу, па сваіх клопатах. А іх у яго было яшчэ шмат.
1979
НА НОВЫ ПАРОГ
Аповесць
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
1. РАНІЦА
Бабчын Скон абдымала ноч. Уцямнелая без месяца і зорак, ціхая ды сцюдзёная. Як і сто, як і больш гадоў назад у такую — маладую летнюю — часіну.
Але вось за ўсходнім небакраем нібы зацяпліўся нейкі нябесны агонь пад чорнаю посцілкаю — там пачала непакоіцца ледзь прыкметная яснасць. Сабралася, устоялася і нечакана пырснула ўверх светлым сяйвом. Неяк раптоўна заявілася неба, нізкія, ледзь не над самаю зямлёю, густыя расяныя воблакі. Яны нібы са страхам уцякалі, плылі і плылі ў цемень, на поўнач. У наваколлі днела і днела, набірала моц нястрымная дзённая сіла.
Вось цяпер можна было ўбачыць: а на небе былі і зоркі, і месяц. Дагэтуль іх хавалі воблакі. Цяпер, праўда, месяц і рэдкія зоркі былі скупыя на святло, блеклыя, далёкія ды чужыя. Можа, і таму, што былі ўжо непатрэбныя.
Узвіўся з зямлі ў паяснелае неба жаваранак, азваўся, захліпнуўся, пасля абудзіў нерухомае, яшчэ не зусім разднелае наваколле бадзёраю песняю. Здаецца, адразу ж заявіўся ці то ветрык, ці то цяг — варухнулася на бярозах лісце, упалі долу кропелькі расы. І з гэтым падзеннем, а пасля і з першым гукам ды з павесялелым, хутчэйшым цёкам вады ў рэчцы, з першым рэхам у лесе ўсё ажыло. Прыйшло ў рух, можа, яшчэ і не кожнаму бачны. Жыццё, што нібы запынілася на ноч, пайшло-пабегла сваёю каляінаю, па сваім, аднаму яму вядомым крузе.
Неба, лес, рэчка, птушкі і звяры — а без іх Бабчын Скон быў бы не сапраўдны, як і любая іншая вёска на зямлі,— усе яны мігам адчулі гэты зрух, пачалі прачынацца.
Чалавека, старога Гаптара, пабудзіў не жаваранак. А верабей. Лянівец, пачуўшы тую песню, заляпаў крылцамі ў сцяну пад страхою, са сполахам заціўкаў.
Гаптар падхапіўся, як нечага збаяўшыся. Пасядзеў крыху, паморшчыўся, а потым страсянуўся, як мокры конь, узяў штаны: яны ляжалі паблізу, на крэсле. Вываліўся з кішэні складанчык, ляпнуў на падлогу.
Падхапілася на другім ложку жонка. Спусціла долу ногі, пацерла далоньмі заспаны твар. Была ў белай доўгай кашулі, з распушчанымі сівымі валасамі.