І Гаптар не ўтрываў, усміхнуўся. Адчуў: і яму добра ад чужой шчаслівай жаночай усмешкі.
— Зацвіла ты, кабета! — замест прывітання сказаў ён, кінуўшы позірк на яе дужыя, стройныя ногі. На іх не было ніякага абутку,— Як дзеўка, так сказаць!
— А хіба ж я такая старая ўжо, дзядзька? — смела адказала яна. Але заружавелася, залыпала вейкамі.— Мне ж толькі сёлета яшчэ будзе трыццаць пяць гадоў...
— Каб ад маіх шасцідзесяці дзевяці, так сказаць, адкінуць хоць бы дзевятнаццаць, дык, далібог, не ўтрываў бы, падкаціўся б! — пажартаваў, не могучы стрымаць усмешкі. Прыпыніўся.— А так нехта другі, маладзейшы, уночы ў шыбіну стукае...
Гэлька зачырванелася: адкуль ён што ведае?
«Відаць, праўду гаворыць Блін, што да цябе ляснік Лабуня падходжвае! — падумаў.— Гадоў колькі, як памёр Сцяпан, пакінуў на рукі трое дзяцей, дык хадзіла, апусціўшы галаву, учарнелая... Скажы што — дык адразу ў слёзы... А гэта... Зусім перайначылася...»
— Вы ж, гавораць, век на чужую кабету не зірнулі,— апамяталася, аджартавалася.— Надта цётцы Анці верныя былі. Век шанавалі і любілі толькі яе адну.
— Можа, і дурны быў, так сказаць...— зноў усміхнуўся.— Гэтулькі харошых кабет кругом маркоцілася, сам спрытны быў... І во нічога няма. Ні той кабечай красы, ні сваёй маладосці... А што бачыў? Нічога не бачыў. Адну работу, ад якой і рукі баляць, і спіна баліць. Дык трэба было і ўлюбляцца, пакуль молады быў. Хоць гэта, можа, так сказаць, пад старасць грэла б душу.
Здаецца, усцешылася, што ён так сказаў. З гарэзнасцю ўсміхнулася.
— Ну і дзядзька Юзік! — паківала галавою.— Вот вазьму і па-суседску раскажу ўсё цётцы...
— Далажы, далажы, так сказаць,— усміхнуўся.— Можа, лепш глядзець будзе. А то ўсё бурчыць, так сказаць, і бурчыць, што, можа, не толькі на чужых, але і на яе некалі мала глядзеў...
Зірнуў паўз Гэльку далей — там, за суседчынаю хатаю, стаяла апошняя з гэтага краю хацінка. Старой Стэфусіхі.
Стэфусіха — не мела ж ні каровы, ні якога парасяці — гэтаксама была ўжо, у такі золак, на дварэ. Сядзела пры плоце, на лавачцы. У старой канаплянцы, у чорным паўсачку, у доўгай, да зямлі, спадніцы. Але, як заўсёды, босая. Трымала паперадзе сябе кіёк, абапіраючыся на яго далоньмі. Тонкая, сухая, як старое дрэва.
Раўня ёй, лічы, стогадовай, была і яе сядзіба. Старыя, можа, за сто гадоў, ліпы (адна з іх, летась апаленая маланкаю, была ўжо напалавіну сухая, рыпучая), стары плот, аселая хатка з адным, як савінае вока, акном. Ля Стэфусіхі на лаўцы ляжаў стары рыжы кот.
Гаптар кіўнуў галавою старой — тая яшчэ добра ўсё бачыць і чуе. Стэфусіха кіўнула яму ў адказ.
За Стэфусішынай хатай, пасля велікаватага выгана-дзірвана, стаіць старая канюшня. Даўгаватая, з шасці ці сямі некалішніх гаспадарскіх гумнаў, накрытая ўжо счарнелаю і пагнілаю дранкаю. За астатнія гады вельмі пахілілася, дык яе летась падперлі бярвеннем.
Адвярнуўся, зірнуў на вёску: яна была як па далоні. Стаяла між лесу, на ўзгорку. Но ў адну роўную вуліцу, як суседнія Янковічы ці Пруды, а — паўкругам ці, лепш сказаць, падковаю. Таму і была ўся відаць. Дзе ні стой — кожную хату ўсё роўна ўбачыш.
— Дык падагнаць, красавіца, і тваю карову?
— Падганіце, дзядзька. Я пабягу печ падпальваць.
Зайшоў, махнуў дубцом — каб Гэльчына карова ішла да яго гурту. Пагнаў. Па вуліцы.
Відаць, паказаўся з-пад зямлі краёк сонца: высока ў неба пырснулі чырвона-жоўтыя промні. Паружавела паветра. Шыбы ў вокнах. А гэтаксама і раса па дзірване.
«Цёпла будзе,— падумаў.— Добра будзе расці і жыта, і картофля. І ў градах усё ды трава па лузе».
Мінуў два суцэльна зарослыя селішчы. Толькі сярод лопуху, крапівы шарэюць вяршкі камянёў. Тут некалі, да вайны, жылі яго стрыечныя браты. Цяпер такіх прозвішчаў ужо і няма ў Бабчыным Сконе. Звяліся.
Адгэтуль старая, пачарнелая, з упалым каменнем, яшчэ «польская», брукаванка выгіналася, зварочвала ўправа і падыходзіла да самага жоўтага пясчанага берага рэчкі.
Зверху, з дарогі, ён зірнуў туды, на мелкую, плыткую ваду: там, як у люстэрку, адбівалася шэрае неба, размаляванае ружовымі мазкамі яшчэ нябачнага сонца. І плавалі рудыя — Найдзёнавы — качкі.
Потым вуліца аддалялася ад рэчкі. Зноў — ужо абапал дарогі — былі пакінутыя селішчы. Яшчэ добра не зарослыя: іхнія гаспадары выбраліся ў Налібакі пазалетась. За гэтаю пусткаю стаяў стараваты, але яшчэ моцны Найдзёнаў дом. Крыху далей — хлеў, лазня. Яшчэ воддаль — грыбаварня. Ля яе бялеўся Найдзёнаў легкавік.
«Ужо некуды гойсалі! Ну і дападныя! Калі толькі і спяць яны? Але дачка іх, а мая нявестка, не пайшла па іх. Хітрая, гультаяватая. Залішне спеставаная на дабры...»