Цярэшка яшчэ б, мусіць, гаварыў і гаварыў, але ў аўдыторыі, якая дасюль зацята маўчала, пачуўся якісь гул, пасля і топанне нагамі. Камсамольскі важак аніяк гэтага не чакаў, разгублена сеў на месца і выцер хусцінкай узмакрэлы твар. Трэба было неяк уціхамірыць студэнтаў, і Цярэшка павярнуўся да дэкана, чакаючы яго помачы. Але той раптам ні з таго ні з сяго раскашляўся і выйшаў у калідор.
Устаў з-за стала прафесар Удовін.
— Сябры мае, хлопцы і дзяўчаты! — пайшоў ужо ў наступ чарговы прамоўца. — Ну, хто ж так паводзіць сябе? Што скажа рэктар? Звычайны камсамольскі сход не маглі правесці без эксцэсаў. А ён жа паслаў мяне да вас, каб растлумачыў сітуацыю і адносна вашага аднакурсніка, і наогул аб становішчы ў краіне і свеце. Вы ведаеце. — ён зноў гаварыў шмат і квяціста, бэсціў міжнародны імперыялізм, які развязаў халодную вайну, засылае да нас сваіх агентаў, каб разлажыць наша грамадства знутры.
— Але, — працягваў Удовін, — мы павінны быць пільнымі, разбірацца, што нам падсоўваюць для чытва, каб паказытаць нервы і паказаць, якія мы прынцыповыя і самакрытычныя. Нашто далёка хадзіць па прыклады, — прафесар строга паглядзеў у той рад, дзе сядзеў Сініца. — Вось верш вашага пачынаючага паэта, — з гэтымі словамі Удовін выняў з вялікага чорнага партфеля лісток рукапіснага тэксту, патрос ім у паветры. — Я не буду агучваць тое, што тут накрэмзана. Скажу адно: гэта суцэльнае ачарненне калгаснага ладу жыцця. Вядома, трэба крытыкаваць недахопы, але з пазіцыі сацыялістычнага рэалізму, з добрымі пачуццямі і намерамі. Дык вось толькі за адзін гэты верш я выключыў бы Сініцу з універсітэта, а найперш — з камсамола. Думаю, вы салідарна прагаласуеце, каб пазбавіць яго магчымасці насіць камсамольскі білет. Зрэшты, а ці насіў і носіць з сабой Сініца гэтую кніжачку? Хай бы паказаў.
Гэты раз аўдыторыя злавесна маўчала.
— Хто хоча выказацца па павестцы сходу? — зноў узняўся са свайго месца Цярэшка. — Смялей, смялей.
Гнятлівая цішыня нічога добрага не абяцала, і Цярэшка ліхаманкава прыгадваў прозвішча студэнта, які раніцай у прыватнай размове выказаўся ў тым плане, што Сініца надта ж высока пырхнуў, сваімі хаханькамі ды хіханькамі ўзбаламуціў увесь курс, усіх дзяўчат прыманьвае да сябе і нешта ім пашэптвае. Нарэшце памяць яго не падвяла, і Цярэшка гукнуў:
— Гайсёнак, відаць, меўся штось сказаць.
Усе пачалі варочаць галовамі, шукаючы Гайсёнка.
— А ў яго зубы разбалеліся, і ён пайшоў ірваць, — паднялася з-за парты тая чарнявая прыгажуня, на якую паклаў вока Рыгор.
Цярэшка пераглянуўся з прафесарам, той штось яму шапнуў, і камсамольскі важак абвясціў, што будуць галасаваць. Ён зноў стаў ва ўвесь рост, нават расцягнуў вузел гальштука і абвясціў:
— Хто за тое.
— Я хачу сказаць колькі слоў, — усхапіўся са свайго месца Вадзім.
— Во-во, хоць адзін смелы і прынцыповы знайшоўся, — парадаваўся Цярэшка. — Як тваё прозвішча?
Вадзім назваў сябе і прайшоў да трыбуны, звяртаючыся ў бок Цярэшкі, сказаў:
— Так, я заўсёды быў і застаюся прынцыповым. І з усёй прынцыповасцю мушу заявіць: такіх, як Рыгор Сініца, трэба шанаваць. Шанаваць як добрага чалавека, цудоўнага таварыша, выдатніка вучобы і ў рэшце рэшт як таленавітага паэта. Тут яго абвінавачваюць у нейкіх грахах. Ну, грэх ці грашок можа ёсць, бо ён не ўказаў, што сын рэпрэсіраваных бацькоў. Але хто-небудзь пацікавіўся, за што іх рэпрэсіравалі і саслалі на катаржныя работы? Не, не цікавіўся. А таварышу Цярэшку, перш чым ставіць пытанне, якое карэнным чынам магло б зламаць жыццё маладому здольнаму чалавеку, варта было б хаця патэлефанаваць у Стаўбуны, у райкам і райвыканкам, пацікавіцца, што за людзі былі жыхары вёскі Ператокі і за што іх раскулачвалі. Той ананімшчык, які данёс на іх, сам аказаўся найпершы п’яніца і паліцэйскі памагаты. Яго справядліва асудзілі. А наконт бацькоў Рыгора Сініцы пайшлі дакументы ў Маскву, у Прэзідыум Вярхоўнага Савета, аб іхняй пасмяротнай рэабілітацыі. Што ж тычыцца верша Рыгора, то я, на жаль, не чытаў, але ж неапублікаванае яшчэ не сведчыць аб факце ачарнення. Мы з Сініцам хадзілі ў канцы лета ў паход па берагах Нёмана, сустракаліся з дзесяткамі людзей, старшынямі калгасаў, былі на палях і фермах. Загадчыкі клубаў, ведаючы, што мы ўжо студэнты і пры тым філолагі, прасілі нас памагчы аформіць насценгазету. І давалі нам такія вострыя матэрыялы, што Рыгораў верш, пэўна, выклікаў бы ў афарміцеляў насценнага друку ўсмешку сваёй бесхрыбетнасцю. Дык што, іх таксама за гэта звальняць з працы?