— Ну, браце, запаслівы ты. Во каго трэба было раскулачваць. Шапну каму трэба, калі надалей не будзеш дзяліцца.
Па бадзёрым тоне сябра Вадзім зразумеў, што, мусіць, усё абыдзецца. Аднак, паеўшы і падзякаваўшы Кастусю за пачастунак, Рыгор распавёў, да каго яго завялі, што вымагалі. Прыдраліся да аднаго неапублікаванага верша пра «шчаслівае» калгаснае жыццё. Твор той у рэдакцыі прытрымалі да лепшага часу. Але ж нехта перадаў гэты верш адпаведным службам, маючы на мэце падседзець рэдактара: во, маўляў, якіх аўтараў вы прывячаеце, выдаяце ім аванс.
— І гэта ўсё? — усклікнуў Карпік. — Такая дробязь.
— Не, не ўсё. Самае важнае прыбераглі на пасля. Абвінавацілі ва ўтойванні важнага факта біяграфіі.
— Што, з паліцаямі ў карты гуляў? — не мог супакоіцца Карпік. — Паслаў бы ты іх куды падалей.
— Ага, пашлеш. Усё ўпіраецца ў тое, што яны і праўда мяне падлавілі. Я не напісаў, што бацькі былі раскулачаны і рэпрэсіраваны. Маўляў, «сокрытие». А гэта ўжо прыроўніваецца да варожай дзейнасці. Карацей кажучы, адпусцілі, але будуць ставіць пытанне на камсамольскім сходзе, а па выніках абмеркавання — аб знаходжанні ва універсітэце.
Гэта было ўжо занадта. Узбуджаныя, хлопцы да раніцы не маглі заснуць. Ледзьве не праспалі першую лекцыю. На курсе яшчэ ніхто ні пра што не ведаў. Дзяўчаты па-ранейшаму слалі Рыгору пісулькі і не здагадваліся, як змрочна ў яго на душы. У перапынку ён паклікаў Вадзіма на глухую лесвіцу і, калі пераканаўся, што нікога побліз няма, шапнуў:
— Мяне хочуць завербаваць, каб стаў іхнім сексотам. Абяцалі адчапіцца і нават садзейнічаць у тым-сім.
— І што ты? — ад пачутага ў Вадзіма сцяло дыханне. — Згадзіўся?!
Рыгор апёк сябра гняўлівым позіркам.
— На падлянку я не здатны. Хай што хочуць робяць, хоць пад дула пісталета паставяць, але на хаўрус з падлюгамі не пайду.
У Вадзіма на нейкую хвіліну адлягло, але трывога за далейшы лёс сябра засталася. Як выкруціцца з гэтай сітуацыі, дзе шукаць выйсце?
Камсамольскі сход з пытаннем аб персанальнай справе Рыгора Сініцы быў прызначаны на наступны дзень. Большасць з курса, праходзячы каля дошкі аб’яў, паціскала плячыма. Чыя персанальная справа? Рыгора Отцы, іхняй славутасці? Мо гэта чый жарт? Яго ж і па вучобе, і па дысцыпліне ставяць у прыклад усім. Многія дзяўчаты, стоўпіўшыся ў вестыбюлі, даказвалі, што персанальная справа — гэта не абавязковае перамыванне костачак каго-небудзь. Мо ў персанальную справу Сініцы запісалі якую падзяку і хочуць агучыць перад усімі? Пыталіся ў старасты групы, але ён адмоўчваўся.
На сход прыйшлі дэкан і прафесар Удовін, сакратар камітэта камсамола Уладзіслаў Цярэшка, той кароткастрыжаны з органаў, які спрабаваў ударыць Вадзіма. Першы пачаў Цярэшка.
— Ваш курс, ды і не толькі ваш, добра ведае Рыгора Сініцу. Вось ён, прыгажун, сядзіць у першым радзе.
У аўдыторыі пачуліся дружныя воплескі. Многія дзяўчаты, а аўдыторыя была галоўным чынам дзявочая, падымаліся з месцаў, цягнулі галовы, каб лішні раз глянуць на паэта. Аднак Уладзіслаў Цярэшка, спрактыкаваны маладзёжны важак, добра пастаўленым голасам спыніў усякую самадзейнасць.
— Мы не ў тэатры і не ў цырку шапіто і воплескі тут недарэчныя, тым больш калі разбіраецца персанальная справа вашага равесніка камсамольца Сініцы.
— А што тут разбіраць? Мы яго як аблупленага ведаем. Выдатнік па ўсіх прадметах, з дысцыплінай у ладах, а творамі яго зачытваемся не толькі мы, — дзявочы голас з задніх радоў прымусіў Цярэшку разгублена зірнуць на дэкана, але той, паглыбіўшыся ў нейкія свае думкі, як бы нічога не чуў і не заўважаў.
— Таварышы камсамольцы! Спыніце гэты балаган. У нас сур’ёзная размова, а вы сваімі воклічамі перашкаджаеце весці сход. Дык вось, вы, пэўна, не ведаеце, што ён сфальсіфікаваў сваю біяграфію, альбо, калі быць дакладным, утаіў ад прыёмнай камісіі, што ён сын кулакоў. А яблык ад яблыні, як вы ведаеце па законах фізікі, не далёка падае. У анкеце ён напісаў, што бацькі загінулі ў першыя дні вайны і ён выхоўваўся ў бабулі. Вядома, у часе вайны загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў сотні тысяч, а то і мільёны нашых суайчыннікаў, і мы аддаём даніну памяці гэтым людзям. А бацькі Сініцы адседжваліся ў глыбокім тыле, і калі й памерлі — а гэта яшчэ трэба высветліць, так ці не, то невядома, з якой прычыны: мо спіліся, мо якую заразу падчапілі. Але не будзем пра іх. Кулакі сваё атрымалі па заслугах. А вось іхні выпладак ухітрыўся і школу закончыць, і ва універсітэт абманным шляхам уплішчыцца. Што ж гэта атрымліваецца? Тысячы і тысячы юнакоў і дзяўчат хацелі б заняць гэта ганаровае месца студэнта, але ім ходу не даюць больш вёрткія і хітрыя.