Выбрать главу

— Ну і што, стрэлі такую?

— Ага, і не адну, але ён ад усіх нос варочае. Падай яму і багатую, і разумніцу, і прыгажосці незямной. Пераборлівы кавалер.

— А ты ў якасці свата? — падтрымлівала гульню дзяўчына.

— Гэты сват і сам рад, — Рыгор з цікавасцю разглядаў Люсю, параўноўваючы яе са сваёй чарняўкай. У думках аблаяў сябрука, што такую дзяўчыну, якая хінецца да яго, выпускае з рук. Даўно ўжо трэба было прыехаць і павініцца.

Стаяць доўга не выпадала, бо ношка, якую трымала Люся, адбірала ёй руку. Вадзім толькі зараз спахапіўся, памкнуўся перахапіць цяжкую сумку, але дзяўчына заўпарцілася:

— Мне гэта звычна. Мама папрасіла тое-сёе з Мінска прывезці. Хлеб, крупы, алей. У Радаве не ўсё бывае.

— То я паднясу да вашай хаты.

— Вяртацца назад нядобра. Вы ж некуды выправіліся. У Колі былі?

— І Колю, і Лільку бачылі. Нагаварыліся, наеліся і напіліся.

— А я галодная, то пабягу ўжо, хлопчыкі, — Люся наважылася пайсці.

— Пачакай, — усё ж перахапіў у яе сумку Вадзім. — Пагутарыць трэба. Ты, Рыгор, хочаш з намі, а хочаш — ідзі паціху, я пасля даганю.

— А хіба ж добра сябра кідаць аднаго?

Рыгор, кіўнуўшы Люсі галавой, ціха пакрочыў па вуліцы.

Неяк няёмка атрымліваецца, — дзяўчына была засмучана. — Разам, то і ўсюды разам. Гукні яго.

— Ён хоча нам паспрыяць. Мы ж знарок ехалі, каб цябе пабачыць, — горача шапнуў Вадзім. — Тады так па-дурному атрымалася. Не выпала мне прыйсці. А ты ж, пэўна, доўга чакала ў тым прывакзальным скверыку.

— Я? Чакала? Ты з некім мяне блытаеш. Можа, з кім іншым намячаў стрэчу, ды забыўся. У цябе ж там, на тваёй вучобе, паненак хоць адбаўляй. А што я? Вясковая няўдаліца.

— Не трэба, Люся. Хочаш, карай мяне самай страшнай карай, але я, апроч цябе, нікога не хачу бачыць. Тады і праўда не выйшла. Моцна хварэў, ляжаў пластом. А тут яшчэ над Рыгорам навісла пагроза выключэння з універсітэта. І з камсамола хацелі пагнаць. Ледзьве адбіліся.

— І за што яго так? — пачала змякчацца дзяўчына.

— О, доўгая гісторыя. Вечарам раскажу. Мы тут у Колі будзем начаваць, то мо сходзім куды разам. У вас жа танцы бываюць?

— На танцы і я хацела. Сто гадоў не была. Ладна, правядзі трохі і даганяй сябрука, — яна ўжо хораша, ажно сэрца ёкнула ў Вадзіма, усміхнулася.

Бліз дома, дзе жыла Люся з мамай, сястрой і братам (бацька яе, армеец, маёр, загінуў ці прапаў без вестак у першыя дні вайны дзесь на Беласточчыне), перадаў ёй груз, а заадно паклаў у сумку такую ж, як і Лільцы, каробку цукерак, паклаў так, каб яна не бачыла.

Танцы ні Вадзіму, ні Рыгору ані не спадабаліся. Рыгор дык наогул сумаваў, хоць дзяўчаты і зіркалі на новага пагляднага кавалера. Яны стаялі паблізу дзвярэй ля ўваходу, бо ўсярэдзіну было не пратаўхнуцца. Рэзала па вушах музыка і, здавалася, лопнуць перапонкі. Вадзім прыгадаў, як ладзілі хлопцы танцы на беразе Нёмана ў выхадныя і святочныя дні. Во там была музыка! Скрыпка, баян, цымбалы, духавыя інструменты. Яшчэ з раніцы выбіралі роўную пляцоўку бліжэй да вады, агароджвалі бярозкамі, перавітымі вяроўкамі. Калі заходзіла сонца і дома было ўсё пароблена, сюды сцякалася моладзь з усіх мікуліцкіх вуліц, з зарэчных вёсак і нават хутароў. Пажылым і сярэдніх гадоў кабетам таксама цікава было завітаць сюды, паглядзець на танцораў, паслухаць музыку. У Жорнаўцы, калі стаялі ціхія лагодныя вечары, таксама было ўсё чутно, хоць адлегласць трохі глушыла выразнасць гукаў. Вадзім, бы тая бедная сірата, стаяў за агароджай. Папершае, у яго не было грошай, а па-другое, дасюль не развучыў ніводнага танца і часам зайздросціў тым хлопцам, якія ўмелі закруціць і віхурную польку, і гапака адбіць абцасамі, што ажно пыл курэў пад нагамі. Хлопец не ведаў, ці захапляюцца тыя танцоры музыкай, а вось яму народныя мелодыі гаілі душу, давалі магчымасць забыцца пра ўсё ліхое. І ўзносілі ажно да саменькіх нябёсаў.

Тут, на радаўскіх танцульках, было іншае. Не слухаць, а бегчы як мага далей ад гэтай какафоніі зычнага, акурат бычыны рык, грукату, лязгату... А Люся. Яна, відаць, звыклася з тым, што ёсць, тым больш, калі не бачыла і не чула нічога лепшага.

Адзін разгарачаны, пара з сарочкі вярнула, дзяцюк запрасіў яе на нейкі вельмі хуткі танец. Дзяўчына сумелася, глянула на Вадзіма: ісці ці не ісці? Вадзім ледзь прыкметным кіўком галавы даў зразумець, што яны дзеля гэта­га і стаяць тут. Люся хуценька зняла верхнюю апратку, застаўшыся ў адной спаднічцы і кофтачцы, перадала ў рукі Вадзіму.

Спачатку яны, Люся і гэты хмыр, выраблялі крандзялі непадалёку. У Люсі атрымлівалася па-дзявочы зграбна і хораша, а спацелы хмыр танцаваў, бы слон, часам збіваўся з такту, і тады дзяўчына моршчылася ад болю: відаць, сваімі грамакамі ён таптаўся па яе нагах. Хутка яны зніклі з яго поля зроку. Тады Вадзім павярнуўся да сябра: